У 2016 годзе пад пагрозай таго, што відэазапіс «віртынгу» з іх удзелам трапіць у вольны доступ, стаў 41 чалавек. У 2017-м колькасць такіх пацярпелых павялічылася ў 2,5 раза. Пры гэтым 95% заяўнікаў — мінчукі. МУС тлумачыць гэта больш свабоднымі норавамі насельніцтва буйных гарадоў і яго перавагай у інтэрнэце.

Але ў МУС лічаць, што насамрэч ахвяраў значна больш, проста яны саромеюцца звяртацца ў міліцыю. Пацярпелымі заўжды апынаюцца мужчыны. За захаванне свайго сакрэту яны пераводзілі шантажыстам ад 20 да 50 долараў ЗША ў эквіваленце. Пры адмове шантажысты распаўсюджвалі відэа з удзелам ахвяры ў сацсетках.

Па словах міліцыянтаў, зламыснікі ствараюць у сацсетках фэйкавыя старонкі і пад выглядам прывабных дзяўчат знаёмяцца з патэнцыйнымі ахвярамі. Падчас перапіскі размова пераходзіць на «гарачыя» тэмы, а потым «суразмоўніца» прапануе перайсці на відэапаведамленні ў праграме Skype.

«Захапляючыся фліртам ў Skype, ахвяра канчаткова губляе канцэнтрацыю і не заўважае некаторых дэталяў. Да прыкладу, практычна ва ўсіх выпадках вымагальнікі не пачынаюць размову, а просяць працягнуць перапіску, спасылаючыся на няспраўны мікрафон. Але ж варта задумацца: навошта тады наогул запрашаць у відэачат? Больш за тое, ніхто з пацярпелых чамусьці не звяртае ўвагу на фантастычную здольнасць суразмоўніцы адначасова пісаць паведамленні і, скажам, танцаваць эратычны танец перад камерай. Элементарная пільнасць магла б перасцерагчы ад канфузу і страты грошай», — канстатуе начальнік аддзела «Р» 2-га ўпраўлення ГУУР МУС Васіль Шупляк.

Аператыўнікі мяркуюць, што ахвяры проста паказваюць чужое відэа з інтэрнэту. Аднак мужчыны ловяцца на фэйкавае відэа і падключаюцца да віртуальнага сэксу. Сцэна запісваецца, а потым пачынаецца шантаж. Пры гэтым ахвяры няма сэнсу выдаляць перапіску і свае старонкі ў сацсетках: зламыснікі ўсё фіксуюць загадзя. Аператыўнікі раяць рабіць наадварот: паспрабаваць захаваць хаця б выяву новай знаёмай і кантакты з ёй. Хоць не факт, што гэта дапаможа знайсці падазраванага.

Летась міліцыянты змаглі выйсці на аднаго з такіх зламыснікаў. На 17-гадовага ўраджэнца Гомельскай вобласці пачалі крымінальную справу за вымагальніцтва. Удалося знайсці восем беларусаў, якія за свае прыхільнасці ў інтэрнэце перавялі грошы падазраванаму. У мінулым снежні хлопца прысудзілі да 1,5 года турмы з адтэрміноўкай пакарання на 2 гады. Сам юнак прызнаўся, што да злачынства яго падштурхнуў рэкламны банэр у інтэрнэце, дзе быў распісаны падрабязны алгарытм падманных дзеянняў.