Чым сёння жыве СБП, хто стане першым лаўрэатам новай Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова і чаму ў “незалежных” пісьменнікаў не атрымліваецца супрацоўніцтва з “прыўладнымі” калегамі? Госць “Народнай Волі” – старшыня СБП Барыс Пятровіч.

“У Школу маладога літаратара пры СБП конкурс большы, чым на філфакі ВНУ

Барыс, мы з табой добра памятаем тыя часы, калі Саюз пісьменнікаў уяўляў з сябе цэлае літаратурнае міністэрства – са сваім штатам, са сваім прасторным Домам літаратара, са сваімі бюро прапаганды, газетамі і часопісамі, нават са сваёй паліклінікай. А якая сітуацыя з ачоленай табою пісьменніцкай арганізацыяй сёння?

– Не толькі мы з табою, Міхась, памятаем тыя часы. Яшчэ жывыя шмат пісьменнікаў, якія паспелі і папрацаваць у тым штаце, і пакарыстацца тымі дабротамі, што давала сяброўства ў саюзе. На жаль, мы заспелі самыя апошнія гады існавання таго саюза, і я, да прыкладу, не паспеў нічым пакарыстацца, нават у Доме адпачынку “Іслач” ні разу не пабыў, не кажучы ўжо пра іншае, бо ўступіў у саюз напрыканцы 1993 года, калі ўсё паціху канала. А ў 2005 годзе мы страцілі апошняе, што нагадвала пра тыя часы, – Дом літаратара.

Што маем сёння? Самае важнае – гэта тое, што, нягледзячы на ўсе мітрэнгі, нам удалося захаваць арганізацыю, заснаваную ў 1934 годзе класікамі нашай літаратуры – Купалам, Коласам, Чорным… У яе ўваходзяць, дакладней, захавалі ёй вернасць усе самыя вядомыя беларускія пісьменнікі. Да сваіх апошніх дзён у нашым саюзе заставаліся народныя пісьменнікі Беларусі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч, а таксама Генадзь Бураўкін, Іван Пташнікаў, Мікола Аўрамчык… У нашым саюзе цяпер Анатоль Вярцінскі, Васіль Зуёнак, Віктар Казько, Святлана Алексіевіч, Леанід Дайнека, Уладзімір Някляеў, Уладзімір Арлоў, Леанід Дранько-Майсюк… Апошнім часам да нас перайшлі з прыўладнага СПБ тыя, хто некалі пакінуў саюз, – Раіса Баравікова, Андрэй Федарэнка, Алесь Наварыч, Алена Брава… Саюз пастаянна папаўняецца новымі імёнамі. Мы не маем свайго памяшкання, але штомесяц праводзім дзясяткі мерапрыемстваў, пры СБП працуе Школа маладога літаратара, куды конкурс на паступленне большы, чым на філфакі ВНУ. Мы праводзім літаратурныя фестывалі, уручаем прэміі, стыпендыі. Выдаём часопіс, кнігі, маем сайт, які штодзень абнаўляецца.

– Нядаўна каля Нацыянальнай бібліятэкі з’явіўся Парк пісьменнікаў. Хадзілі чуткі, што высаджваць там маладыя дрэўцы запрашаўся і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Чаму было вырашана не ўдзельнічаць у гэтай акцыі?

– Так, запрашэнне ад прыўладнага Саюза пісьменнікаў сапраўды было. І спачатку я пагадзіўся на сумесны ўдзел у пасадцы таго парку, праўда, пры ўмове, што адбудзецца папярэдняе абмеркаванне, якім будзе парк і хто возьме ўдзел у пасадцы дрэў. Я хацеў, каб там была Алея ў гонар народных пісьменнікаў Беларусі, каб свае дрэвы, па папярэдняй згодзе, пасадзілі ўсе знакамітыя сёння беларускія літаратары, у тым ліку і Святлана Алексіевіч. На жаль, абмеркавання не адбылося. А ўдзень, калі стала вядома, што заўтра адбудзецца закладка парку, прайшоў суд над Уладзімірам Някляевым, якога асудзілі на дзесяць сутак – за мітынг, у якім ён не ўдзельнічаў. І скажы: ці можна было нам з гэтай дзяржавай саджаць дрэвы, калі яна ў гэты час саджае ў вязніцу паэтаў? Таму ўрэшце мы адмовіліся. Шкада, паўтаруся, ідэя цудоўная, але, пэўна, рана яшчэ яе рэалізоўваць у нашых умовах.

