На парламенцкіх выбарах 2008 года, працуючы ў органах унутраных спраў, падпалкоўнік Мікалай Казлоў сам выкрыў фальсіфікатараў. Сёлета ён балатуецца кандыдатам у Мінскі гарадскі Савет. Ці ёсць у яго і яго каманды магчымасць “перакрыць кісларод” тым, хто, не выключана, паспрабуе ператварыць выбары ў фарс?

– Мікалай, колькі ў вашай акрузе участкаў для галасавання?

– 14, як і практычна па ўсіх акругах Мінска.

– Ці ва ўсіх участковых выбарчых камісіях ёсць людзі, у сумленнасці якіх вы ўпэўнены і якіх можаце папрасіць пракантраляваць ход кампаніі ў адпаведнасці з заканадаўствам, як кажуць, знутры?

– Канешне, не. Мы спрабавалі дэлегіраваць нашых прадстаўнікоў ва ўсе 14 участковых выбаркамаў акругі, прапаноўвалі людзей пісьменных, добра знаёмых з перадвыбарнай кухняй – былых дэпутатаў Вярхоўнага Савета, вопытных юрыстаў. Але ніводны з іх уключаны не быў! Мне смешна, калі Ярмошына ці яе памагатыя кажуць, што прадстаўнікі незалежных кандыдатаў не праходзяць па конкурсе, бо не адпавядаюць нейкім там патрабаванням. Хто не адпавядае? Аляксандр Дабравольскі? Анатоль Лябедзька? Антаніна Кавалёва, якая зараз якраз займаецца законапраектам па выбарах, які прапаноўвае АГП? Сораму няма ў спадарыні Ярмошынай…

Я прысутнічаў 3 студзеня ў адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска на спектаклі – інакш назваць не магу, – калі зацвярджаліся ўчастковыя камісіі. Усе там мелі гатовыя спісы і ў адпаведнасці з гэтымі спісамі галасавалі з хуткасцю кулямёта, без прамашкі выкошваючы прадстаўнікоў нашай партыі.

– Вы не спрабавалі аспрэчыць гэтае рашэнне?

– Яшчэ як спрабаваў! Звяртаўся ў суд. У скарзе мне адмовілі, маўляў, у камісіях ёсць прадстаўнікі розных партый, а што ад АГП ніхто не трапіў – бывае… Але я ўпэўнены, што ў камісіі ўключаны, як правіла, людзі з аднаго і таго ж працоўнага калектыву, узначальваюць іх начальнікі, ад якіх яны залежаць. Пасля суда я звярнуўся ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна з заявай, каб мяне азнаёмілі з дакументамі па складах камісій. Мне было адмоўлена, і я маю намер зноў ісці ў суд.

Таксама я засяроджваў увагу на тым, што ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам склад участковай камісіі можа быць павялічаны да 19 чалавек, і прапаноўваў гэта зрабіць. Дапусцім, іншыя партыі вылучылі ў камісіі годных людзей, але ж і нашы кандыдаты не горшыя. Каб не было ніякіх пытанняў ні ў апазіцыі, ні ў грамадскасці, ні ў еўрапейскіх структур, проста павялічце склад камісій. Але ж не! Тады ж вынікі галасавання не сфальсіфікуеш!

– У такім выпадку, які заслон вы можаце паставіць усялякага кшталту фальсіфікацыям?

– Мы рыхтуем назіральнікаў, і пастараемся, каб увесь перыяд, калі будзе ісці датэрміновае галасаванне і ў дзень асноўнага, яны дзяжурылі на ўсіх 14 участках маёй акругі. Назіральнікі будуць лічыць яўку, адсочваць сітуацыю на ўчастках. Думаю, гэтага цалкам дастаткова, каб зрабіць высновы пра тое, як праходзяць выбары.

– А ці не пайсці такім шляхам: вы падымаеце на ногі ўсіх сябраў вашай гарадской партыйнай арганізацыі і з першага дня датэрміновага галасавання наладжваецца кругласутачны кантроль-назіранне на некалькіх найбольш буйных выбарчых участках. Днём вашы прадстаўнікі, мяняючыся праз кожныя тры-чатыры гадзіны, адсочваюць сітуацыю ў зале, дзе стаяць урны, а з вечара і да раніцы дзяжураць ля ўсіх уваходаў і выхадаў, каб ні адна пабочная асоба не пранікла ў памяшканне і не зрабіла крымінальны ўкід бюлетэняў альбо наогул не замяніла урны… Калі на кругласутачна кантралюемых участках вынікі галасавання будуць значна адрознівацца (вядома ж, у лепшы бок) ад усіх астатніх, тады вы зможаце на ўвесь свет заявіць аб нелегітымнасці выбараў у сувязі з фальсіфікацыяй.

– Гэта больш падобна на сцэнарый дэтэктыву. Рабіць гэтага мы не будзем таму, што ва ўлад значна больш магчымасцяў для процідзеяння – у яе ёсць апараты МУС, КДБ, МНС… У гэтым сэнсе канкурыраваць з уладай мы не зможам. Ды, думаю, і не трэба.

– Калі арганізоўваць кругласутачнае назіранне на шэрагу ўчасткаў лічыце немэтазгодным, то ці мяркуеце вы прыбегнуць да пераліку бюлетэняў ужо на наступны дзень пасля галасавання? Такую магчымасць прадастаўляе выбарчае заканадаўства…

Гэта не першыя выбары ў краіне, якія праводзіць Ярмошына са сваёй камандай. Колькі было выпадкаў, калі людзі абураліся вынікамі галасавання, патрабавалі пераліку. Усё марна. Нескладана зрабіць высновы, што ніхто такой магчымасці нам не дасць і ў гэты раз. Калі яны захочуць сфальсіфікаваць вынікі выбараў – яны гэта зробяць. Адзінае, што мы можам супрацьпаставіць, – фіксаваць факты фальсіфікацый і казаць пра іх услых на ўсю краіну, на ўсю Еўропу.

Ад рэдакцыі

Вось такая пазіцыя ў Мікалая Казлова – аднаго з кандыдатаў у дэпутаты Мінскага гарадскога Савета. Цікава, а што думаюць на гэты конт іншыя прэтэндэнты на дэпутацкі мандат? Магчыма, адгукнуцца і шараговыя чытачы “Народнай Волі”. Рэдакцыя гатова да працягу размовы на актуальную тэму.