Мала хто з гараджан мог уявіць, што гэты стары, якога ўвесь час падманвалі пры аплаце працы, карыстаючыся яго хваробай, насамрэч сапраўдны фотамайстар, творы якога заўважаць толькі пасля смерці: 19 студзеня ў Мінску адбылося адкрыццё выставы “Правінцыя” з яго фотаздымкамі.

Аповед пра свой цікавы жыццёвы шлях Пётр Таранда пакінуў на пажоўклых лістах і магнітафонных бабінах. Яны напоўнены шматлікімі падрабязнасцямі, якія высвечваюць эпоху ў павелічальным шкле гісторыі, асабліва тая іх частка, што датычыцца падзей Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць у іх месца і гумару, і разважанням, і дакладным назіранням, і трапным заўвагам.

Ён, адзін з чатырох дзяцей звычайнай беларускай сям’і, нарадзіўся ў 1921 годзе ў вёсцы Зарытава (сёння – Ляхавіцкі раён Брэсцкай вобласці), незадоўга да таго спаленай падчас польска-савецкай вайны. Петрык, як яго называлі родныя, з’явіўся ў цяжкі час. Вёску прыйшлося адбудоўваць наноў, для чаго ў ход ішлі і бярвёны з ваенных бліндажоў, і шпалы разабранай сялянамі чыгункі ад Ганцавічаў да Гарадзеі.

Зарытава ў міжваенны час стала вядомым у Заходняй Беларусі цэнтрам хрысціян веры Евангельскай, першы збор якіх адбыўся тут у 1926 годзе. Бацька Петрыка нават пабудаваў малітоўны дом, на адкрыццё якога ў 1938 годзе сабралася ўся вёска.

Петрык тры гады адвучыўся на краўца, але, скончыўшы курсы ў Баранавічах, пайшоў збіраць радыёпрыёмнікі. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР ён трапіў у Ленінград на курсы пры Інстытуце чыгуначнага транспарту і пасля іх заканчэння стаў працаваць памочнікам машыніста.

На цягніку вазіў збожжа і метал для Германіі і якраз 21 чэрвеня 1941 года вярнуўся пасля такой камандзіроўкі ў Баранавічы. А ўжо на наступны дзень пачалася вайна. Петрык быў адным з тых, хто вывеў падчас бамбёжкі з Баранавічаў апошні эшалон, загружаны абсталяваннем і перапоўнены людзьмі, у асноўным працоўнымі з Усходняй Беларусі і Расіі. Уначы цягнік дабраўся да сталіцы Беларусі: “Мы праехалі праз вялізны касцёр, якім стаў Мінск… Зарыва ад яго было відаць яшчэ і праз 40 кіламетраў”.

Падзеі першых дзён вайны Пётр Таранда апісаў з вялікай падрабязнасцю. Распавёў, як аскепкамі разарваных бомбаў закідвала людзей, якія на кожным прыпынку намагаліся залезці ў перапоўнены цягнік. І пра тое, як шукалі ваду для машыны, паколькі менавіта гэта было жыццёва неабходна. І пра тое, як у Койданаве на станцыі ён пабачыў чалавека, якому выбухам адарвала ногі і рукі і ў якім пазнаў свайго сябру Аляксандра Дзянісава, аднаго з лепшых памочнікаў машыніста ва ўсёй Беларусі: “Ён прасіўся, каб яго або забралі, або дабілі. Абы толькі не пакідалі. Але куды ж мы з ім, калі ні ног, ні рук. І самі не ведаем, што з намі здарыцца праз хвіліну. Мы вымушаны былі яго пакінуць, таму што месца трэба было іншым”.

Наступны месяц Пётр Таранда эшалонам вывозіў абсталяванне з беларускіх гарадоў углыб Расіі. Але прыняў рашэнне пайсці добраахвотнікам на фронт: “Думаў: калі гінуць, дык гінуць на фронце. Можа, хоць аднаго, двух фашыстаў застрэлю, каб адпомсціць за ўсё гэта. Тым больш я добра страляў, меў два значкі “Варашылаўскага стралка”. А тут, на паравозе, я загіну, а адпомсціць не змагу. Дык хоць на тым свеце будзе лягчэй на душы”.