 “Беларуская літаратура адна з найцікавейшых у свеце, але не раскручаная”

– Гады тры таму ты ўдзельнічаў у другой сустрэчы пісьменнікаў з кіраўніком краіны. На першай, у далёкім 1998 годзе, давялося прысутнічаць мне, і, павінен прызнацца, гэта была малаканструктыўная размова. А ці спадзяваўся ты на нейкія станоўчыя вынікі другой?

– Спадзяванні заўсёды ёсць. Інакш бы не пайшоў. Мы любім падманвацца і абнадзейваць сябе. Але ў чарговы раз быў фактычна маналог. Мне слова далі. Але ад мяне, пэўна, чакалі, што я буду казаць пра сітуацыю з двума саюзамі, прасіць вярнуць наш Дом літаратара і выданні. На сустрэчы з Лукашэнкам я гаварыў пра сённяшняе становішча з літаратурай і з мовай. Пра школы, адкуль мова карэннай нацыі выцясняецца, пра неабходнасць стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта, дзе ўсе прадметы павінны выкладацца па-беларуску. Ну і што ў выніку? Не робіцца практычна нічога… Добра, цяпер грамадскасць падхапіла ідэю стварэння Нацыянальнага ўніверсітэта. Але ці атрымаецца што без удзелу дзяржавы – не ведаю, не спрагназую, бо надта ж няпростая гэта справа.

– Праз месяц пройдзе чарговы Стральцоўскі паэтычны фестываль “Вершы на асфальце”. Пазалетась у ім бралі ўдзел паэты ажно з Новай Зеландыі, а творцы з Украіны, Расіі, Польшчы і Швецыі ўдзельнічаюць ужо традыцыйна. Наколькі прадстаўнічым фестываль будзе сёлета?

– Фестываль адбудзецца ўжо ў сёмы раз, і штогод у ім удзельнічаюць дзясяткі паэтаў не толькі з далёкага замежжа, а, што важна, з усіх рэгіёнаў Беларусі. Прычым наш фестываль – гэта не толькі чытанне вершаў, але і прэзентацыі кніг, дыскусіі, слэмы, конкурсы. Таксама да фестывалю мы прымяркоўваем уручэнне прэмій. Дарэчы, сёлета з’явіцца яшчэ адна прэмія – імя Міхася Стральцова, якую засноўвае разам з нашым саюзам Алена Дзмітрыеўна Стральцова – удава Міхася Лявонавіча. Прэмія будзе адметнай – апроч іншага лаўрэат як узнагароду атрымае выдадзеную да фестывалю кнігу.

А за што будзе давацца прэмія Стральцова? За прозу, паэзію? І ці вядома ўжо імя першага лаўрэата?

– Міхась Стральцоў пісаў прозу, паэзію, эсэ, крытыку, а таму, хоць фестываль у нас і паэтычны, мы вырашылі, што прэмія будзе ўручацца пісьменніку за дасягненні ў любым з гэтых жанраў з фармулёўкай “за захаванне чысціні стылю і класічных традыцый у літаратуры”. Імя лаўрэата стане вядома толькі на адкрыцці фестывалю – такая ўмова заснавальнікаў.

“Наш Максім Гарэцкі – гэта сусветны ўзровень літаратуры”

– Пасля таго як у Швецыі выйшла кніга тваёй прозы, шведскія крытыкі называлі цябе мадэрністам і параўноўвалі з… Уладзімірам Маякоўскім. А табе самому якой бачыцца твая “літаратурная генеалогія”? Каго лічыш сваімі настаўнікамі?

– У Швецыі выйшла кніга маёй кароткай прозы, якую я называю фрэскамі. А паколькі яна рытмізаваная, яе палічылі вершамі – бо такая сёння ці не ўся еўрапейская паэзія, якая даўно забылася, што такое рыфма. Адсюль і падобныя параўнанні. Але ўвогуле я лічу сябе празаікам. І таму мае настаўнікі – найперш празаікі. Зрэшты, уласна настаўнікаў у мяне не было – не сканчаў я нейкіх літаратурных курсаў, не ўдзельнічаў ні разу ў семінарах маладых творцаў. Была хутчэй самаадукацыя, бо на мінскім журфаку ў пачатку 1980-х з нас рыхтавалі журналістаў – падручных партыі. Сваімі літаратурнымі настаўнікамі я мог бы назваць Гогаля, Гамсуна, Кафку, Акутагаву. У іх я вучыўся пісаць. Ну і расійская паэзія “сярэбранага веку”. Я жыў і вучыўся ў Савецкім Саюзе, а тады, ты ведаеш, было нямала забароненых імёнаў, і з творчасцю многіх любімых мною цяпер пісьменнікаў я пазнаёміўся толькі падчас перабудовы: Платонаў, Булгакаў, Хармс і абэрыуты. Ну і, вядома ж, – беларускія творцы. Найперш – Максім Гарэцкі. У школе мы ягоную творчасць не вывучалі. Толькі крайком ва ўніверсітэце, і тое таму, што быў файны выкладчык беларускай літаратуры, які даваў нешта па-за праграмай, Віктар Каратай – дзякуй яму! Ад першага знаёмства я быў улюбёны ў прозу Гарэцкага. Цудоўныя апавяданні – “Красаваў язмін”, “Рускі”, аповесці “Дзве душы”, “Меланхолія” – гэта сусветны ўзровень літаратуры.

Нездарма ў Расіі Гарэцкі перавыдаецца ў серыі “Русская класіка”, без пазначэння, што гэта пераклад з беларускай.

– Дарэчы, гэткая ж сітуацыя і з Быкавым… Ну і яшчэ адзін мой улюбёны беларускі празаік – Янка Брыль… На гэтым пералік скончу, бо ўсіх назваць усё роўна не змагу. Увогуле я лічу, што сучасная беларуская літаратура адна з найцікавейшых у свеце і, разам з тым, адна з самых невядомых, ці, як цяпер кажуць, нераскручаных. На жаль, наша дзяржава, у адрозненне ад нямецкай, шведскай ці польскай, нічога не робіць дзеля прэзентацыі беларускай літаратуры ў свеце. На згаданай сустрэчы з кіраўніком краіны я пра гэта гаварыў: чаму мы, у адрозненне ад нашых суседзяў, не маем сваіх дзяржаўных структур кшталту Польскага інстытута, які займаецца прапагандай і выданнем польскіх кніг за мяжой? Хіба гэта не жахліва – кнігі нобелеўскага лаўрэата Святланы Алексіевіч перавыдаюцца па ўсім свеце ў дзясятках краін, а ў Беларусі пасля прэміі не выйшла ніводнай! У нас прадаюцца кнігі Алексіевіч, выдадзеныя ў Расіі, а ў Беларусі яе ў дзяржвыдавецтвах не выдавалі больш за дваццаць гадоў. Зрэшты, як і большасці сяброў нашага саюза, бо існуюць негалосныя “чорныя спісы”, і нават імёны іх згадваць у “ЛіМе” ці ў “Полымі” нельга. Да слова, мая першая і апошняя кніга ў дзяржаўным выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшла ў 1994 годзе.

“Раю беларусам, якія пішуць па-руску, не паддавацца спакусе, бо гэта нічога добрага не дасць

– Пра ўсходняе Палессе ёсць выдатная кніга Часлава Пяткевіча, чытаючы якую, я часта сустракаў назву тваёй роднай вёскі Вялікі Бор. Скажам, у ёй этнограф сто пяцьдзясят гадоў таму запісаў гэткі тост палешука, які не меў з кім выпіць і вёў наступны дыялог з чаркай: “Хто ты будзеш? – Акавіта. – А з чаго ты будзеш? – З жыта. – А пашпарт у цябе ёсць? – Няма. – Раз няма, табе турма!” А чым яшчэ слаўны Вялікі Бор і яго ваколіцы?

– Мне прыемна было чытаць “Рэчыцкае Палессе”, бо Часлаў Пяткевіч доўгі час жыў у маёй вёсцы і, вядома ж, шмат узяў з жыцця, быту, фальклору і звычак маіх землякоў. Вёска наша даволі старая – на картах XVI–XVII стагоддзяў яна ёсць. І як любая старая вёска, абрасла паданнямі. Пра гэта шмат пісаў мой дзядзька пісьменнік Барыс Сачанка. Ёсць у яго кніга “Вечны кругазварот” – пра нашу вёску, гадавы цыкл святаў і абрадаў, што адзначаліся ў нас, пра традыцыі і жыццё вяскоўцаў увогуле ад нараджэння да смерці. А калі ён працаваў у “Вожыку”, дык сабраў цыкл вялікаборскіх пацешак і анекдотаў. Там ёсць і пра тое, як вялікаборцы соль сеялі, як вала на дуб цягнулі, каб ярмо прымераць… І сёння з вялікаборцаў паджартоўваюць жыхары суседніх вёсак. Дарэчы, менавіта ў нашай вёсцы захавалася паганскае свята “Праводзіны русалкі”, якое адзначаецца праз тыдзень пасля Сёмухі.

