«Вы хацелі абмеркаваць са мной пытанні аптымізацыі МЗС. Калі там ёсць нейкія нестыкоўкі, няўзгодненасці, я гатовы абмеркаваць, каб мы канчаткова маглі прыняць рашэнне», — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Адначасова Лукашэнка падкрэсліў, што ў першую чаргу яго цікавіць знешнеэканамічная дзейнасць. «У першым набліжэнні я знаёмы з вынікамі. Але ў вас больш дакладная інфармацыя. І некалькі слоў пра перспектывы ў плане дыверсіфікацыі знешняга гандлю, дзейнасці нашых пасольстваў», — сказаў ён.

Як праінфармаваў Макей, у развіцці знешнеэканамічнай дзейнасці паводле вынікаў 2017 года назіраюцца станоўчыя тэндэнцыі. «Адбыўся рост экспарту на 23%. Прычым на дзве траціны гэта адбылося за кошт росту цэн, але на адну траціну — за кошт фізічнага росту экспарту. Таму ў цэлым гэта можна лічыць станоўчай тэндэнцыяй», — сказаў кіраўнік МЗС.

«Пільны аналіз кажа пра тое, што не трэба самазаспакойвацца. Што да дыверсіфікацыі, тут зрухі таксама ёсць, але трэба яшчэ вельмі шмат працы», — адзначыў міністр.

Паводле апошніх звестак Белстата, у студзені—лістападзе 2017 года знешнегандлёвы абарот тавараў склаў 57 млрд 22,7 млн долараў ЗША, што з разліку ў наяўных цэнах на 23,5% больш, чым за аналагічны перыяд 2016 года. Экспарт склаў 26 млрд 388,1 млн долараў (на 23,4% больш), імпарт — 30 млрд 634,6 млн (на 23,6% больш).

Згодна з вынікамі 11 месяцаў 2017 года экспарт тавараў у натуральным выражэнні ў параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года павялічыўся на 7,5%, імпарт — на 13% пры росце сярэдніх цэн экспарту на 14,8%, імпарту — на 9,3%.