Як кулямётчык ён быў накіраваны пад Кіеў, але адтуль прыйшлося адступаць для абароны Масквы: “Мы ідзём дзень і ноч, дзень і ноч, дзе-нідзе завалімся ў лесе. Уваходзілі ў дом па 100–200 чалавек, абы толькі ў хаце. І ўжо праз пару хвілін усе засыналі, нават стоячы спалі”. Сну ніколі не хапала, у адрозненне ад ежы: “Калі праходзілі па Украіне, малака нам давалі колькі хочаш – пі. Кароў гналі наперад, а іх трэба было здойваць. Хлеба не заўсёды хапала, але людзі нам выносілі агромністыя булкі. Там вельмі добры народ. Сустракалі выдатна”.

Пад Тулай Пётр Таранда разам з іншымі салдатамі і тамтэйшымі жыхарамі, сагнанымі з усёй ваколіцы, капаў супрацьтанкавыя рвы: “Тут у асноўным была моладзь, дзеці, жанчыны, старыя. Супрацьтанкавы роў – гэта яміна глыбінёй тры метры і шырынёй шэсць зверху і метр знізу. А пасля рова яшчэ надаўбні рабілі з рэльсаў”.

Ён паспеў паўдзельнічаць у абароне Масквы, адкуль усіх “заходнікаў” знялі і накіравалі напрыканцы снежня 1941 года ў тыл: “Нам стала нават крыўдна. Але многія радаваліся”. Праз некалькі тыдняў чыгункай ён дабраўся да Чалябінска: “Прыйшлося пабачыць у Чалябінску на станцыях цэлыя горы трупаў. Толькі трупы! Як шпалы нагружаныя, трупы там ляжалі. Ці то нашы, ці то немцы, але жудасна стала. Можа, і з намі такое стане”.

Але абышлося. Салдат з батальёна, у якім ваяваў Таранда, даставілі ў Курганскую вобласць на Першамайскі лесмехпункт, дзе вырабляліся шпалы. Пётр займаўся нарыхтоўкай лесу, загрузкай шпал, а пасля яго як спецыяліста ўладкавалі на электрастанцыю: “Там я жыў добра. Усё ж у цяпле, не тое што па тайзе лазіць і лес грузіць”.

Аднак праз некалькі месяцаў працы на лесмехпункце пачалося дэзерцірства. У гэты час, адкінуўшы немцаў з-пад Масквы, некаторыя савецкія часці ўжо падыходзілі да Беларусі. І Пятру Таранду, як і многім іншым, захацелася дахаты. Толькі з другой спробы ён здолеў збегчы, але, сеўшы не на той цягнік, трапіў у Петрапаўлаўск, што ў Казахстане. Нягледзячы на адсутнасць пашпарта, здолеў уладкавацца ў калгас. Усё было б добра, калі б не любоўная гісторыя. У Пятра завязаліся адносіны з жонкай генерала, які быў у Маскве. А потым ён пакахаў іншую жанчыну, з якой нават хацеў ажаніцца. Тады генеральша, каб не дапусціць гэтага, прыклала ўсе намаганні, каб Таранда зноў апынуўся ў салдатах. Яго накіравалі ў Сталінград для расчысткі горада пасля вялікай бітвы, якая ішла больш за паўгода, да лютага 1943-га, і завяршылася капітуляцыяй нямецкіх войскаў на чале з фельдмаршалам Паўлюсам.

Удзельнічаючы ў будаўніцтве чыгункі ў горадзе Сяроў, каб уратаваць ад голаду знаёмую, Пётр разам з сябрам скралі мяшок мукі. За гэта атрымалі па пяць гадоў пазбаўлення волі і апынуліся ў лагеры. Тут у Пятра і зняволенай жанчыны па імені Паша нарадзілася дачка Надзея. Але як удзельнік баявых дзеянняў Таранда праз два з паловай гады трапіў пад амністыю. Яго ж сяброўцы заставалася сядзець яшчэ 8 гадоў.