– Твой дзядзька па мячы – вядомы празаік Барыс Сачанка, твой стрыечны дзядзька па кудзелі – дзіцячы пісьменнік Змітро Бяспалы. У тваёй радні – кінасцэнарыст і таксама пісьменнік Алесь Шлег. Празаік Галіна Багданава і паэтка Святлана Явар – твае стрыечныя сёстры. Такім чынам, ты прадстаўнік самай шматлікай літаратурнай дынастыі ў Беларусі. Гэта на цябе неяк уплывала? І ці хацелася б табе, каб гэтую дынастыю працягнулі твае сыны Алесь і Антось?

– Ну гэта ты занадта: прадстаўнік самай вялікай дынастыі. Ёсць жа Гарэцкія, ёсць Адамчыкі.

Гарэцкіх толькі трое (калі лічыць і акадэмікаў-геолагаў). Столькі ж і Адамчыкаў. А Сачанкаў – шасцёра.

– Прабач, я неяк не падлічваў… Але вёска ў нас і сапраўды асаблівая, з яе выйшла шмат знакамітых асоб, у тым ліку чатыры пісьменнікі. Іншай такой у Беларусі я і не ведаю. Ну, хіба коласаўская Мікалаеўшчына яшчэ.

І Нізок на Уздзеншчыне – радзіма Кандрата Крапівы, Паўлюка Труса, Лідзіі Арабей.

– Ну так. Вядома ж, мае дзядзькі не маглі не паўплываць на мяне, а Барыс Іванавіч Сачанка ўвогуле стаў своеасаблівай шляхапаказальнай зоркай. У дзяцінстве я доўгі час хварэў. Лекаваўся ў Мінску, у чацвёртай клінічнай бальніцы. І амаль штодзень Барыс Іванавіч, дужа заняты чалавек, наведваў мяне. Прыносіў кнігі. Чытацкі “курс маладога байца” я прайшоў тады: перачытаў усю дзіцячую літаратуру, дабраўся да класічнай, а потым і мадэрнісцкай, якая мне спадабалася найбольш. Калі пачаў пісаць – для сябе, – пісаў тое, што хацеў бы пачытаць у іншых, але не знаходзіў падобнага. Надрукаваць тое было цяжкавата, бо калі яшчэ эксперымент у беларускай паэзіі дазваляўся, дзякуючы Максіму Танку і Алесю Разанаву, то ў прозе – не. Таму дэбютаваў позна – у 29 гадоў. Уплыў Барыса Іванавіча яшчэ і ў тым, што яго проза рэалістычная і, як я казаў ужо, шмат у чым звязана з роднымі мясцінамі, вёскай, таму я ад пачатку арыентаваўся на іншую тэматыку. Што да сыноў… Падазраю, што і яны нешта пішуць, але не паказваюць нікому, як і я ў свой час. Старэйшы Алесь працуе журналістам. А малодшы Антось “здрадзіў” гуманітарным Сачанкам і скончыў хімфак Белдзяржуніверсітэта. Цяпер ён служыць у войску, у тых самых сумнавядомых цяпер Печах…

Перажываеш за яго?

– Вядома ж, перажываю. Як перажываў бы кожны бацька.

– Ты калісьці расказваў, што ў студэнцкія часы збіраўся пісаць па-руску з выкарыстаннем беларускай лексікі і гэткім чынам “ажыўляць” рускую мову. Калі ўдумацца, то нечым падобным усё жыццё займаецца наш зямляк, знакаміты паэт Ігар Шклярэўскі: “Руки болять, ноги болять. Жито поспело, сад утеплять, лён колотить, бульбу копать…” Сітуацыя двухмоўя некаторых нашых пісьменнікаў падштурхнула пісаць на абедзвюх мовах. А ў цябе такой спакусы ніколі не было?

– Быў такі грэх. На журфаку я спачатку сышоўся з хлопцамі, якія пісалі па-руску, хоць сам са школы пісаў па-беларуску. І пад іх уплывам перайшоў на рускую мову. Прыдумаў сабе такую ідэфікс: пісаць, устаўляючы беларускія словы ў рускі тэкст так арганічна і прыгожа, каб яны не выглядалі варварызмамі. Як у аповедах Шукшына алтайскія слоўцы. Але нічога з гэтага не выйшла: выпіналіся мае героі з падручнікавай рускай мовы. Тыя мае аднакурснікі сёння даволі вядомыя літаратары – Уладзімір Сотнікаў, Радзіслаў Лапушын, Уладзімір Сяменчык. Іх раскідала па свеце – Сотнікаў жыве ў Маскве, Лапушын – у Чыкага, Сяменчык – на Сахаліне. А я застаўся ў Беларусі, бо паспрабаваў жыць далёка і зразумеў, што гэта не маё. Тым болей на другі курс журфака да нас прыйшлі пасля службы ў войску два цудоўныя хлопцы – Сяргей Дубавец і Ігар Гермянчук, якія ад пачатку размаўлялі і здавалі іспыты выключна па-беларуску. Недзе прыканцы чацвёртага курса я далучыўся да іх, вярнуўся да роднай мовы. Цяпер у Школе маладога літаратара пры СБП свой прыклад прыводжу як адмоўны і раю тым беларусам, якія пішуць па-руску, не паддавацца спакусе. Бо гэта нічога добрага не дасць. Ды  прыкладаў тых, хто пачынаў пісаць па-руску, а потым перайшоў на беларускую мову, у нас нямала. Гэта і той жа Стральцоў, і Някляеў, і Рублеўская, і Хадановіч, і Віктар Марціновіч, і Віталь Рыжкоў… Свае лепшыя творы яны напісалі па-беларуску.

“Сёння альтэрнатывы “Дзеяслову” ў Беларусі няма”

– Ужо 15 гадоў выдаецца рэдагаваны табою часопіс “Дзеяслоў” – пабачыла свет 90 нумароў. З “Дзеясловам” як з’явай у нас усе звыкліся – выходзіць і выходзіць. Але, відаць, рабіць у нашых умовах тоўсты літаратурны часопіс зусім не проста. Пошук фінансавання, якасных тэкстаў, падпіска, прэзентацыя новых нумароў, часопісная бібліятэчка – як ты з усім гэтым спраўляешся?

– “Дзеяслоў” – значны кавалак майго жыцця. Калі мы пачыналі рабіць першы нумар, я не думаў, што давядзецца працаваць так доўга – ужо 15 гадоў. Часопіс паўстаў на супраціве дзяржаўнай “прыхватызацыі” выданняў СБП і стварэння гэтак званага холдынга з мэтай увядзення цэнзуры. Тады меркавалася, што гэта на нейкі годзік, што дзяржава адумаецца… Не адумалася. І сёння альтэрнатывы “Дзеяслову” няма, калі б не ён, дык і не ведаю, дзе друкаваліся б сотні пісьменнікаў з незалежнага саюза. Як бы цяжка ні было, “Дзеяслоў” усе гэтыя 15 гадоў выходзіў строга перыядычна – раз на два месяцы, без аніводнага збою. Што гэта такое, добра ведаюць тыя, хто спрабаваў выдаваць нешта перыядычнае ў сённяшняй Беларусі. Я ўдзячны хлопцам, якія дапамагаюць мне рабіць часопіс. Сёння гэта Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка, Андрэй Федарэнка. Вялікае бачыцца на адлегласці – сказаў паэт. Таму ацэньваць нашу працу будуць нашчадкі. Нягледзячы на праблемы, мы пакуль трымаемся, хоць кожны новы нумар робім як апошні. Цяпер вось марым дацягнуць да сотага нумара. Наколькі ведаю, у гісторыі Беларусі ніводзін літаратурны часопіс так доўга без дзяржаўнай падтрымкі не выходзіў.

І апошняе пытанне. Нядаўна перачытваў “Дар” Уладзіміра Набокава і спатыкнуўся аб фразу: “У рэдакцыйны пакой зайшоў празаік з занадта добрымі для пісьменніка вачамі”. А якім павінен быць пісьменнік у сучаснай Беларусі, каб выдавацца, быць запатрабаваным? Якія якасці патрэбны?

– Каб выдавацца, не сябру прыўладнага Саюза пісьменнікаў трэба мець поўную кішэню грошай. Гэта не жарт. Дзяржаўныя выдавецтвы яму адмовяць адназначна, а прыватныя выдадуць усё што хочаш, але за ягоны кошт. А дзе ўзяць тыя грошы? І як быць запатрабаваным, калі нават выдадзеную сваім коштам кнігу не возьмуць дзяржаўныя крамы, не купяць бібліятэкі. Такая наша рэальнасць. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, наша літаратура жыве і развіваецца, штогод выходзяць дзясяткі цікавых кніг, якія перавыдаюцца за мяжой і атрымліваюць прэміі не толькі беларускія, але і еўрапейскія. Мы не чакаем дапамогі ад дзяржавы, хочам толькі, каб яна не стварала штучныя, надуманыя перашкоды. А таму пісьменнікам сёння, як і сто гадоў таму, трэба тое, што і простым беларусам: цярпенне, вера і ўпэўненасць, што “гэты час і гэты лад не назаўсёды”, што “загляне сонца і ў наша аконца”. І не чакайма перамен, хай кожны штосьці рабіць дзеля іх набліжэння.