2 лютага спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага – Вялікага сына беларускага народа.

Напярэдадні гэтай падзеі карэспандэнт “Народнай Волі” вырашыў наведацца ў мясціны, дзе нарадзіўся і быў хрышчоны кіраўнік паўстання 1863-1864 гадоў у Беларусі і Літве. Адбылося гэта ў вёсках Мастаўляны і Ялоўка, якія сёння знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы, амаль ля самай мяжы з Беларуссю.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Кастусь Каліноўскі (1838-1864)

У апошнія дні лістапада я накіраваўся з Гродна ў Беласток. Той сустрэў мяне вялізным шкляным вакзалам, які яшчэ чакаў адкрыцця. Беласток – гэта горад, у якім Кастусь Каліноўскі пражыў не менш, чым у Гродна. Адсюль недалёка было да Саколкі, у якой, хутчэй за ўсё, і друкавалася газета “Мужыцкая праўда”. Менавіта з Беластока ён арганізоўваў дзейнасць Гродзенскай рэвалюцыйнай арганізацыі і праводзіў апошнюю падрыхтоўку па арганізацыі паўстанцкіх атрадаў у красавіку 1863 года. У гонар Каліноўскага названа адна з вуліц Беластока. Дарэчы, аднайменныя вуліцы ёсць яшчэ ў Гродна, Мінску, Пружанах і Свіслачы.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Шлях ад Ялоўкі да Мастаўлянаў

Першым пунктам майго маршруту стала вёска Ялоўка, у касцёле якой хрысцілі Кастуся Каліноўскага. Рэйсавым аўтобусам я дабраўся туды за дзве гадзіны. У парку, у цэнтры мястэчка, на месцы колішняга кірмашу, сёння знаходзіцца парк. У ім у 2005 годзе паставілі помнік вялікаму князю Жыгімонту ІІ Аўгусту, які 22 снежня 1545 года дараваў Ялоўцы магдэбургскае права. Цікава, што на стэндзе Жыгімонт Аўгуст пазначаны толькі як польскі кароль, нягледзячы на тое, што гэта была тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага – тады Ялоўка ўваходзіла ў склад Ваўкавыскага павету Навагрудскага ваяводства, а на 1838 год, калі тут хрысцілі Кастуся Каліноўскага, яна ўваходзіла ў склад Ваўкавыскага павету Расійскай імперыі.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Помнік Жыгімонту Аўгусту ў Ялоўцы

Побач знаходзіцца праваслаўная царква, якая была ўзведзена ў 1958-1966 годзе на месцы знішчанага ў выніку нямецкага бамбавання летам 1941 года храма. А дапаўняецца карціна каменным мурам.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Праваслаўная царква ў Ялоўцы

У Ялоўцы маецца касцёл Божага Ператварэння (1859-1862) і рэшткі касцёла Святога Антонія Падуанскага (1910-1915), зруйнаванага немцамі ў 1944 годзе. Але не ў іх хрысцілі Кастуся Каліноўскага. Гэта адбылося ў незахаваным да нашага часу касцёле Міхала Арханёла, пабудаваным яшчэ ў 1747 годзе на сродкі старасты Казіміра Сапегі. Той храм знаходзіўся праз дарогу да сённяшняга дзеючага касцёла, недалёка ад новых могілкаў.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Касцёл Божага Ператварэння ў Ялоўцы

Менавіта ў ім 2 лютага 1838 года Сымон і Вераніка Каліноўскія, у адпаведнасці з традыцыяй, ахрысцілі свайго сына ў гонар Вінцэнта Сарагоскага, у дзень якога ён нарадзіўся. А 4 красавіка тут жа немаўлё было ахрышчана імем, якое абралі бацькі – Канстанцін, у гонар сына Мастаўлянскай уніяцкай царквы Сымона Крукоўскага, які хрысціў трох старэйшых сыноў сям’і Каліноўскіх.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Рэшткі касцёла Святога Антонія Падуанскага

