Траса перадапошняга ралі-заезду была на рэдкасць складанай і небяспечнай. Маршрут даўжынёй 369 км быў поўны зыбучых пяскоў і дзюн. Многія экіпажы сутыкнуліся з тэхнічнымі праблемамі. У прыватнасці, у Федэрыка Вілагры на Iveco зламалася каробка перадач. Акрамя таго, экіпаж западозрылі ў дазапраўцы грузавіка ў “зоне нейтралізацыі”, што забаронена правіламі. Больш устойлівым і сумленным аказаўся “МАЗ” Сяргея Вязовіча, які прайшоў спецучастак без сур’ёзных здарэнняў.

Вязовіч фінішаваў на 13-м спецучастку чацвёртым, патраціўшы на яго пераадоленне 6 гадзін 26 хвілін. Пераможцам этапу стаў расіянін Эдуард Нікалаеў, якому беларусы саступілі 27 хвілін. У агульным заліку мазаўскі экіпаж падняўся на другое месца і адстае ад лідара амаль на 3 гадзіны 54 хвіліны.

Менш удала склаўся ралі-заезд для двух іншых беларускіх экіпажаў, якія сутыкнуліся з праблемамі на трасе. У прыватнасці, “МАЗ” Аляксея Вішнеўскага пракалоў два колы. Экіпажы ідуць адзін за адным, каб у выпадку чаго прыйсці на дапамогу — такая тактыка ўжо выручала іх на папярэдніх этапах.

Апошні этап пройдзе 20 студзеня вакол аргенцінскага горада Кордаба. Спецучастак працягласцю 120 км уключае каля 30 перашкод, якія не дазволяць пілотам расслабіцца да самага фінішу.

Беларускія гоншчыкі ўдзельнічаюць у ралі-рэйдзе “Дакар” сёмы раз. Уладальнікам каманды выступае Мінскі аўтазавод, тэхнічным партнёрам — тэлекам-аператар velcom. Асноўная мэта — увайсці ў лік наймацнейшых экіпажаў па выніках ралі ў заліку грузавікоў. Марафон у гэтым годзе праходзіць па тэрыторыі трох краін — Перу, Балівіі і Аргенціны. Працягласць толькі хуткасных участкаў складае 3,5 тыс. км, прычым большая частка маршруту прыпадае на высакагор’е.