Выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў праводзяцца пры вельмі невялікім прадстаўніцтве апазіцыйных палітычных арганізацый. «Народная Воля» пацікавілася, што ў кандыдатаў у выбарчых праграмах і на што яны спадзяюцца.

Алесь Масюк, г. Слонім. Сябра аргкамітэта партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”. Працуе педагогам дадатковай адукацыі “Слонімскага раённага экалагічнага цэнтра дзяцей і моладзі”. Гадавы заробак за 2016 год – 2974,87 рубля. У мясцовых выбарах удзельнічае пяты раз.

«Людзі не ведаюць сваіх дэпутатаў»: кандыдаты пра тое, навошта ісці на выбары

 – Якую грамадскую дзейнасць вы праводзілі напярэдадні выбараў?

 – Да таго, як ісці кандыдатам у мясцовы савет, я збіраў подпісы за паляпшэнне якасці жыллёва-камунальных паслуг; за павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання сланімчан; за паляпшэнне руху грамадскага транспарту; у абарону сям’і, дзяцей і падлеткаў ад алкагалізму і табакакурэння; за стварэнне новых працоўных месцаў і адмену дэкрэта №3.

Дзякуючы пiсьмовым зваротам да ўладаў, пад якімі падпісалася некалькі сотняў жыхароў нашага мікрараёна, мы дамагліся ўстаноўкі святлафора на скрыжаванні вул. Тапалёвай і пр-та Незалежнасці. Дамагліся асвятлення дарогі і з’яўлення пешаходнага перахода праз дарогу з мікрараёна “Паўднёвы Захад” у бок сярэдняй школы № 8. Улады паабяцалі ў гэтым годзе зрабіць пешаходную дарожку і пандус на лесвічным маршы паміж будынкам «Беларусбанка», размешчанага па вул. Ф.Скарыны, 25а і жылым домам па пр-т. Незалежнасці, 15/3.

– Ці верыце, што можаце перамагчы?

– Перамагчы ў нячэсных выбарах складана, але калі раптам стану дэпутатам, буду актыўна працаваць з выбаршчыкамі. Дабівацца вырашэння розных мясцовых праблем. Фактычна, я ўжо даўно выконваю абавязкі мясцовага дэпутата, толькі без мандата. Пацверджанне таму – мая дзейнасць.

Дзмітрый Бандарчук, г. Гродна. Прадстаўнік руху “Гавары праўду”. Працуе старшынёю жыллёвага кааператыва ў доме, дзе жыве.

«Людзі не ведаюць сваіх дэпутатаў»: кандыдаты пра тое, навошта ісці на выбары

– Чаму вырашылі балатавацца?

 – У сваім раёне за апошнія 15 год я не бачыў ніводнага дзеючага дэпутата, для якога інтарэсы выбаршчыкаў былі бліжэй за яго прафесійныя інтарэсы. А як старшыня жыллёвага каператыва я ведаю, наколькі праца дэпутата запатрабавана ў шматлікіх штодзённых праблемах і ініцыятывах грамадзян.

 – Ці ўдзельнічалі ў выбарах раней?

 – Гэта ўжо другая рэгістрацыя ў якасці кандыдата у дэпутаты ў гарадскі Савет. Першая спроба была 8 год таму.

 – Што змянілася з таго часу?

 – Шмат чаго. За гэты час у кожнага беларуса з’явілася картка для безнаяўных грошаў, па горадзе ходзяць безкантактныя тралейбусы, а ў паліклініку можна запісацца праз інтэрнэт. Але не змянілася стаўленне ўлады да простых выбаршчыкаў, і сведчаннем гэтаму з“ўляецца тое, што людзі не ведаюць сваіх дэпутатаў. Вось гэта трэба мяняць для развіцця Гродна і Беларусі. Дэпутаты могуць абяцаць залатыя горы, але галоўнае – яны павінны быць на сувязі са сваімі выбаршчыкамі, дамагчыся, каб улада не ігнаравала праблемы і не зацягвала іх выканнане. Павінны дапамагаць выбаршчыкам аб’ядноўвацца для рэалізацыі ідэй і вырашэння праблем. А таксама дапамаць уздымаць праблемы, рабіць іх адкрытымі, каб іх абмяркоўвалі, бо гэта дапаможа іх вырашыць у будучыні.

Вітольд Ашурак, г. Бярозаўка (Лідскі раён, Гродзенская вобласць). Сябар БНФ. Часова беспрацоўны.

«Людзі не ведаюць сваіх дэпутатаў»: кандыдаты пра тое, навошта ісці на выбары
Вітольд Ашурак і Сяргей Пантус

– Ці ўпершыню ўдзельнічаеце ў выбарах?

– У выбарах бяру ўдзел не першы раз. У мясцовыя Саветы балатуюся ўжо другі раз. Да таго ж у 2016-м балатаваўся на парламенцкіх выбарах.

– Ці верыце, што можаце перамагчы?

– Што тычыцца перамогі, то стаўлюся да гэтага скептычна і лічу, што гэта мусіць быць прамежкавай мэтай. Галоўная мэта — агітацыя сярод грамадства і здабыццё аўтарытэту сярод выбарцаў. Карацей — праца на перспектыву.

Сяргей Пантус, г. Бярозаўка (Лідскі раён, Гродзенская). Прадстаўнік партыі БНФ. Працаваў на шклозаводзе майстрам 6 разрада па вырабу гарачых шкловырабаў, быў брагадзірам.

– За што вас звольнілі і дзе працуеце цяпер?

– За актыўную грамадзянскую дзейнасць са мною не працягнулі кантракт перад самым 2010 новым годам. Пасля працаваў у Мінску на розных фірмах. У сакавіку гэтага года вярнуўся ў Бярозаўку. Пакуль у пошуках адпаведнай працы.

– Ці першы раз удзельнічаеце ў мясцовых выбарах?

– Так, у якасці кандыдата – першы раз. Да гэтага шмат разоў удзельнічаў: быў і назіральнікам, і даверанай асобай.

– Што зробіце ў выпадку перамогі?

– У такім разе, хоць і не маю ілюзіяў адносна вынікаў, думаю ўздымаць пытанні экалогіі ў горадзе. Экалогія вельмі пагоршылася з адкрыццём вытворчасці шкловаты. Бярозаўка цяпер займае першае месца па анкалагічных захворваннях на Гарадзеншчыне. Таксама я буду ўздымаць пытанне празрыстасці працы гарадскога Савета дэпутатаў, яго справаздачнасці перад выбарцамі. Гэта асноўнае.

Больш пра выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў на чытайце ў заўтрашнім нумары газеты “Народная Воля”.

Поделиться: