«Літаральна крыху больш за гадзіну таму ў Маскве ў МЗС адбылася сустрэча, падчас якой мы перадалі нашым расійскім калегам абноўлены праект пагаднення і прапанавалі найбліжэйшым часам правесці ў Мінску сустрэчу экспертаў», — сказаў ён.

Мірончык нагадаў, што пытанне ўзаемнага прызнання віз разглядалася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 11 студзеня. «На гэтай сустрэчы быў абмеркаваны шэраг прынцыповых момантаў, шэраг падыходаў, якія павінны знайсці адлюстраванне ў пагадненні паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб узаемным прызнанні віз, — адзначыў Мірончык. — Пасля нарады нашы эксперты яшчэ раз паглядзелі тэкст, яго дапрацавалі зыходзячы з тых крытэрыяў, якія былі вызначаныя. Адзін з крытэрыяў — гэта зняцце праблем з перасячэннем беларуска-расійскай мяжы для замежных грамадзян, натуральна, з захаваннем інтарэсаў Беларусі і Расіі ў галіне бяспекі».

На нарадзе Лукашэнка паставіў задачу на працягу 2018 года ўрэгуляваць рознагалоссі ў памежнай сферы з Расіяй. Паводле яго слоў, рацыянальныя і цалкам вытлумачальныя дзеянні Беларусі ў частцы лібералізацыі візавага рэжыму для замежнікаў выклікаюць насцярожанасць у Расіі. «Беларуска-расійская мяжа набыла негалосны статус, як яе часта называюць у інтэрнэце і ўсюды, «самай дзіўнай мяжы ў Еўропе», — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Расійскі бок без афіцыйнага паведамлення пачаў ажыццяўляць паўнавартасны пашпартны кантроль у дачыненні да ўсіх асоб, якія едуць на аўтамабільным транспарце, а затым — на авія- і чыгуначным».

Паводле слоў Лукашэнкі, расійскі бок зыходзіць нібыта з меркаванняў бяспекі. «Але пра якую бяспеку можа быць гаворка, калі ў нас сумесныя спісы замежнікаў, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы. Ніхто не можа ўехаць, хто знаходзіцца ў гэтых спісах. Хто не знаходзіцца, мае права ўехаць, пакуль не трапіць у гэтыя спісы. таму ўсялякія адгаворкі і спасылкі на тое, што ў нас нібыта не тое тут робіцца, і таму ўводзіцца мяжа, няслушныя», — падкрэсліў ён.