1 лютага на шырокі экран выходзіць новы беларускі фільм “У асабістую прастору ўваход забаронены”. Пра фільм і працу над ім распавяла яго рэжысёр – Аляксандра Бутар.

– Вы вядомыя як рэжысёр фільмаў “Белыя росы. Вяртанне” і “Салодкае развітанне Веры”. Чым ваш новы фільм “У асабістую прастору ўваход забаронены” адрозніваецца ад вашых іншых прац і чым ён адметны?

– У гэтай кінастужцы многае для мяне ўпершыню. Я ўпершыню выступаю як прадзюсар. А гэта значыць, што ў фільм укладзены мае ўласныя сродкі і сродкі партнёраў, якіх я знайшла для гэтага праекта. Увогуле, фільм зняты без дзяржаўнай падтрымкі, зусім самастойна, невялікай здымачнай групай у 15 чалавек і ў кароткі тэрмін. Гэта першы поўнаметражны фільм, які зняты маёй кампаніяй “Тэрыторыя кіно”. Упершыню на экране побач з прафесійнымі акцёрамі галоўныя ролі згулялі ўдзельнікі нашай кінашколы – Сцяпан Ляткоўскі і Кацярына Самойла.

“Пра комплексы, якія замінаюць нам быць шчаслівымі”. Новы беларускі фільм
Аляксандра Бутар, фота з сацыяльных сетак

– У чым ідэя фільма?

– Яна вельмі простая. Галоўны герой – малады таленавіты праграміст, выдатнік, выгадаваны строгай мамай, прызвычаіўся ўсё і заўсёды рабіць акуратна і правільна. Таму першая ж неістотная памылка ў працы становіцца для яго сапраўднай трагедыяй. Ён не можа сабе гэтага прабачыць і спрабуе “ўцячы”. Але на закінутай станцыі ў лесе сустракае дзяўчыну, якая ўмешваецца ў яго “асабістую прастору” і прымушае нашага героя “адкрыцца жыццю”. Кіно пра тое, што жыць – гэта не толькі “быць ідэальным” і “заўсёды перамагаць”. Жыць – гэта здзяйсняць памылкі, рызыкаваць, пераадольваць цяжкасці, мець зносіны, улюбляцца, цешыцца дробязям.

– Вы здымалі фільм без фінансавай падтрымкі з боку дзяржавы. А праца гэта даволі накладная. Як у вас атрымалася давесці праект да завяршэння?

– Сапраўды, кіно – гэта дарагое задавальненне. Асабліва поўны метр. Асабліва з прафесійнай камандай і акцёрамі. Гэта не проста ўзяць тэлефон і пайсці здымаць сяброў. Тут трэба вельмі добра арыентавацца ў вытворчасці, у планаванні, у кошце апаратуры, працоўнага дня людзей і г.д. Я ганаруся сабой як прадзюсарам у тым плане, што ні рубля не было выдаткавана на гэтым праекце дарма. Усё было прадумана, пралічана і аддадзена толькі на справу. Адпаведна гэта дапамагло мне і як рэжысёру. Што задумана – тое знята. Нічога не страчана з-за дрэннай арганізацыі ці недахопу фінансавання.

– Фільм з’яўляецца рамантычнай камедыяй, якіх, дарэчы, айчыннаму сінема вельмі бракуе. Як Вам прыйшла ў галаву ідэя фільма?

– Год таму мы з Юляй Гірэль, маім сталым сааўтарам сцэнароў, напісалі п’есу “397 капучына” – мой тэатральны эксперымент. Я паставіла гэту п’есу на пляцоўцы кафэ. Галоўную ролю выконваў музыка гурта “Тяни-Толкай” Павел Тараймовіч. Спектакль ішоў вельмі паспяхова. Гэта была незвычайная форма – кафэ было як гатовая дэкарацыя, а наведвальнікі знаходзіліся як бы ўсярэдзіне сюжэту і дапамагалі герою-бармэну дамагчыся мэты. “Асабістая прастора” была наступнай такой задумкай. Але зірнуўшы на п’есу, мне здалося, што я магу паспрабаваць зняць гэту камерную гісторыю. І мы за пару тыдняў перапісалі п’есу ў кінасцэнар. А тэма там мая любімая – комплексы, якія замінаюць нам быць шчаслівымі!

