Некалькі дзён таму магілёўскі гісторык-археолаг Ігар Марзалюк, які з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў, падчас пасяджэння “круглага стала”, што праводзіўся ў рэдакцыі газеты “Звязда”, заявіў літаральна наступнае (цытую паводле афіцыйнага сайта):

“Нельзя только создателей БНР считать правопреемниками идей 1-го Всебелорусского съезда. Более того, демократического мандата и легитимной правопреемственности с Всебелорусским съездом Рада БНР на самом деле не имела, так как Всебелорусский съезд никогда требований независимости не озвучивал. Легитимным преемником и продолжателем идей Всебелорусского съезда был Белнацком. Да, съезд разогнали большевики Западного фронта, так как не хотели делиться властью с представителями белорусского народа. Но съезд сумел состояться и быть таким представительным именно потому, что большевистское центральное руководство, а точнее – лично Ленин и Сталин, поддержало его проведение.

Як на маю думку, чалавек з дыпломам гісторыка, а пагатоў – доктар навук, павінен умець глядзець на падзеі мінуўшчыны не ў адрыве ад іх шырокага кантэксту. Хоць я і не прафесійны гісторык, але дазволю сабе заўважыць, мякка кажучы, недахоп логікі ў вышэйпрыведзеным выказванні Ігара Марзалюка.

Па-першае, існуюць дакументы (і я іх цытаваў у папярэдніх публікацыях), якія сведчаць пра тое, што на згаданым з’ездзе пытанне незалежнасці Беларусі ўздымалася і даволі актыўна абмяркоўвалася. Па-другое, Ігар Марзалюк пярэчыць сам сабе: калі бальшавікі паважалі з’езд і яго ўдзельнікаў, то навошта яны гэты з’езд разганялі? Па-трэцяе, сучаснік тых падзей Фёдар Турук у сваёй не раз ужо намі згаданай раней працы “Белорусское движение” напісаў літаральна наступнае: “Почти все белорусские национальные и партийные организации, в том числе и оставшийся после разгона съезда Совет Старейшин, объявивший себя 18 декабря (1917 года паводле юліянскага календара. – Л.Б.) исполнительным органом («Советом съезда»), имеющим право самопополнения делегатами от землячеств и других групп съезда, переходят на положение нелегального существования; всякое проявление белорусского движения берется под подозрение как реакционное, национал-шовинистическое. Пра якую “легітымную” дзейнасць на карысць беларускай справы і дзяржаўнасці (у тым ліку і Белнацкама, да сутнасці якога мы яшчэ пазней вернемся) з боку бальшавікоў тады наогул можа ісці гаворка? Гэта было б тое самае, калі б, напрыклад, кіраўнікі БССР у 1942-м ці ў 1943 годзе паехалі ў Берлін да Адольфа Гітлера, каб атрымаць у апошняга дазвол на вядзенне партызанскай барацьбы ў Беларусі!

А цяпер пра шырокі кантэкст тых падзей, якога “не заўважыў” спадар Марзалюк. Разважаючы пра гісторыю вельмі няпростага працэсу абвяшчэння асобнай і самастойнай беларускай дзяржавы ў 1918 годзе, нельга абмінуць праблему савецка-нямецкіх перамоў, якія вяліся ў Брэсце, як мы памятаем, пачынаючы з 9 (22) снежня 1917 года – гэта значыць у той час, калі ў Мінску ўжо сабраліся і актыўна працавалі дэпутаты Першага Усебеларускага з’езда.

