Фота з сайта orsha.eu

Сяржук Доўгушаў і Аляксандр Ясінскі хочуць выступіць у Оршы з новай праграмай, але ідэолагі ў трэці раз адмяняюць канцэрт, паведамляе сайт orsha.eu.

Здзіўленне выклікае тое, што ў творчасці Доўгушава і Ясінскага няма нейкай палітыкі, пра якую так любяць казаць аршанскія ідэолагі. У песнях выкарыстоўваюцца вершы славутых паэтаў Анатоля Сыса і Уладзіміра Караткевіча. У Оршы, Барані, Балбасаве, Тарчылаве і іншых мясцінах Аршаншчыны жыве нямала прыхільнікаў творчасці Сержука Доўгушава. Яшчэ ў снежні канцэрт з прэзентацыяй альбома “Дарогі” планаваўся ў Гарадскім цэнтры культуры. Не паспелі надрукаваць афішы, як установа спаслалася на нейкія праблемы і адмовілася прымаць канцэрт. Затым была другая спроба, канцэрт быў запланаваны на 9-га лютага на 19:00. Але і тут ГЦК даў “задні ход”, у раскладзе ўстановы знянацку апынуліся новыя і, верагодна, “больш цікавыя” мерапрыемствы.

Урэшце, у справу ўмяшаўся дырэктар Белдзяржфілармоніі, які дапамог з пошукам новага месца, ім аказалася Дзіцячая школа мастацтваў №2. Разам з месцам змяніўся і час пачатку імпрэзы – 16:00. Зноў былі пушчаныя сродкі і час на друк афішаў, на невялічкую рэкламу канцэрту, але пад вечар 30-га студзеня без тлумачэння прычынаў канцэрт адмянілі ў трэці раз!

Кіраўніцтва ДШМ № 2 адмовілася каментаваць прычыны адмены. Сяржук Доўгушаў падкрэслівае, што Орша – адзіны горад, дзе адмяняюць яго выступы, і называе сітуацыю здзекам. У 2016 нечакана адмянілі ягоны выступ у музеі Караткевіча, які на той момант перастаў быць паўнавартасным асяродкам беларускай культуры. Цяпер тройчы адмяняецца канцэрт ужо ў 2018 годзе, але на іншых пляцоўках. Спявак спадзяецца  ўсё яшчэ знайсці месца для выступу.

У лютым у Сяргея Доўгушава і Аляксандра Ясінскага запланаваны тур па розных гарадах Беларусі з прэзентацыяй альбома “Дарогі”. Гэта першы супольны альбом музыкаў, які складаецца з аўтарскіх песень на вершы паэта Анатоля Сыса і Уладзіміра Караткевіча. Сяржук Доўгушаў напісаў гэтыя песні на сваёй малой радзіме — Аршаншчыне — у перыяд з 2011 па 2013 год, а ў 2016 годзе песні загучалі ў дуэце з Аляксандрам Ясінскім. У альбом таксама ўвайшла народная палеская песня «Ой, жураўко», песня на польскім дыялекце «Тры сіроты» і аўтарская песня А. Ясінскага «Цягнікі».

Канцэрты дуэта ўжо адбыліся ў Чэхіі, Польшчы (на фестывалі «Бардаўская восень»), а таксама Сяржук Доўгушаў прэзентаваў частку гэтай праграмы ў Чыкага і Нью-Йорку. У Мінску альбом «Дарогі» будзе прэзентаваны 8 лютага.

Аршанскія ідэолагі трэці раз адмяняюць канцэрт "Дарогі"