Чэрвенскі рынак без перабольшання быў адным са знакавых месцаў Мінска. Вядома, што ён пачаў дзейнічаць яшчэ на пачатку мінулага стагоддзя. Тады сённяшняя вуліца Маякоўскага была часткай Ігуменскага тракту, які вёў у мястэчка Ігумен, што ў некалькіх дзясятках кіламетраў ад Мінска. Пасля рэвалюцыі 1917 года Ігумен перайменавалі ў Чэрвень, а дарогу адпаведна ў Чэрвенскі тракт. І рынак у пачатку вуліцы займеў адпаведную назву.

У гады акупацыі Мінска падчас Другой сусветнай вайны Чэрвенскі рынак быў адным з трох месцаў у горадзе, дзе акупацыйныя ўлады дазвалялі рыначны гандаль.

Рэвалюцыю, перайменаванне і акупацыю Чэрвенскі рынак перажыў, а вось перажыць карэкціроўку генеральнага плана Мінска ў бягучым стагоддзі не змог. Сучасныя мінскія ўлады вырашылі, што агароджаныя бетонным плотам незлічоныя гандлёвыя палаткі не надаюць прэзентабельнасці раёну. Рынак было вырашана зраўнаваць з зямлёй, нягледзячы на пратэсты прадпрымальнікаў, якія там працавалі.

У 2013-м гандлёвыя плошчы з Маякоўскага, 4 перанеслі ў мікрараён “Лошыца”. Прадпрымальнікі і спажыўцы сталі патроху прывыкаць да новага месца. А на старым вось ужо колькі гадоў знаходзіцца… пустэча.

Хаця спроб знайсці інвестара, які заняўся б забудовай вызваленай ад Чэрвенскага рынку зямлі, было дзве.

Спроба першая

Мінгарвыканкам пачаў шукаць інвестара, каб пабудаваць нешта новае на месцы Чэрвенскага рынку, яшчэ даўно. У 2011-м, то бок за два гады да афіцыйнага закрыцця рынку, паміж сталічнымі ўладамі і іранскай кампаніяй “Дзідас” была заключана інвестыцыйная дамова. Тагачасны старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька распавядаў журналістам, што ў рэканструкцыю аб’екта будзе ўкладзена ні многа ні мала 140 мільёнаў долараў. Потым сума меркаваных інвестыцый вырасла – спачатку да 170 мільёнаў, потым да 200 мільёнаў долараў ЗША.

Планы ў кампаніі “Дзідас” былі маштабныя. Згодна з праектам, на тэрыторыі ў 2,45 гектара на перакрыжаванні вуліц Аранскай і Маякоўскага павінен быў паўстаць шматфункцыянальны комплекс, які акрамя гандлёвых плошчаў утрымліваў бы гатэль з “нумарамі-кватэрамі” і вялікі офісны будынак. Дата здачы комплексу была вызначана дакладна – 2015 год.

Праект быў распрацаваны і нават прадстаўлены шырокай грамадскасці, справа далей гэтага не пайшла. Малапрывабная пустэча так і засталася пустэчай.

Але Мінгарвыканкам, праявіўшы зайздросную цярплівасць, усё чакаў, што іранскія партнёры ўсё ж такі зрушаць справу з мёртвай кропкі.

Начальнік упраўлення інвестыцый камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Мікалай Ахраменка распавядаў наступнае: “Ім (іранскім інвестарам. – Аўт.) узгаднілі нязначныя адступленні ад праекта, але прызначэнне аб’екта, па сутнасці, не мянялася: гандлёвыя і адміністрацыйныя плошчы, забаўляльны цэнтр, паркінг. Проста яны перагледжвалі ўнутраныя суадносіны гэтых плошчаў між сабой. Іх спробы пабудаваць жыллё былі адрынуты, таму што гэта не адпавядала горадабудаўнічым дакументам”.

То бок на месцы былога Чэрвенскага рынку кампанія “Дзідас” планавала пабудаваць яшчэ і звычайныя жылыя дамы, аднак гэта не прыйшлося даспадобы мінскім уладам.

Тым не менш апошняе кітайскае папярэджанне іранцы атрымалі: Мінгарвыканкам быў гатовы чакаць ад іх новага праекта да 1 мая 2016 года.

Не дачакаўся. Таму “адносіны з іранцамі былі спынены”.

Шматпакутная, так і не забудаваная пустэча была выстаўлена на аўкцыён…

Спроба другая

Адкрыты аўкцыён па продажы тэрыторыі былога Чэрвенскага рынку з правам праектавання і будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу адбыўся ў Мінскім гарадскім цэнтры нерухомасці яшчэ восенню 2016 года. Новым інвестарам праекта стала кампанія “Сільвер-Капітал”. Дарэчы, гэта быў адзіны ўдзельнік таргоў. Заплаціўшы суму на 5% большую за першапачатковую, “Сільвер-Капітал” атрымаў зямельны ўчастак для рэалізацыі праекта. Канчатковы кошт пытання – 717.170 долараў ЗША.

Што збіраецца пабудаваць на гэтым месцы новы інвестар?

У адрозненне ад іранскага праекта ніякіх гатэля і офісных памяшканняў на месцы Чэрвенскага рынку не будзе. Паводле задумы інвестара, гэта будзе чатырохпавярховы комплекс. На першым паверсе размесцяцца плошчы для гандлю мясам, рыбай, сырамі, малочнай і алкагольнай прадукцыяй. Тут жа з’явяцца  кавярні і рэстараны, таксама будзе прадугледжана месца для правядзення кулінарных майстар-класаў і прэзентацый.

Другі і трэці паверхі плануецца аддаць пад гандаль адзеннем і разнастайнымі аксесуарамі, а на апошнім, чацвёртым, – стварыць зону з забаўляльнымі і спартыўна-аздараўленчымі аб’ектамі.

Дарэчы, паводле задумы інвестараў, новы шматфункцыянальны комплекс захавае старую назву – “Чэрвенскі”.

Зараз рэалізацыя праекта знаходзіцца на стадыі праектавання і пракладкі патрэбных камунікацый на будаўнічай пляцоўцы. На гэта, адведзена два гады. Такім чынам, цягам 2018-га гэты этап павінен быць скончаны. А здаць новы “Чэрвенскі” ў эксплуатацыю плануецца ў 2020 годзе.

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»