Яна — вядомы вучоны ў галіне мікрабіялогіі і біятэхналогіі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь. Прэс-служба АН сярод дасягненняў Каламіец адзначае стварэнне калекцыі мікраарганізмаў, перспектыўных для распрацоўкі прабіётыкаў і кармавых дабавак, а таксама распрацоўка тэхналогій стварэння дэзінфікуючых і імунастымулюючых прэпаратаў. Па ініцыятыве Каламіец створаны цэнтр аналітычных і генна-інжынерных даследаванняў, а таксама распачата вытворчасць біяпрэпаратаў, разлічаных на экспарт.

Каламіец — аўтар больш як 460 навуковых прац, у тым ліку чатырох манаграфій, 357 артыкулаў, 22 патэнтаў на вынаходніцтвы.

Але што прыкметна. Эмілія Каламіец двойчы прэтэндавала на атрыманне ганаровага звання акадэміка. Але ні летась, ні ў 2014 годзе не набрала патрэбных 2/3 галасоў падчас галасавання на Агульным сходзе акадэміі. Гэты факт выклікаў многа спрэчак. Гучалі меркаванні саміх вучоных, што ўсё гэта следства таго, што ў акадэміі сёння пануе інтрыганства: на Агульным сходзе незразумела чаму завальваюць добрых вучоных, Эмілія Каламіец ні адна такая. У адпаведнай сітуацыі, напрыклад, апынуўся і дырэктар Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі Сяргей Усанаў, у 2014 годзе Агульны сход не пусціў у акадэмікі вядомага не толькі ў Беларусі доктара, дырэктара РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі Вольгу Алейнікаву.

— Прысуджэнне Эміліі Каламіец звання “Лепшы вучоны Беларусі”, напэўна, своеасаблівая кампенсацыя за тое, што яна не стала акадэмікам, — кажуць у Інстытуце мікрабіялогіі. – Справа ў тым, што Эмілія Іванаўна не толькі добры вучоны, але і выдатны арганізатар, гаспадар. Яна змагла ператварыць інстытут у сучасную ўстанову, навесці там парадак, бо доўгі час і будынак, і навакольная тэрыторыя былі ў заняпадзе. Яна клапоціцца пра сваіх падначаленых, імкнецца, каб у інстытуце затрымлівалася моладзь, каб супрацоўнікі мелі магчымасць зарабляць грошы, а не нішчымнічаць на мізэрных акладах, каб распрацоўкі прадаваліся не толькі ў Беларусі, але і ў замежжы… Хтосьці кажа, што Каламіец здолела наблізіцца да Лукашэнкі, ён яе заўважыў, ацаніў, таму зараз і стала лепшым вучоным. Але ж усё роўна яе заслуг, яе імкнення працаваць на карысць інстытута нельга не заўважыць і не адзначыць

Дарэчы, пачынаючы з 2018 года званне «Вучоны года Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі» будзе прысуджацца штогод напярэдадні Дня беларускай навукі. Да звання прадугледжана грашовая прэмія. У Акадэміі кажуць, што яе памер суразмерны памеру прэміі Нацыянальнай акадэміі навук. З гэтага года ён павялічаны да 250 базавых велічынь.