15 гадоў працы аддаў Сяргей Шапран кнізе “Беларускі гістарычны анекдот”, героямі якой сталі больш за 100 вядомых беларускіх грамадскіх і культурных дзеячаў.

Кніга была выдадзена на сродкі з краўдфандынгу напачатку студзеня гэтага года, і палова тыражу ўжо разышлася. Першая прэзентацыя «Анекдоту» адбылася ў Мінску  на курсах беларускай мовы «Мова Нанова», а другая – 17 студзеня ў Гродна.

Ідэя кнігі ўзнікла пасля сустрэчы Сяргея Шапрана ў Мінску з Юрыем Боравым, аўтарам трохтомніка “ХХ стагоддзе ў паданнях і анекдотах”: “Я тады ў яго запытаўся, ці ведае ён хоць адзін беларускі гістарычны анекдот. Ён адказаў, што не. Гэта мне падалося несправядлівым”.

Гістарычныя анекдоты – гэта побытавыя хронікі, якія рэдка калі дакументальна зафіксаваны. Але адмаўляць іх нельга, і нават недаравальна. Бо гэта, свайго роду, неканізаваная гісторыя. Галоўная іх перадумова – наяўнасць гістарычных асобаў. У той жа час такі анекдот не абавязкова павінен быць смешным. Напрыклад, як успрымаць вядомую гісторыю, калі Сталін памяняў ордэры на арышт Янкі Купалы і Якуба Коласа на ордэны для іх?

У такім жа рэчышчы Сяргей Шапран распавёў гісторыю, расказаную Юрыем Боравым, якая кранула яго да глыбіні душы: у 1930-я гады адбылася вялікая нарада членаў Палітбюро на чале са Сталіным, пасля якой зрабілі вялікі агульны здымак з журналістамі. Пасля ж рэпрэсіяў, паколькі фотаздымкаў ворагаў народу захоўваць нельга было, карэспандэнт газеты “Праўда” Рыклін пачаў выразаў такіх асобаў з агульнага здымку. Нарэшце, дарэзаўся да таго, што засталіся толькі ён і Сталін. А калі Хрушчоў развянчаў культ асобы Сталіна, то выразаў і таго, застаўшыся адзін.

У пошуках анекдатычных гісторый Сяргей Шапран размаўляў з Рыгорам Барадуліным, Уладзімірам Арловым, Уладзімірам Някляевем ды дзясяткам іншых выбітных людзей. У выніку і паўстала цэлая кніга. Ёсць у ёй дасціпныя расповеды пра Францыска Скарыну і Дзеда Талаша, Уладзіміра Мулявіна і Змітра Вайцюшкевіча, Андрэя Курэйчыка і Міхаіла Пташука, Святлану Алексіевіч і Валянціна Акудовіча…

Сяргей Шапран шкадуе, што кніга ўжо напісаная, бо амаль кожны дзень у яго з’яўляюцца новыя гісторыі, якія варта было б змясціць у зборніку. Таму, магчыма, у хуткім часе мы пабачым і другое выданне. Тым больш палова накладу ў 1000 экзэмляраў, як кажа аўтар, “ужо разляцелася”.

У якасці прыкладу вось некалькі гумарыстычных гісторый з кнігі Сяргея Шапрана:

Адамовіч і Драч

Алесь Адамовіч быў прынцыпова непітушчым – аддаючы перавагу кефіру, алкаголь не ўжываў нават на святы. Калі Адамовіч вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах і адначасова выкладаў у Маскоўскім дзяржаўным універсітэце, малады і задзірысты ўкраінскі паэт Іван Драч, які жыў па суседстве, звычайна жартаваў: “Доктар, збегай за кефірам!”.

Алексіевіч і Гарбачоў

Былы прэзідэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, упершыню ўбачыўшы Святлану Алексіевіч, быў шчыра здзіўлены:

– Гэта ты такая маленькая, такія кнігі напісала?!

Пісьменніца знаходліва парыравала:

– Ну, вы таксама не гігант, а такую імперыю развалілі!

Пра чыноўнікаў і свіней

Арлоў выступае ў адным з заходнебеларускіх мястэчак. На сустрэчу нечакана завітвае прадстаўнік мясцовай улады. Адказваючы на пытанне пра Еўфрасінню Полацкую, пісьменнік распавядае, што ягонае дзяцінства прайшло побач з зачыненым уладамі Спаса-Еўфрасіньеўскім манастыром, прыгадвае, як розны прышлы люд, паселены ў манастырскія келлі, не зважаючы на заслужаныя праклёны вернікаў, трымаў у Крыжаўзвіжанскім саборы свіней. У гэты момант са свайго месца падае голас чыноўнік:

– Зато у людей было мясо!

«Дурань»

1970-я. Барадулін у шапіку «Саюздруку» “Кітайско-русский словарь”, просіць паказаць і набывае. Прадаўшчыца, забыўшыся, што пакупнік яшчэ не пайшоў, кажа сяброўцы:

– Думала, ніякі дурань не купіць. Аж апошні забралі!

Любімае выслоўе

Пятрусь Броўка, узначальваючы рэдакцыю “БелСЭ”, любіў паўтараць:

– Хлопцы, пішыце сумленна. Калі каму-небудзь нешта не спадабаецца, па-першае, начальства кніг не чытае – яно вечна занятае; па-другое, калі і прачытае, то не хутка. А калі прачытае, тады мы ўжо будзем на пенсіі.

Правіла

Па сведчанні Анатоля Забалоцкага, Караткевіч ніколі не кранаў у рэстаранах накрухмаленыя сурвэткі, тлумачыў:

– Не начальства ж іх мые, а бабулі за капейкі. Абыдземся!