Доўгі час лісты ад Жамчужнага наогул не прыходзілі, але зараз ён нагадаў пра сябе. Напрыклад, Міхаіл напісаў праваабаронцы Таццяне Равяка, што з 6 студзеня ён змешчаны на адзін месяц у памяшканне камернага тыпу (ПКТ).

“З 3 жніўня знаходжуся ў ізаляцыі, – паведаміў Жамчужны. – 100 сутак у ШІЗА даліся нялёгка. У атрадзе ляжыць куча газет і лістоў. Абяцалі аддаць. Зараз становішча стабілізавалася, сітуацыя стала кантралюемай і прадказальнай”.

З пачатку жніўня 2017 года адміністрацыя калоніі №9 у Горках, дзе адбывае пакаранне палітвязень, пачала выносіць спагнанні Міхаілу Жамчужнаму за адмовы пераходзіць у атрад, сфарміраваны са зняволеных з “нізкім статусам”. На пачатак снежня 2017 года было вядома пра 14 спагнанняў у выглядзе змяшчэння ў ШІЗА і ПКТ.

“Лічу важным пастаяннае інфармаванне беларускай грамадскасці і зацікаўленых міжнародных структур пра тое, што адбываецца, – кажа Таццяна Равяка. – Мы звяртаем увагу на тыя бесчалавечныя ўмовы ўтрымання, у якіх знаходзіцца Міхаіл Жамчужны. Такая поўная ізаляцыя – гэта дадатковы элемент уздзеяння на чалавека, бо толькі дзякуючы сустрэчам з адвакатам Жамчужны мог даведацца, што адбываецца па-за сценамі калоніі. Даведацца, ці ёсць цікавасць да яго справы альбо няма. Пастаянныя пакаранні і ізаляцыя гэта спосаб псіхалагічнага ўздзеяння. Міхаілу хочуць паказаць, што, маўляў, ён зусім адзін і нікому не патрэбны. Хацелася б, каб гэтая ізаляцыя была нейкім чынам спынена.

Нагадаем: заснавальнік праваабарончай установы “Платформ Інавэйшн” Міхаіл Жамчужны ў ліпені 2015 года быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. 23 кастрычніка судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда разгледзела касацыйную скаргу і прызначыла Жамчужнаму больш строгае пакаранне – шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Ён быў прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных арт.376 (часткі 1 і 2), ч.5 арт.16, ч.1 арт.375 і арт.431 (часткі 1 і 2): падбухторванне да наўмыснага разгалошвання звестак, якія складаюць службовую таямніцу; незаконнае набыццё і збыт спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, у тым ліку – паўторна; дача хабару і дача хабару паўторна.