На Ялоўскіх парафіяльных могілках хавалі прадстаўнікоў іх вялікай сям’і. У тым ліку і маці, якая памерла, калі Кастусю Каліноўскаму было ўсяго 5 гадоў. Я агледзеў і старыя, і новыя вясковыя могілкі, але час і адсутнасць людзкой увагі зрабілі сваю справу – сёння на могілках не знойдзеш надмагілляў з імёнамі родных братоў і сясцёр ды маці Кастуся Каліноўскага.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
На могілках

Ад Ялоўкі я вырашыў пешшу дабрацца да Мастаўлян, у якіх 2 лютага 1838 года нарадзіўся Кастусь Каліноўскі. Па дарозе я паспеў дапамагчы мясцоваму жыхару перасунуць прасла плота і пачуць, што да Мастаўлянаў недалёка – усяго кіламетраў з восем. Выдатная асфальтавая дарога давяла мяне да прадпрыемства EuRoPol GAZ, побач з якім стаяла багата машын супрацоўнікаў.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Прадпрыемства EuRoPol GAZ побач з Ялоўкаю

А вось далей асфальт сканчаўся і ў гэтым месцы знаходзілася старое дрэва, якое сваім выглядам нагадвае жывога ахоўніка тутэйшай ваколіцы.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Від на старое дрэва. Паміж гэтымі здымкамі – чатыры гадзіны

Да Мастаўлянаў я дайшоў трохі больш як за гадзіну шпаркай хады – прыспешыў мяне снегапад (а іх мала было ў пераднавагодні час). Наўкола нічога не нагадвала, што гэта іншы бок мяжы, выглядала так, быццам і не пакідаў я Беларусі: апрацаваныя палі, добрая прасёлкавая дарога, нават адзінокія трактары, якія займаліся сельскагаспадарчай працай. Сёння цяжка паверыць, што менавіта гэтым шляхам ездзіла сям’я Каліноўскіх з Мастаўлянаў у Ялоўку, а вясной-летам 1863 года тут актыўна перамяшчаліся паўстанцкія атрады на чале з сябрам Кастуся – Валерыем Урублеўскім, героем 1863 года, будучым генералам Парыжскай камуны.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
У Дублянах

У Дублянах пры дарозе стаялі даўно закінутыя гаспадарчыя пабудовы і камень з абразом Багародзіцы ды кірылічнаю цытатаю з Бібліі. Пры ўваходзе ў Мастаўляны мяне сустрэў светларуды сабака, які, падбегшы, лізнуў маю руку, і, быццам гаспадар, запрашаў крочыць далей. Справа ў метрах пяцідзесяці знаходзіліся чырвона-зялёныя слупкі, якія сведчылі, што я пры самай мяжы. Таму тут без усялякіх праблемаў выдатна працуе мабільная сувязь.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
У Мастаўлянах

У Мастаўлянах я агледзеў драўляную царкву і прайшоўся па праваслаўных, былых уніяцкіх, могілках, падзеленых брукаванай дарогай на дзве часткі – новыя і старыя. Менавіта тут павінны быць пахаваныя родныя браты Кастуся Каліноўскага, ахрышчаныя ва ўніяцкай царкве. Але, як і ў выпадку Ялоўскіх, на гэтых могілках не знойдзеш адпаведных магіл. Хаця на іх захавалася значна больш старых надмагілляў яшчэ з першай паловы ХІХ стагоддзя, а таксама магутныя чугунныя крыжы з сярэдзіны ХІХ стагоддзя.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Помнік у гонар Кастуся Каліноўскага ў Мастаўлянах

Затым я брукаванкай спусціўся да помніка, усталяванага ў 2013 годзе, у 150-ю гадавіну паўстання. Прысвечаны ён Кастусю Каліноўскаму. Вось і ўсё, што сёння нагадвае пра Кастуся Каліноўскага ў гэтых мясцінах, у дадатак да магутных дрэваў, што растуць тут, магчыма, яшчэ з тых самых паўстанцкіх часоў.

З пачуццём выканага абавязку я рушыў у адваротны шлях.

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага
Мастаўляны