Без канкурэнцыі

162

У Гродзенскай вобласці ў значнай большасці акруг выбары ў раённыя Саветы будуць безальтэрнатыўныя.

Так, у Слонімскім раёне только па васьмі акругах, а ў горадзе Гродне па 12 у выбаршчыкаў будзе сапраўдная магчымасць абіраць сярод некалькіх кандыдатаў. Выбіраць паміж двума кандыдатамі змогуць толькі ў адной акрузе ў Астравецкім, Смаргонскім, Ваўкавыскім, Мастоўскім раёнах, а ў Лідскім – у двюх акругах. У астатніх выпадках выбары будуць безальтэрнатыўныя.

Вельмі слаба прадстаўлены на мясцовых выбарах партыі. Толькі Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 9 кандыдатаў. Апазіцыйныя ж партыі выбары  фактычна праігнаравалі.

У выбарах у асноўным удзельнічаюць прадстаўнікі ўлады: супрацоўнікі райвыканкамаў, дырэктары, старшыні, начальнікі, а таксама іх намеснікі. Напрыклад, у Ашмянскім раёне з 27 кандыдатаў 10 дырэктараў і адна загадчыца дзіцячага садка, шэсць начальнікаў, чатыры загадчыкі. Астатнія пяць – рэдактар раённай газеты, два галоўныя ўрачы ды яшчэ два супрацоўнікі аховы здароўя, а таксама ляснічы.

ДАРЭЧЫ

Заробак старшыні раённага Савета дэпутатаў – каля 900 долараў у месяц

Як вядома, кандыдаты ў дэпутаты мусяць падаваць у Цэнтрвыбаркам дэкларацыі аб даходах. Яны прадаставілі інфармацыю аб даходах за 2016 год.

Аказваецца, старшыні раённых Саветаў дэпутатаў маюць неблагія заробкі. Так, старшыня Смаргонскага райсавета Іван Іванавіч Рамановіч, які зноў балатуецца ў дэпутаты, атрымаў за 2016 год 20.844,13 рублёў, то бок 1700 у месяц, што па тагачасным курсе складала каля 900 долараў. Амаль такі ж даход быў і ў старшыні Навагрудскага раённага Савета дэпутатаў Сяргея Васільевіча Мішарына –  20.924,77 руб. за год.

Дарэчы, сярод дадзеных, якія ўжо прадстаўлены на сайтах райвыканкамаў па Гродзенскай вобласці, самы вялікі прыбытак у дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства “Слоніммэбля” Уладзіміра Уладзіміравіча Маркушэўскага – 63.435,26 рубля, і Аляксея Мікалаевіча Лысухі – намесніка кіраўніка філіяла “Слонімскае ўпраўленне магістральных газаправодаў”– 43.275,28 рубля.

Неблагі прыбытак мелі і дырэктары навучальных устаноў і бальніц, якія балатуюцца ў якасці кандыдатаў. Напрыклад, Святлана Іванаўна Аляхновіч, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі “Гімназія №1 г.Навагрудка” за 2016 год атрымала 16.599,99 рубля, а Эльвіра Аляксееўна Сарока, дырэктар установы адукацыі “Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй”, за той жа час мела 21.928 рублёў. Даход Вольгі Войцехаўны Пярко, намесніка галоўнага ўрача па арганізацыйна-метадычнай рабоце УАЗ “Навагрудская ЦРБ”, за 2016 год склаў 19.485,08 рубля.

Поделиться ссылкой: