Як вядома, штогод у адпаведнасці з указам прэзідэнта Прэзідыум НАН сваім рашэннем зацвярджае спіс атрымальнікаў даплат за званне акадэміка і члена-карэспандэнта. Сёння гэтыя даплаты складаюць 462 і 396 рублёў адпаведна (14 і 12 тарыфных ставак першага разраду).

На пачатку мінулага года заяву на атрыманне такой штомесячнай выплаты падаў і Станіслаў Шушкевіч. Яго яшчэ напрыканцы 1990-х гэтых выплат пазбавілі. Маўляў, Шушкевіч адарваўся ад навукі. Але зараз разам з заявай Шушкевіч дадаў матэрыялы, якія пацвярджаюць яго навуковую дзейнасць – у тым ліку спасылку на кнігу, аўтарам якой ён з’яўляецца і якая выдадзена ў Маскве навуковым выдавецтвам РОСПЭН, а таксама ў Вільнюсе, Варшаве, Таліне. Хутка атрымаў ветлівы адказ: трэба падаць заяву напрыканцы года, бо рашэнне аб выплаце будзе прымацца на пачатку новага, календарнага  года – да 15 студзеня 2018-га.

“Падумаў: няма праблем, – і падаў заяву  своечасова напрыканцы года, – расказвае Станіслаў Станіслававіч. – Тым больш што сябры ў акадэміі падказалі,  што вучоным, якім споўнілася 80 і якія ўжо не працуюць на навуковых пасадах, прадугледжаны акадэмічныя і членкараўскія даплаты без усялякіх справаздач, трэба толькі падаць заяву па стандартнай форме. Усім іншым у такім становішчы выплаты робяцца”.

Але спадзяванні аказаліся марнымі.

– Адмовілі, – кажа Станіслаў Шушкевіч…

– Па якой прычыне?

– Пакуль ніхто не тлумачыў гэтае рашэнне. Напэўна, ізноў прагучыць даўняя песня: маўляў, Шушкевіч аддаліўся ад навукі, не ўносіць ніякага ўкладу. Як быццам бы я магу займацца сучаснай эксперыментальнай фізікай у хатніх умовах.

Для мяне абсалютна ясна, што прынятае рашэнне палітычна ангажаванае і галоўная яго мэта – папярэдзіць усіх навукоўцаў: ва ўмовах сённяшняй Беларусі сядзіце ціха, як Аляксандр Вайтовіч, і вас не пакрыўдзяць.

– Няўжо думалі, што зараз нешта зменіцца?

– Нечаканасцю для мяне рашэнне Прэзідыума Акадэміі не стала. Але я паспрабаваў, думаючы, што ў нас ужо хаця б у Акадэміі навук пануе законнасць. На жаль, памыліўся…

Я доўга не атрымліваў членкараўскай надбаўкі. Зарабляў на жыццё лекцыямі як студэнцкімі, так і публічнымі, за што быў адзначаны званнямі ганаровага доктара навук (HONORIS CAUSA) у пяці прэстыжных замежных універсітэтах. І зараз не ўздымаў бы гэтае пытанне, калі б быў у стане зарабіць… Але праз здароўе перастаў сістэматычна чытаць лекцыі ў замежжы, якія давалі заробак. Узніклі вялікія праблемы з набыццём лекаў, якія прапісаны ўрачамі. Маёй пенсіі на гэта не хапае. Членкараўская даплата, на якую я маю ўсе законныя правы, была б дарэчы.

Ці будзеце аспрэчваць рашэнне Акадэміі?

– Гэта бессэнсоўна. Тое самае, што біцца лбом аб сценку. Адзінае – хачу атрымаць тлумачэнні адказу.

А для тых, хто будзе абгрунтоўваць мой адыход ад навукі і актыўнай дзейнасці, нагадаю. З 2012 года (за выключэннем 2014-га) я па запрашэнні штогод чытаю публічную лекцыю ў Венскім універсітэце. З таго ж 2012 года запрашаўся на паліталагічныя саміты і навуковыя канферэнцыі ва ўніверсітэты Расіі, Украіны, Літвы, Польшчы, Паўднёвай Карэі, у прэстыжнейшыя ўніверсітэты ЗША (Гарвард, Іель, Джордж Вашынгтон) і Англіі (Лондан, Кембрыдж, Оксфард).

Я маю многа іншых доказаў, што не аддаліўся ад навукі. Апошні з іх прывёз нядаўна акадэмік Уладзімір Агабекаў з Расійскай акадэміі навук мне, як чалавеку, які ўпершыню ў свеце запусціў серыйна ў вытворчасць спектрометры парамагнітнага рэзанансу. Апаратура, якую я з супрацоўнікамі распрацаваў, дагэтуль серыйна выпускаецца і служыць расійскай і беларускай арміям…