У некаторым сэнсе жаніцьба Цярэшкі з’яўляецца репетыцыяй вясельных абрадаў – маладыя людзі абіраюць сабе пару і жартоўна «жэняцца». Жаніцьба Цярэшкі – гарэзлівая і нясціплая гульня з прыпеўкамі і танцамі, звычайна адбывалася ў грамадскіх месцах, напрыклад, у карчме.

У разгар вечара хто-небудзь прапаноўваў жаніць Цярэшку; старэйшыя разыходзіліся, моладзь заставалася – і пачыналася. Бойкія на язык «маці» з «бацькам» запрашалі прысутных разбівацца на пары, «бласлаўлялі» іх словамі накшталт «Дай Бог вам шчасця і нішчасця, харошую долю ў волю, уцечкі на печкі, дзеткі ў клеткі». Пасля ўсе спявалі прыпеўкі і танчылі карагод:

(дзяўчаты) Цярэшка каху, каху

Што ў цябе ў мяху, мяху?

(хлопцы) Нітачкі, іголачкі,
Дзяўчатам пярсцёначкі.

і г.д.

Пасля спеваў ішлі гульні – дзяўчаты разбягаліся, хлопцы лавілі іх, і наадварот. Напрыканцы спраўлялі вясельнае застолле.

На сёння ў Беларусі рэканструкцыя абрадавай гульні жаніцьба Цярэшкі праводзіцца не шмат дзе, – напрыклад, у Лепельскім раёне (у 2010-ым годзе абрад атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці).

18 студзеня першы ў сезоне Спеўны сход адбыўся ў культурніцкай прасторы «Корпус», з удзелам Любанскіх музыкаў. Вядучы Спеўных сходаў Сяржук Доўгушаў развучыў з удзельнікамі некалькі цярэшкаўскіх прыпевак, а танцавальны майстар-клас праводзіў вядомы этнографі і танцор Сяргей Выскварка.

Карацей, было горача.

Дарэчы, прыпеўкі з Жаніцьбы Цярэшкі будуць запісаны на кружэлцы «Музыка Беларускай Поўначы», якая будзе выдадзена ў серыі «Традыцыя».

Фота аўтара

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»