У мінулым сезоне “Зубры” пастаўленую задачу выканалі – патрапілі ў плэй-оф першынства КХЛ. Пры гэтым хакеісты ў асобных матчах паказвалі волю да перамог, “на характары” выцягвалі некаторыя, здавалася б, безнадзейныя матчы, за што і былі ўзнагароджаны даверам балельшчыкаў – апошнія, нягледзячы на эканамічны крызіс і часовыя цяжкасці, ішлі на “Мінск-Арэну” падтрымаць любімую каманду. Безумоўна, вялікая заслуга ў гэтым была галоўнага трэнера “Дынама” Крэйга Вудкрафта. Канадзец, які падпісаў кантракт супрацоўніцтва на тры гады, дзейнічаў па сваім плане, які быў просты, але тым не менш эфектыўны – маладыя беларускія хакеісты павінны былі вучыцца прафесіяналізму ў вопытных замежных калег. За тры гады Вудкрафт абяцаў падняць “Дынама” і хакеістаў на новы ўзровень і, здавалася, нічога не абяцала навальніцы.

Але “шчасце” для каманды прыйшло зусім з іншага боку. У маі 2017 году, пасля няўдалага выступлення беларускай зборнай, старшыня Назіральнага савета рады ХК “Дынама-Мінск” Ігар Шуневіч нечакана абвясціў: “Кіраўніку дзяржавы прапанавана новая канцэпцыя развіцця клуба. Адзін з накірункаў канцэпцыі – поўная адмова ад легіянераў. Думаю, што ідэя будзе рэалізавана ўжо ў гэтым сезоне”. І калі для балельшчыкаў гэтыя словы былі сенсацыяй, то для трэнера яны сталі самым сапраўдным шокам!

Але рэфармаванне на гэтым не скончылася. Два памочнікі Крэйга Вудкрафта таксама аказаліся па-за гульнёй, і вось тут канадскі спецыяліст ужо пачаў чухаць патыліцу. Увесь яго план пайшоў кату пад хвост. Праўда, у канадца быў, як аказалася, запасны варыянт, і ён яго хуценька рэалізаваў – сабраў чамаданы, памахаў рукой “рэфарматарам” і ў адзін момант аказаўся ў Швейцарыі, дзе ўзначаліў мясцовы “Сервет”. Нават ад матэрыяльнай кампенсацыі за датэрміновае скасаванне кантракта Крэйг адмовіўся, пра што радасна заявілі кіраўнікі клуба. Маўляў, сэканомілі.

У той жа час за тыдзень да пачатку трэніровачнага лагера ў “Дынама” быў самы сапраўдны аўрал. У клуба не было ні галоўнага трэнера, ні яго памочнікаў, ні сфарміраванага складу каманды. А ў дадатак – яшчэ і пазыкі перад ігракамі. Заставаліся толькі добрыя ўспаміны пра мінулы сезон ды надзея на плэй-оф, якая ўчора і памерла.

Натуральна, што ў такой сітуацыі чарга з трэнераў да “Зубраў” не стаяла. Тым не менш, смелы чалавек знайшоўся – у рэшце рэшт, клуб заявіў, што “Дынама” ўзначаліць 39-гадовы канадскі спецыяліст Гордзі Дуаер. Раней канадзец кіраваў харвацкім “Медвешчаком”, у свой час правёў у Нацыянальнай хакейнай лізе 108 матчаў за “Тампу”, “Нью-Ёрк Рэйнджарс” і “Манрэаль”. Адным словам, чалавек не з вуліцы.

На той час Дуаеру многія шчыра спачувалі. Прыйсці на руіны, каб пабудаваць замак, – справа не вельмі ўдзячная. Да таго ж той самы замак будуецца не адзін год, а кіраўнікі ў нас, як вядома, нецярплівыя. Ім хуткія перамогі падавай.

Напрыклад, старшыня назіральнага савета “Дынама” Ігар Шуневіч, які адначасова з’яўляецца і міністрам унутраных спраў, напачатку сезона так сфармуліраваў задачу для каманды: выйсці у плэй-оф, дзе выступіць дастойна. Многім было абсалютна відавочна — гэта фантастычныя мары дылентанта, а не хакейнага спецыяліста. Так яно і атрымалася.

Зрэшты, не варта казаць, што “Дынама” ў гэтым сезоне зусім не радавала балельшчыкаў. Чаго вартыя, напрыклад, валявыя перамогі над піцерскім СКА альбо магнітагорскім “Металургам”. Але з гэтай нагоды вельмі трапна сказаў былы настаўнік таго ж мінскага “Дынама” Аляксандр Андрыеўскі: “Кіраўніцтву клуба трэба вызначыцца: хочам мы рыхтаваць ігракоў для зборнай альбо выходзіць у плэй-оф КХЛ і змагацца за Кубак Гагарына. Немагчыма змясціцца адным месцам на абодвух крэслах”.

“Дынама” праляцела, але для беларускага кіраўніцтва гэта, відаць, яшчэ не трагічная сітуацыя. Трагедыя здарыцца, калі на вясновым чэмпіянаце свету і зборная Беларусі выступіць правальна. І тады — чакайце новых рэформ у беларускім хакеі. Ідэй у нашых чыноўнікаў яшчэ шмат. А вось выніку — практычна нуль…