Што цікава: аб’ёмы фінансавання грамадскага аб’яднання засакрэчаны. Указ 2012 года насіў грыф «Для службовага карыстання». З таго, што трапіла ў адкрыты доступ, – толькі інфармацыя аб тым, што ўказам прадпісвалася «бягучае ўтрыманне тэрытарыяльных камітэтаў ГА «БРСМ» ажыццяўляць за кошт сродкаў адпаведных мясцовых бюджэтаў».

Аднак ні для кога не сакрэт, што БРСМ акрамя абавязковай мясцовай падтрымкі штогод атрымлівае фантастычныя сумы з дзяржаўнага бюджэту. Выдаткі на БРСМ у законе аб бюджэце заўсёды прапісаны асобным радком.

Напрыклад, у 2011 годзе фінансавая падтрымка БРСМ ад дзяржавы дасягнула 20,5 мільярда рублёў, ці ў эквіваленце больш за 6 млн долараў, што складала тады 98% усіх грошай, выдаткаваных на маладзёжную палітыку краіны. Не крыўдзілі ўлады БРСМ і ў наступныя гады. У 2018 годзе запланаваны расходы дзяржаўнага бюджэту на БРСМ складаюць амаль 7 мільёнаў рублёў, ці ў пераліку больш за 3 мільёны долараў (?!).

Год Выдзелена сродкаў з рэспубліканскага бюджэту (у дэнамінаваных рублях)
2014 4.314.542,6
2015 5.038.408,1
2016 6.246.767,8
2017 6.201.468,0
2018 6.808.879,0

Указ Лукашэнкі, падпісаны 11 студзеня, павялічвае гэтую суму – 6.808.879 рублёў?

– Думаю, што не, – выказвае сваё меркаванне кіраўнік праекта “Кошт урада” Уладзімір Кавалкін.Указам легалізаваны тыя сумы, якія і пойдуць з бюджэту на падтрымку БРСМ. Проста Лукашэнка крыху спазніўся з яго падпісаннем. У 2012 годзе ўказ быў падпісаны менавіта ў снежні і тычыўся фінансавання БРСМ на перыяд да 2017 года ўключна. Змяненні ў гэты ўказ павінны былі з’явіцца таксама ў снежні 2017-га, але з’явіліся толькі зараз. Аднак па сутнасці нічога не мяняецца: дзяржаўнае фінансаванне БРСМ будзе працягвацца да 2020 года.

Трэба адзначыць, што аналагічныя ўказы, датычныя дзяржпадтрымкі БРСМ, А.Лукашэнка падпісваў і ў 2003-м, і ў 2009 годзе.