– Колькі часу заняла праца над фільмам і якія складанасці ўзнікалі падчас здымачнага працэсу? Можа ўзгадаеце якія недарэчныя або смешныя гісторыі?

– Любы акцёр ці супрацоўнік нашай здымачнай групы скажа, што гэта былі лёгкія здымкі. Было хмурнае лета ў 2017-м, але менавіта на нашы два тыдні выйшла сонца. Дзякуй яму! Яно працавала для нас як галоўны асвятляльны прыбор. Наш аператар лавіў яго адбівальнікамі з усіх бакоў, і такім чынам кадры проста купаюцца ў сонцы. А рамантычная гісторыя павінна быць візуальна такой паветранай, сонечнай. Як толькі мы знялі апошні кадр гэтага фільма, сонца зайшло. Усё ўспамінаюць гэта як цуд. Адмыслова для фільма мы набылі старую савецкую “Волгу” – на ёй ездзяць нашыя фельчары (акцёры Сяргей Жбанкоў і Ганна Палупанава). І з гэтай “Волгай” было, як з сонцам. Яна ад’ездзіла ўсе патрэбныя здымачныя дні і стала колам. Мы дагэтуль яе не забралі – яна так і засталася ў сядзібе пад Смаргонню, дзе мы здымалі. На ёй нават медыцынскія налепкі яшчэ ёсць.

– Дзе праходзілі здымкі?

– Мы здымалі ў Мінску, пад Мінскам – у Тарасава і Заслаўлі, а затым з’ехалі ў камандзіроўку ў выдатную сядзібу на ўзгорках пад Смаргонню. Гэты аб’ект мы шукалі амаль месяц, аб’язджалі розныя прыгожыя месцы, пакуль не знайшлі такое – паміж небам і зямлёй, з раскошнымі глыбокімі фонамі. Месца, дзе жыццё кіпіць у самай прыродзе. А кіно ж менавіта пра гэта – пра жыццё, якая б’е крыніцай!

– Ці намагаліся Вы паказаць у фільме нешта большае, чым тое, што дазваляе зрабіць заяўлены жанр?

– Хоць гэта і лёгкая рамантычная камедыя, мы закладвалі ў яе глыбокія рэчы. Я пра іх ужо сказала. Гэта раны, якія нам наносяць бацькі залішнім клопатам, гэта нашы страхі “як бы чаго не зрабіць, а то ці мала што”, гэта забароны іншым і сабе “жыць і быць шчаслівымі”.

Як Вы лічыце, ці могуць галоўныя дзеючыя асобы Вашага фільма – спявачка і айцішнік – быць увасабленнем герояў нашага часу?

– Яна не спявачка, а звычайная правінцыйная дзяўчынка, якая жадае сапраўднага кахання, але як і ўсе маладыя людзі, абпальваецца. Таму што вельмі адкрытая. І ён жадае кахання і таксама пакутуе. Таму што наадварот, занадта зачынены. У мяне дачка такога ўзросту. Прыкладна тое ж адбываецца ў яе жыцці. І з усімі падлеткамі, з кім я працую ў кінашколе. Гэтыя дзеці сапраўды стануць іх героямі! Ужо сталі!

– Як сябе падчас здымкаў паказалі акцёры Сяргей Жбанкоў і Ганна Палупанава? Ці бачыце іх у сваіх будучых карцінах?

З Сярожам гэта ўжо другая карціна, з Аняй – трэцяя. Гэта мае любімыя беларускія артысты і, вядома, я збіраюся і надалей з імі працаваць. У “Асабістай прасторы” я выканала сваю таемную мару – здымаць іх як пару! Гэта вельмі хораша. Абодва таленавітыя, выдатныя, пачуццёвыя! І вельмі кранальныя.

Поделиться: