Мароз без сонца – дзень працоўны. Такой выдалася гэтая серада для кандыдата ў дэпутаты ад Аб’яданай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, да якога далучыліся іншыя прадстаўнікі правацэнтрыскай кааліцыі – кандыдаты ў дэпутаты старшыня руха “За свабоду” Юрась Губарэвіч і актывіст аркамітэта па стварэнні “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі” Пётр Папраўка.

24 студзеня, роўна апоўдні, мінус 10 па Цэльсію, на пляцоўцы ля крытага Камароўскага рынка з’явіўся старшыня АГП Анатоль Лябедзька – давераная асоба Мікалая Казлова.

Да з’яўлення Лябедзькі ў гэтым месцы Мінска пра выбарчую кампанію дэпутатаў мясцовых Саветаў напамінаў толькі інфармацыйны стэнд. Дарэчы, інфармацыйных матэрыялаў пра Мікалая Казлова на гэтым стэндзе пакуль не было – тыпаграфія, у якую звярнуўся палітык, пакуль марудзіць з выкананнем заказа.

Узняўшы некалькі бел-чырвона-белых сцягоў, Лябедзька разам з некалькімі партыйнымі актывістамі расклаў драўляны стол, на які былі выстаўлены пустыя трохлітровыя слоікі. Слоікі аказаліся няпростымі, а з надпісамі: “Новыя працоўныя месцы”, “Ахова здароўя і адукацыя”, “Капрамонт жылых дамоў”, “Спецпаліклініка для чыноўнікаў”, “АМАП і ахова прэзідэнта”.

Па задумцы арганізатараў пікету, гэтыя слоікі былі своеасаблівымі ўрнамі для галасавання. Як і павінна быць у любой дэмакратычнай краіне – урны апынуліся празрыстымі.

У якасці бюлетэняў для галасавання зацікаўленым мінакам выдаваліся гумавыя шарыкі, якія трэба было апускаць у той слоік з тым надпісам, які адпавядаў пераканананням выбаршчыка.

Узяўшы ў рукі мегафон, Лябедзька пайшоў агітаваць.

— Вашы грошы належаць толькі вам, а не Александру Лукашэнку. Вы самі павінны вырашаць, куды і на што іх траціць. Мы прапануем вам зрабіць гэты выбар. Вось стаіць наш кандыдадт – Мікалай Казлоў, ён абавязкова выканае ваш наказ, калі стане дэпутатам.

Прызнацца, на прамову Лябедзькі людзі зрэагавалі жвава —  укід шарыкаў у слоікі пайшоў.

Сам Мікалай Казлоў патлумачыў правядзенне гэтага тэматычнага перадвыбарчага пікету наступным чынам.

— Для мяне важна стаць дэпутатам. Для таго, каб у Беларусі спынілася будаўніцтва разнастайных рэзідэнцый для чыноўнікаў, каб бюджэтныя сродкі ішлі на будаўніцтва паліклінік і бальніц для звычайных грамадзян. Таму што ўсе бюджэтныя сродкі – гэта падаткі людзей, і траціцца яны павінны ў першую чаргу ў інтарэсах людзей. Я іду ў дэпутаты таму, што хачу, каб так і было.

Не сказаць, каб перадвыбарчы пікет Мікаля Казлова быў шматлюдным – з сотнямі прыхільнікаў на месцы. Хутчэй, усё што адбывалася, можна ахарактыразаваць так: хто хацеў, той падыходзіў.

Былі і такія, хто наўмысна абыходзіў пікет правацэнтрыстаў, а на прапанову падысці і адказаць, “куды трэба траціць вашыя грошы”, адказваў:

— Я  і без вас ведаю, куды мне траціць мае грошы.

Так на прамову Анатоля Лябедзькі “прагласаваць”, адрэагаваў мужчына сярэдніх гадоў. І, трымаючы ў руцэ некалькі дзесяткаў курыных яек, сышоў прэч.

Але былі і тыя, хто прыйшоў сюды наўмысна  —  убачыць “жывога кандыдата” і паціснуць яму руку. Такім аказаўся мічнанін Анатоль Барысавіч.

— Я сачу за перадывыбарнай кампаніяй дэмакратычных кандыдатаў, — прызнаўся ён. Хоць і жыву не ў той акрузе, дзе вылучаецца Мікалай Казлоў, але вырашыў прыехаць, паглядзець, як тут што. Як грамадзяніна Беларусі, канечне, мяне хвалюе, куды ідуць бюджэтныя сродкі. Чаму з народам ніхто не раіцца? Вось вам прыклад: зямля ў Мінску  раздаецца ў арэнду катарцам. Хто атрымлівае гэтыя грошы, куды яны накіроўваюцца? Адказаў на гэтыя пытанні няма, таму што наша ўлада непадсправаздачная перад народам. Таму, калі б дэпутатамі былі абраны хоць бы некалькі дэмакратаў, празрыстасці  было б больш.

Што да вынікаў імправізаванага галасавання, якое на студзеньскім марозе трывала хвілін 40, то безумоўную перамогу ў пытанні, куды павінны ісці грошы мінчан, атрымаў варыянт “На ахову здароўя і адукацыю”.

Акрамя прапанаваных варыянтаў, мінчане хочуць, каб іх грошы ішлі на развіццё культуры і мастацтва, а таксама на сельскую гаспадарку.

Ці давядзецца Мікалаю Казлову выконваць гэты наказ выбаршчыкаў – даведаемся пасля 18 лютага, калі будуць вядомыя вынікі галасавання.

Усяго па краіне зарэгістравана 57 актывістаў АГП. Яшчэ дваіх АГП падтрымлівае, хоць яны афіцыйна сябрамі партыі не з’яўляюцца. 11 чалавек ад партыі не былі зарэгістраваны кандыдатамі, шасцёра з іх гэтае рашэнне аспрэчвае. Колькі ж дэмакратычных кандыдатаў атрымаюць дэпутацкія манадаты – пакажа час.