Я кожны вечар бачу Давіда, калі ён паліць ля ганка. Аднойчы набралася смеласці і загаварыла першай – на правах мясцовай жыхаркі. Сказала, што паліць шкодна і даўно нямодна. «Затое танна. Нашмат танней, чым у Іспаніі», – адказаў Давід. Увогуле, мы разгаварыліся. Давід некалькі гадоў таму скончыў філалагічны факультэт Мадрыдскага ўніверсітэта Камплутэнсе, адной з найстарэйшых навучальных устаноў Іспаніі, заснаванай у 1499 годзе. Але працы па спецыяльнасці ў Іспаніі няма. Таму ён паехаў па свеце: выкладаў іспанскую мову ў Румыніі, Польшчы. А цяпер атабарыўся ў Беларусі.

Давід сказаў:

– Эканамічная сітуацыя ў Іспаніі цяпер не вельмі добрая. Асабліва вялікая канкурэнцыя ў сферы адукацыі. Добра сябе адчуваюць толькі вялікія лінгвістычныя школы, якія існуюць даўным-даўно. Але туды ўладкавацца на працу нерэальна.

– Дарэчы, ва ўніверсітэце ў Мадрыдзе адукацыя бясплатная?

– Платная. Прыкладна 3000 еўра за ўвесь перыяд навучання.

– Хто аплачваў вашу вучобу?

– Бацькі. Дзякуй ім за гэта!

– Вы абяцалі вярнуць ім грошы?

– Не абяцаў, яны і не прасілі.

– А дзе працуюць зараз вашы таварышы па ўніверсітэце?

– Не ў Іспаніі, яны таксама з’ехалі з краіны. З майго курса, на якім вучылася 25 студэнтаў, у Мадрыдзе засталіся два-тры чалавекі. Астатнія паехалі ў Мексіку, ЗША, у Чэшскую Рэспубліку. Само сабой, у Англію.

– А вы, значыць, выбралі Беларусь. Чаму, дазвольце пацікавіцца?

– Таннае жыццё! Так, у Іспаніі я зарабляў бы больш, але і траціў бы больш. А ў вас жыццё нашмат танней: транспарт, ежа, жыллё, камунальныя паслугі. Усё танней, акрамя вольнага часу: дарагія кавярні (менавіта кафэ, а не рэстараны). І дарагія клубы. Кошты, як у Іспаніі.

– Затое недарагія тэатры і музеі.

– Я быў у Мастацкім музеі, у Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У літаратурных музеях Якуба Коласа і Янкі Купалы – праўда, я блытаю пакуль іх прозвішчы. Само сабой, у Нацыянальнай бібліятэцы. Усюды пабываў, пакуль вучыўся на курсах у БДУ. Быў нават на спектаклі «Паўлінка» ў Купалаўскім тэатры.

– І беларускую мову разумееце?!

– У тэатры – не. А калі ў гутарцы чую простыя фразы… У нас у школе, напрыклад, ёсць вучні, якія гавораць толькі па-беларуску.

– А дзе вы вывучалі рускую мову?

– Яе пачаў вывучаць яшчэ ва ўніверсітэце ў Мадрыдзе. Потым па праграме студэнцкага абмену ездзіў вучыцца ў Маскву. А калі паўстала пытанне аб працы, выбраў Мінск, курсы БДУ. Навучанне недарагое, нашмат танней, чым у астатніх краінах. І потым, я, напэўна, вар’ят.

– Лічыце свой прыезд у Беларусь авантурай?

– На момант адкрыцця школы “Эне” я зусім не ўяўляў, ці пойдзе справа, ці будуць у нас вучні. Ніякага рэальнага бізнес-плана не было, тым больш ішоў 2016 год, крызіс. Але, аказваецца, іспанская мова ў Мінску вельмі папулярна, патрэбна людзям. У нашай школе займаецца пад сотню навучэнцаў. Прычым гэта высокаматываваныя людзі, вучацца вельмі добра.

– А вось скажыце, што вам больш за ўсё ў нас у Мінску не спадабалася? Што цяжэй за ўсё было вам, іспанцу, пераадолець?

– Я жыў у Маскве і прыкладна ведаў, які бытавы лад у Беларусі. Я ўяўляў, што Мінск – гэта маленькая Масква. Аказалася – лепш! У параўнанні з Масквой тут не так агрэсіўна, тут спакайней.

– Толькі надвор’е ў нас дрэннае.

– Вельмі! Прытым заўсёды.

– Але ўлетку ў нас было сонца!

– Да? Можа быць, ужо не памятаю…

– Якія яшчэ ўражанні?

– Я ўжо прывык да ўсяго. І цяпер у падрабязнасцях нават не ўзгадаю, што выклікала здзіўленне. Мабыць, неабгароджаныя прыпынкі трамваяў прама пасярэдзіне праезнай часткі. Гэта ж вельмі небяспечна! А раптам машыны не паспеюць затармазіць і прапусціць пасажыраў, якія выходзяць з трамвая?

– Але на практыцы ДТЗ у нас у асноўным адбываюцца на пешаходных пераходах. А на прыпынках – не.

– А яшчэ дзіўна, што людзі садзяцца ў грамадскі транспарт і ніколі не расшпільваюць курткі, не здымаюць шапкі.

– Так холадна ж! А ў вас не так?

– Вядома! Зайшоў у транспарт – расшпіліўся. Выйшаў на вуліцу – усё зашпіліў. Каб тэмпературны рэжым цела захаваць.

– На колькі разлічаны курс навучання ў вашай школе “Эне”?

– На заўсёды! Жартую, вядома, але справа ў тым, што нават калі ты ведаеш мову даволі добра, то свой узровень трэба падтрымліваць у працоўным стане, ім трэба пастаянна карыстацца. А дзе? Толькі ў школе з носьбітам мовы. Канкрэтна ў нас для навучэнцаў такога высокага ўзроўню ёсць моўнай клуб, куды людзі прыходзяць для зносін, дыскусій.

– У гэтым клубе вы абмяркоўваеце палітыку? Каталонскі крызіс, напрыклад.

– Хіба гэта цікава?

– Так! Як вы думаеце, чым гэта палітычнае супрацьстаянне скончыцца?

– О-ёй!.. Не ведаю, калі шчыра. Думаю, яшчэ гады тры-чатыры канфлікт будзе доўжыцца, потым затухне. А потым ізноў паўторыцца гэтак гадоў праз дзесяць. У любым выпадку гэта не супрацьстаянне з баскамі.

– А вы не баіцеся, што Каталонія сыдзе? Кавалак краіны адшпільнецца…

– Кавалак краіны – гэта не кавалак рукі. Што я страчу?

– Тэрыторыю!

– У мяне ёсць тэрыторыя? Першы раз чую! Я люблю Барселону. І яна нікуды не дзенецца, наколькі я разумею, Барселона застанецца на тым жа месцы на карце. А як ёю будуць кіраваць – гэта не важна.

– Як доўга вы думаеце заставацца ў Мінску?

– Я не думаю пра далёкую будучыню. Думаю пра сённяшнія і заўтрашнія ўрокі. Гэтага дастаткова. Да лета праца дакладна ёсць.

– Што вы звычайна везяце адсюль у падарунак сваім родным?

– Нічога.

– Як гэта?

– Калі з Масквы першы раз прывёз ікру – чырвоную, чорную и нават белую, – нікому яна не спадабалася. Мне таксама не падабаецца ікра. Асабіста для мяне крэветкі лепш. Гарэлку прывозіў – таксама так сабе. І матрошкі прывозіў, і шапку-вушанку ўжо прывозіў.

– А вось у нас ёсць прыгожы лён. У крамах можна выбраць для вашай мамы вытанчаныя абрусы і сурвэткі.

– Ой, бацькі ў мяне людзі простыя. Ім нічога не трэба, толькі быць разам з намі, дзецьмі. Мама так і кажа: галоўнае, што ты прыехаў.

– Вашы родныя ўжо прыязджалі ў Мінск?

– Пакуль не. Чакаем, калі бязвізавы рэжым у Беларусь крыху павялічыцца па тэрмінах.