Пачатак 1918-га: падзеі пасля разгону з’езда.

У папярэдніх публікацыях, што адбываліся ў сувязі з драматычным становішчам у Беларусі, мы трымаліся дат паводле юліянскага календара, прынятага ў Расійскай імперыі. Падзеі канца 1917 года, асабліва пасля гвалтоўнага разгону ўзброенымі бальшавікамі Усебеларускага з’езда, упершыню вывелі праблему выжывання беларускага народа на міжнародны ўзровень, і таму надалей мы будзем трымацца прынятага на той час ва ўсёй Еўропе грыгарыянскага календара.

Разгон Усебеларускага з’езда кіраўніцтва Выканкама Заходняй вобласці і фронту (Аблвыкамзаха) у асобе Аляксандра Мяснікова (Мяснікяна) вырашыла адзначыць адмысловым вайсковым парадам, які адбыўся ў Мінску 2 студзеня 1918 года. Аднак бальшавіцкі трыумф быў далёка не поўны. Як зазначае не раз ужо намі згаданая даследчыца Дарота Міхалюк, “адусюль у бальшавіцкія цэнтральныя органы беларускія арганізацыі высылалі пратэсты; арганізоўваліся сходы ў падтрымку ўдзельнікаў Усебеларускага з’езда, выказвалася абурэнне”. Бальшавіцкая ўлада ў Петраградзе была вымушана зрабіць тактычны крок назад: наркам па справах нацыянальнасцяў Іосіф Сталін паразмаўляў па тэлефоне з Мясніковым, загадаў выпусціць арыштаваных кіраўнікоў Усебеларускага з’езда і прынёс свае прабачэнні кіраўніку Беларускага Абласнога Камітэта Яўсею Канчару. Паводле сведчання актывіста з’езда, прадстаўніка Цэнтральнай Беларускай Вайсковай рады (ЦБВР) Канстанціна Езавітава, тагачасны Вярхоўны галоўнакамандуючы расійскіх войскаў Мікалай Крыленка атрымаў распараджэнне правесці перамовы з ЦБВР. Бальшавікі імкнуліся супакоіць беларускія арганізацыі, сцвярджаючы, што не адмаўляюць абвешчанага імі самімі права народаў на самавызначэнне.

Як ужо адзначалася раней, пачынаючы з 9 (22) снежня 1917 г. у беларускім Брэсце (тады – Брэст-Літоўску) адбываліся перамовы наконт далейшага лёсу нашых земляў, у той час фактычна падзеленых вайной на расійскую і германскую зоны акупацыі. Перамовы гэтыя вялі прадстаўнікі бальшавіцкага ўрада з Петраграда і ўпаўнаважаныя кайзераўскім урадам вайсковыя чыны нямецкай арміі. Пасля стварэння Выканаўчага камітэта Усебеларускага з’езда гэты камітэт вырашыў неадкладна выслаць у Брэст сваіх упаўнаважаных прадстаўнікоў – Аляксандра Цвікевіча, Сымона Рак-Міхайлоўскага і Янку Сераду. Першыя двое, нягледзячы на рэжым лініі фронту, здолелі даехаць туды, але іх у залу савецка-кайзераўскіх перамоў не дапусцілі. Беларускія дэлегаты спрабавалі трапіць туды ў складзе дэлегацыі Украінскай Народнай Рэспублікі, аднак і гэта ім не ўдалося зрабіць. Прычына простая: украінцы да таго моманту паспелі ўжо стварыць урад (Цэнтральную Раду) аўтаномнай рэспублікі і 10 студзеня 1918 года далучыцца да брэсцкіх перамоў, а ў Беларусі дзяржава ні ў якой форме яшчэ не была нават абвешчана.

Немалаважным чыннікам малой увагі да беларускага пытання было і тое, што працягвалася Першая сусветная вайна, а ў такіх умовах перавагу мелі структуры, якія абапіраліся на рэальную вайсковую сілу. У Выканаўчым камітэце Усебеларускага з’езда гэта добра разумелі, і было прынята рашэнне актывізаваць працу па стварэнні ўласнага беларускага войска.

15 студзеня 1917 г. у Мінску сабраўся першы сход беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту, на якім было прынята рашэнне аб стварэнні Беларускай Чырвонай гвардыі. Патрыятычна настроеныя афіцэры-беларусы Румынскага фронту (а менавіта ў складзе гэтага фронту на той момант знаходзілася большасць вайскоўцаў, мабілізаваных з тэрыторыі Беларусі) дамагліся ад камандавання выдання загаду “аб стварэнні Беларускай вайсковай камісіі па арганізацыі беларускіх вайсковых частак на Румынскім фронце”. Гэты загад за нумарам 1332, быў выдадзены 22 студзеня 1918 года. У ім быў вызначаны склад вайсковай камісіі, якую ўзначаліў герой Першай сусветнай вайны генерал-маёр Іосіф Пажарскі і ў якую ўвайшлі: падпалкоўнік Чуніхін, штабс-капітан Манцэвіч, штабс-ротмістр Пажарскі, паручнікі Ленчыёні і Гаранскі. Прадугледжвалася і прадстаўніцтва Беларускай рады фронту ў асобе абранага ёй старшыні. На падставе вышэйзгаданага загаду па Румынскім фронце быў падпісаны і загад №1362, згодна з якім 6-ы Таўрагенскі пагранічны конны полк павінен быў “беларусізавацца” пад назвай “Першы Гусарскі Беларускі нацыянальны полк”, а месцам яго дыслакацыі часова прызначаліся вёскі Балгарыйкі і Табакі.

У той жа дзень, 22 студзеня 1918 года, у Кіеве Украінская Цэнтральная Рада прыняла Чацвёрты Універсал, згодна з якім Украінская Народная Рэспубліка абвяшчалася незалежнай і самастойнай дзяржавай. 27 студзеня рашэннем сходу Беларускай Вайсковай арганізацыі на тэрыторыі Украіны было прынята рашэнне па стварэнні арганізацыі ў падтрымку ЦБВР, якую ўзначалілі Іван Радштэйн і Уладзімір Савасцьянік.

Усе гэтыя дзеянні так або іначай каардынаваліся Цэнтральнай Беларускай Вайсковай радай, што выклікала найперш незадавальненне з боку бальшавікоў. 31 студзеня апошнія абвясцілі аб роспуску гэтай Рады, арыштаваўшы намесніка старшыні – вышэйзгаданага Канстанціна Езавітава – і сакратара Васіля Захарку.