Афіцыйна выбарчыя камісіі закончаць сваю працу па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў сёння вечарам, а з заўтрашняга дня ў Беларусі распачнецца агітыцайная кампанія.

Не чакаючы афіцыйнага старту кампаніі, прадстаўнікі правацэнтрыскай кааліцыі, у якую ўваходзіць Аб’яднаная грамадзянская партыя, Рух “За свабоду” і аргкамітэт па стварэнні “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, што называецца, пайшлі ў народ.

Для сустрэчы з народам апазіцыянеры абралі адно з самых людных месцаў беларускай сталіцы – пляцоўку ля Камароўскага рынка. Само мерапрыемства насіла фармат “прэс-канферэнцыі” на адкрытым паветры, падчас якой лідары згаданых структур падвялі вынікі першага этапу выбарчай кампаніі.

Старшыня Руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч, у прыватнасці, адзначыў:

— Учора ў Мінску прайшлі выніковыя пасяджэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій. Там, як вы ведаеце, разглядаліся пытанні аб рэгістрацыі ці нерэгістрацыі вылучаных кандыдатаў. Па выніках гэтых пасяджэнняў можна канстатаваць: Рух “За свабоду” панёс вялікія страты. У сталіцы не былі зарэгістраваны пяцёра з сямі нашых кандыдатаў. Як мы лічым – адмовы ў рэгістрацыі насілі абсалютна надуманы характар. І нават фармулёўка ў адмове ў рэгістрацыі пісалася быццам бы пад капірку. У кожнага з незарэгістраваных кандыдатаў знаходзілі роўна дзесяць быццам бы несапраўдных подпісаў грамадзян, якія выступілі за вылучэнне кандыдата. Роўна па дзесяць – ні больш, ні менш.

Унікальны выпадак адбыўся з нашым маладым кандытам Мікітам Семяненкам. Ён збіраўся балатавацца па Кунцаўскай выбарчай акрузе. Тэрытарыяльная выбарчая камісія фактычна “падаравала” яму кватэру. У якасці адмовы ў рэгістрацыі Семяненку заявілі, што ён не указаў, што мае ва ўласнасці кватэру. Мікіта паехаў у названы камісіяй адрас і ўзяў паперы, што насамрэч ніякіх адносінаў да гэтых квадратных метраў не мае. Тым не менш, хлопца не зарэгістравалі.

З допісу Мікіты Семяненка ў сацыяльных сетках:

«Зямельны кадастар прыпiсау мне кватэру, якой у мяне няма. У вынiку то было падставай каб не зарэгiстраваць мяне кандыдатам у дэпутаты. Буду у судзе патрабаваць ад зямельнага кадастру выплацiць адну базавую кампэнсацыi за маральную шкоду у будучы фонд кандыдата.
P.S. Завiтау да уладальнiцы кватэры па копii дакумэнта на кватэру, што належыць ёй, каб пазьней прадставiць доказы у Суд i Менскую гарадскую выбарчую камiсiю.»

Posted by Mikita Semianenka on Mittwoch, 17. Januar 2018

— Усе несправядлівыя, на нашую думку, адмовы ў рэгістрацыі мы будзем абскарджваць, — кажа спадар Юрась. — На гэта даецца тры дні. Калі не ўдасца абскардзіць гэтыя рашэнні ў вышэйстаячых выбарчых камісіях, калі гэта не ўдасца зрабіць і там — мы будзем падаваць у суды.

Усяго ж па Мінску зарэгістравана ўсяго два “рухаўцы” – гэта сам Юрась Губарэвіч і ягоны намеснік Юрый Меляшкевіч.

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі таксама паведаміў журналістам пра тое, што многія з кандыдатаў ад БХД не зарэгістраваны.

— На гэтую хвіліну канчатковых дадзеных няма, але дакладна вядома, што адмову ў рэгістрацыі атрымалі пяцёра нашых актывістаў, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў. Не зарэгістравалі, у прыватнасці, людзей, якія ўваходзяць у грамадскі рух “328”, што аб’ядноўвае грамадзян, чые сваякі апынуліся за кратамі па “наркатычных” артыкулах. Дакладна вядома, што некаторых з іх выклікалі ў МУС, нагадвалі, што іх сваякі знаходзяцца за кратамі, і лепш адмовіцца ад удзелу ў выбарах, каб у зняволеных не было лішніх праблем.

Дарэчы, і старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына ўпэўнена ў тым, што названыя мной актывісты “ідуць на выбары, каб вырашыць свае ўласныя праблемы”. Пра гэта яна сказала мне і ў прыватнай размове. Усё гэта выглядае як масавыя цэнтралізаваныя рэпрэсіі з боку ўлад.

Мы таксама будзем абскарджваць рашэнні аб нерэгістрацыі сваіх кандыдатаў, але спадзеў, што некага з іх адновяць, вельмі малы.

У лідара АГП Анатоля Лябедзькі, у адрозненне ад калег па правацэнтрыскай кааліцыі, настрой быў больш бадзёры – зарэгістраваны ўсе партыйныя вылучэнцы.

— На гэты момант ніводнаму з членаў нашай партыі не адмовілі ў рэгістрацыі. Па ўсёй краіне зарэгістравана 17 чалавек. Чацвёра з іх у Мінску. Задача, якую АГП ставіць перад сабой, заключаецца ў наступным: мы будзем збіраць доказы, што ў Беларусі няма выбараў. Ёсць проста кампанія без правіл. Такія доказы мы сабралі на этапе фармавання ўчастковых выбарчых камісій, калі толькі адзін з нашых прадстаўнікоў увайшоў у камісію, дзе лічаць галасы. Зараз мы бачым доказы таго, што па надуманых, фактычна, палітычных матывах не рэгіструюць моцных апазіцыйных кандыдатаў.