Па вяртанні на Радзіму Пётр закахаўся ў іншую жанчыну – Шуру, з якой і ажаніўся. Разам яны працавалі на швейнай фабрыцы ў Баранавічах. У іх з’явілася дачка Ніна. (Насамрэч, Ніна была прыёмнай дачкой, узята з сям’і сястры – выпраўлена рэд.). Прыдбалі матацыкл, потым аўтамабіль. Менавіта ў гэты час Пётр Таранда зацікавіўся фотасправай. Большасць яго фотаздымкаў прысвечана супрацоўнікам швейнай фабрыкі і сялянам роднай вёскі Зарытава. Але яго захапленню перашкодзіла страта зроку. Машыну прыйшлося прадаць. Яздой на матацыкле захапілася дачка Ніна, яна нават удзельнічала ў спаборніцтвах у Ваўкавыску. Потым здарылася аварыя, Ніна моцна пацярпела і ледзь выжыла.

Ужо губляючы зрок, Петрык Таранда стаў запісваць успаміны, калі ж стаў зусім сляпы, задзейнічаў бабінны магнітафон.

Ён памёр напрыканцы 2001 года. Упэўнены: калі-небудзь яго ўспаміны, напоўненыя шматлікімі камічнымі і трагічнымі эпізодамі, стануць асновай для прыгодніцкага рамана.

***

Выставу фатаграфій Пятра Таранды можна пабачыць з 17 мая па 17 чэрвеня 2018 года ў Музеі гісторыі беларускага кіно (Мінск, вул. Свярдлова 4).

Gepostet von Belarusian Association of Photographers am Montag, 14. Mai 2018

«Мірны час» – выстава фотаздымкаў з сямейнага архіва Пятра Таранды, фатографа-аматара з горада Баранавічы. Гэты ўнікальны архіў складаецца з больш чым тысячы негатываў і фатаграфій, быў упершыню апублікаваны толькі цяпер, праз 17 гадоў пасля смерці аўтара. У экспазіцыю ўвайшлі 76 фатаграфій, створаныя ў канцы 50 – 60-х гг. ХХ стагоддзя.

Гэты перыяд мінулага асаблівы для нашай гісторыі: час мірны, у пэўным сэнсе «свецкі», калі савецкі рэжым крыху паслабіў кантроль над прыватным жыццём чалавека. У гісторыі фатаграфіі 50-70-ыя гг. можна лічыць пераломнымі. Упершыню фатаграфічныя тэхналогіі сталі даступнымі, і людзі захапіліся масавым фатаграфаваннем. Менавіта тады заявіў пра сябе жанр сямейнай і аматарскай фатаграфіі.

У адрозненне ад афіцыйных рэпартажных архіваў таго часу, гэтыя фатаграфіі не прасякнуты прапагандай і не ўтрымліваюць ніякага маніфеста. Не задуманыя як мастацкае выказванне, гэтыя здымкі былі створаны з адзінай мэтай – захаванне фатаграфічнай памяці аўтара і блізкіх яму людзей. І як фатаграфіі з многіх хатніх альбомаў, яны працятыя асаблівай цеплынёй і наіўнай непрадказальнасцю, уласцівай вернакулярнай (аматарскай) фатаграфіі.

Пётр Таранда быў даследчыкам сціплага прыватнага свету чалавека таго часу, летапісцам якога ён апынуўся, жадаючы гэтага ці не. Яго неверагодны архіў – перш за ўсё гісторыя пра людзей і іх знікненне. А таксама, гісторыя пра фотаздымкі, здольнай ўхапіць вобраз мінулага і захаваць яго назаўжды.

Генеральныя партнёры: ГУ Нацыянальны Гістарычны Музей Рэспублікі Беларусь
Музей гісторыі беларускага кіно. Арганізатары: Беларускае грамадскае аб’яднанне фатографаў.

Уваход на выставу па агульных квітках у музей.