Таксама запланаваны сустрэчы Хана з прэм’ер-міністрам Андрэем Кабяковым і міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем. На сустрэчах будуць абмяркоўвацца «канкрэтныя задачы, узгодненыя на саміце Усходняга партнёрства, і паглыбленне адносін паміж ЕС і Беларуссю». «Гэта таксама будзе адлюстравана ў новых прыярытэтах партнёрства паміж ЕС і Беларуссю, якія будуць вызначаць далейшае супрацоўніцтва ў найбліжэйшыя гады. Камісар таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыі і ўдзельнікамі праекта МОСТ», — падкрэслілі ў прадстаўніцтве, паведамляе БелаПАН.

«З часу майго апошняга візіту ў 2015 годзе адносіны паміж ЕС і Беларуссю развіліся, і мы значна пашырылі сваё супрацоўніцтва, — цытуе Хана прадстаўніцтва Еўрасаюза. — ЕС павялічыў падтрымку мер па развіцці рэгіёнаў і прыватнага сектара, падтрымку грамадзянскай супольнасці, а таксама дапамогу ў сферы энергаэфектыўнасці. Намаганні ЕС і далей будуць канцэнтравацца на актывізацыі ўзаемадзеяння з усімі сегментамі беларускага грамадства».

«Мой візіт будзе засяроджаны на адносінах паміж ЕС і Беларуссю, правах чалавека, а таксама рэгіянальным супрацоўніцтве і сумесна дасягнутым прагрэсе ў рэалізацыі дакумента «20 канкрэтных задач да 2020 года», якія закліканы забяспечыць пэўныя паляпшэнні ў паўсядзённым жыцці беларускіх грамадзян», — адзначыў еўракамісар.

Візіт Хана ў Беларусь раней планаваўся 17 кастрычніка 2017 года, але быў перанесены ў сувязі з нечаканымі пытаннямі, якія ўзніклі пры падрыхтоўцы пасяджэння Еўрапейскага савета ў Бруселі (адбылося 19—20 кастрычніка). Ёханес Хан сустрэўся з Андрэем Кабяковым 27 кастрычніка ў Люксембургу.