Днямі прайшла жараб’ёўка новага турніру УЕФА – Лігі нацый. Як вядома, футбольная зборная Беларусі трапіла ў самую слабую лігу D. Яе склад такі: Беларусь, Люксембург, Малдова і Сан-Марына.

Дарэчы, падчас апошняга адборачнага турніру да чэмпіянату свету беларусы, якія занялі апошняе месца ў групе, змаглі ўзяць у двух матчах з камандай Люксембурга толькі адно ачко…

– Нашы сапернікі не адносяцца да ліку мацнейшых, таму ёсць шанц пазмагацца ў групе за першае месца, – адзначае Вадзім Дзмітрыевіч. – Усе тры каманды мы добра ведаем, хаця з люксембуржцамі ў беларусаў, як вядома, асаблівая “любоў”. Але, калі ты нечага варты, то дакажы, што паражэнне ад зборнай Люксембурга ў адборачным турніры – гэта ўсяго толькі выпадковасць. Вось шанц – паказвай сваю сілу.

– Не сорамна выступаць у турніры, дзе сабраліся, як кажуць, каманды-няўдачнікі?

– Што зробіш, калі беларускі футбол у апошні час знізіў свае міжнародныя рэйтынгі. Хаця гэта адназначна сёння не наша месца, мы павінны быць значна вышэй. На жаль, пакуль маем тое, што маем.

– А чаму зборная Беларусі пакацілася ўніз?

– Вы ж паглядзіце, што зараз зусім няма беларускіх футбалістаў, якія выступалі б у топавых еўрапейскіх клубах. Нават за расійскія альбо ўкраінскія клубы, дзе ўзровень чэмпіянатаў усё-такі вышэй, нашых таксама няшмат. А калі няма практыкі ігракоў у моцных клубах, то адкуль чакаць высокіх вынікаў зборнай?

– Ці патрэбны такі турнір, як Ліга нацый?

– Як кажуць, на бязрыб’і – і рак за шчасце. Прагназуецца, што турнір дапаможа ўзняць інтарэс да футбола ў краінах, якія будуць удзельнічаць у Лізе нацый. Але пабачым, што атрымаецца…

ДАРЭЧЫ

Расклад матчаў зборнай Беларусі ў Лізе нацый:

8 верасня: Беларусь–Сан-Марына, Люксембург–Малдова;

11 верасня: Малдова–Беларусь, Сан-Марына–Люксембург;

12 кастрычніка: Беларусь–Люксембург, Малдова–Сан-Марына;

15 кастрычніка: Беларусь–Малдова, Люксембург–Сан-Марына;

15 лістапада: Сан-Марына–Малдова, Люксембург–Беларусь;

18 лістапада: Малдова–Люксембург, Сан-Марына–Беларусь.

Поделиться ссылкой: