Выстава “Паства” прысвечана старажытнай народнай традыцыі асвяшчэння хат пасля свята Крышчэння Гасподня ў вёсцы Сянькоўшчына Слонімскага раёна, дзе знаходзіцца невялічкая драўляная царква Серафіма Сароскага. Наталля Дораш так ахарактарызавала створаны ёю праект: “Паства” – гэта выключна рэпартажная работа, дакументальная. Хоць і ўзнікае пачуццё, быццам людзі на мяне глядзяць, глядзяць у аб’ектыў, але ніводзін кадр не паўтараўся, не быў дубляваны”.

Як вымірае вёска – у Гродна адчынілася фотавыстава Наталлі Дораш

На фотаздымках выставы мы бачым вясковыя хаты і іх інтэр’ер, а галоўнае – самых звычайных вяскоўцаў з іхнімі ўсмешкамі і нават трагедыямі. Так у адной хаце Наталля Дораш заспела сапраўдную трагедыю, перажыванні сям’і па загінулым пляменніку, што і адлюстравала на здымку: “Гэтыя людзі слабыя здароўем. Гэта старыя, якія дажываюць у сваіх хатах. Яны не заўсёды могуць прыехаць у царкву. Як бы пакінутыя, адзінокія. Вельмі шмат жанчын, а мужчын амаль не засталося. І за спінай святара я была з фотакамерай. Святар казаў: вы на яе не звяртайце ўвагі, яна будзе вас для гісторыі здымаць. І людзі не пазіравалі. Яны проста былі шчырыя, як бы не бачылі аб’ектыў”.

Як вымірае вёска – у Гродна адчынілася фотавыстава Наталлі Дораш

Нягледзячы на цяжкія ўмовы, у якіх жывуць старыя вяскоўцы, яны не жадаюць пакідаць Бацькаўшчыны, вымушаныя толькі на зіму выпраўляцца ў горад да дзяцей. На вясну ж іх невялічкія драўляныя хаткі зноў ажываюць: “Яны шчырыя, добрыя, веруючыя, нікога не абражаюць, жывуць сваім жыццём. І я спрабавала захаваць іх выразы твараў, зафіксаваць іх натуральнае становішча”.

Кіраўнік экспазіцыйнай пляцоўкі Павел Мажэйка адзначыў: “Гэта выстава пра тое, што знікае і чаго праз некалькі гадоў не будзе”. Мікола Таранда (які, дарэчы, нядаўна разам з Наталляй Дораш падрыхтаваў выставу прац свайго дзядзькі), дадаў: “Гэтыя фотаздымкі захаваюцца і пакажуць, як наша вёска вымірала. Яна, на жаль, паўсюдна вымірае. І тут такі момант захапілі, што там яшчэ нехта жыве”.

Як вымірае вёска – у Гродна адчынілася фотавыстава Наталлі Дораш