Беларускія савецкія (і нават некаторыя постсавецкія) гісторыкі з непрыхаваным неразуменнем, а тое і з абурэннем гаварылі пра непахісную пазіцыю кайзераўскай Германіі на брэсцкіх перамовах: маўляў, яны, сякія-такія, не дапусцілі на перамовы ніякіх прадстаўнікоў ад Беларусі. Пры гэтым традыцыйна замоўчваўся факт, што імперскія палітыкі тагачаснай Германіі ў гэтым пытанні папросту не хацелі “крыўдзіць” бальшавікоў. Вядомыя сёння бязлітасныя дакументы сведчаць пра тое, як у 1917 годзе кайзераўскія спецслужбы актыўна падтрымлівалі і фінансавалі прыход да ўлады ў Расіі менавіта бальшавіцкай партыі. У сакрэтнай запісцы начальніка берлінскай секцыі палітычнага аддзела кайзераўскага Генеральнага штаба на адрас германскага МЗС за 17 (30) сакавіка 1917 г. чытаем наступнае (тут і далей пераклад з нямецкай мовы наш. – Л.Б.): “Вялікая колькасць рускіх, якія жывуць у эміграцыі ў Швейцарыі, хацелі б вярнуцца на Радзіму. Антанта ў прынцыпе з гэтым згодная; толькі частка прыхільнікаў рускіх рэвалюцыйных партый, якія выступаюць пры гэтым за неадкладнае заключэнне міру, пад ціскам Англіі не выпускаецца са Швейцарыі” (факсімільная копія гэтай і наступнай запісак апублікавана расійскім гісторыкам Акімам Аруцюнавым). Далей у згаданай запісцы прапануецца вырашыць пытанне аб пропуску ў Расію праз тэрыторыю Германіі групы палітыкаў з ліку бальшавікоў, эсэраў і бундаўцаў. У “апламбіраваным вагоне”, які пасля Германіі яшчэ праехаў праз тэрыторыю Швецыі і Фінляндыі, 3 (16) красавіка ў Расію прыбыла 31 асоба, на чале з бальшавіцкімі дзеячамі Леніным, Зіноўевым (з жонкамі), Інесай Арманд, а ў тым ліку агенты нямецкага Генеральнага штаба Андэрс (псеўданім – Рубакоў) і Эрых (Ягораў). У данясенні нямецкага Генеральнага штаба за 8 (21) красавіка 1917 г. (№ 551) кайзераўскі ўрад атрымаў наступную інфармацыю: “Штайнвакс тэлеграфаваў са Стакгольма 17 красавіка: “Прыезд Леніна ў Расію ўдаўся. Ён працуе цалкам паводле нашых пажаданняў. Праз пэўны час Уінстан Чэрчыль у сваіх нататках запіша: Немцы адчулі радаснае трапятанне, калі павярнулі супраць Расіі самы жахлівы від зброі. Яны завезлі Леніна са Швейцарыі ў Расію, як бацылы чумы, у закрытым вагоне”.

Але нямецкія ўлады не проста даставілі бальшавіцкіх правадыроў да месца прызначэння: яны шчодра фінансавалі іх антыўрадавую дзейнасць. Нямецкі сацыял-дэмакрат Эдуард Бернштэйн пазней у артыкуле “Цёмны капітал Варвурыса”, апублікаваным у газеце “Форвертс”, засведчыць: “Цяпер я з абсалютна надзейных крыніц высветліў, што гаворка ішла пра велізарную суму – несумненна большую за пяцьдзясят мільёнаў залатых марак, г.зн. пра такую агромністую суму, што ў Леніна і яго таварышаў не магло быць аніякага сумневу наконт таго, з якіх крыніц гэтыя грошы ішлі.

Адным з вынікаў гэтага была Брэст-Літоўская дамова”.

(Для даведкі: вартасць тагачаснай адной залатой маркі на той час адпавядала 0,36 г чыстага золата: выходзіць, што бальшавікі атрымалі на сваю “плённую працу” ад нямецкага ўрада каля 18 тон золата!)

Дарэчы, Бернштэйн прапаноўваў бальшавікам і іх нямецкім сатэлітам прыцягнуць яго да германскага суда “або да суда Сацыялістычнага Інтэрнацыяналу”, калі яны лічаць, што ён падаў несапраўдныя звесткі. Але ані расійскія бальшавікі, ані нямецкія камуністы “чамусьці” гэтага рабіць не сталі… У сярэдзіне 40-х гадоў былі раскрыты архівы германскага Міністэрства замежных спраў, у якіх змяшчаліся адпаведныя распіскі на атрыманне грошай, падпісаныя ўпаўнаважанымі бальшавікамі.

Зрэшты, у грунтоўнай працы “Утопія ва ўладзе”, напісанай дактарамі гістарычных навук Міхаілам Гелерам (у эміграцыі – прафесар Сарбоны) і Аляксандрам Некрычам (пасля выезду з СССР – навуковы супрацоўнік Гарвардскага ўніверсітэта), гаворыцца наўпрост: Проблема немецких денег, которая так волнует историков – проблема этическая. Для Ленина, буржуазной морали не признававшего, вопроса: брать или не брать? – не было”.

Усяго гэтага пасланыя ў Брэст  на пачатку студзеня 1918 г. наіўныя дэлегаты выканкама Усебеларускага з’езда, натуральна, не ведалі…

Лявон Баршчэўскі, кандыдат філалагічных навук.