15 студзеня на паўторным разглядзе ў Мінскім гарадскім судзе справы аб забойстве ў снежні 2015 года маладой пары ў доме на вуліцы Алібегава і забойстве мужчыны ў пасёлку Калодзішчы (Мінскі раён) дзяржабвінаваўца папрасіў прызначыць асноўным фігурантам Вячаславу Сухарку і Аляксандру Жыльнікаву вышэйшую меру — смяротнае пакаранне, трэцяй абвінавачанай Аліне Шульганавай — 12 гадоў пазбаўлення волі.

Такое ж пакаранне ў дачыненні да гэтых двух мужчын дзяржабвінавачанне запытвала і на першым разглядзе справы ў судзе. Шульганавай дзяржабвінавачанне тады прасіла прызначыць 15 гадоў пазбаўлення волі.6 сакавіка 2017 года Мінгарсуд прыгаварыў 23-гадовага Вячаслава Сухарку і 44-гадовага Аляксандра Жыльнікава, рабочых піларамы, абвінавачаных у забойстве трох чалавек, разбоі, крадзяжы дакументаў, да пажыццёвага зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму і канфіскацыі маёмасці. Трэцяга фігуранта крымінальнай справы, 27-гадовую Аліну Шульганаву, былую актывістку БРСМ, выхавальніцу дзіцячага сада, за арганізацыю прычынення цяжкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека, і падрыхтоўку да выкрадання чалавека суд прыгаварыў да 12 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.

Пацярпелыя па справе — пяць сваякоў забітых. Пры першым разглядзе суд пастанавіў спагнаць у якасці матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды з Сухаркі і Жыльнікава на карысць трох пацярпелых 40, 40 і 70 тысяч рублёў, з трох абвінавачаных на карысць двух пацярпелых — 60 і 60 тысяч рублёў.

14 ліпеня Вярхоўны суд накіраваў справу на паўторны разгляд у Мінскі гарадскі суд з новым складам судовай калегіі па крымінальных справах. З першым прысудам не пагадзіліся ўсе бакі працэсу. Апеляцыйныя скаргі ў ВС накіравалі абвінавачаныя, іх абаронцы і пацярпелыя.

Апеляцыйны пратэст на мяккасць прысуду Мінгарсуда прынесла пракуратура.

Падчас слуханняў у Вярхоўным судзе Сухарка папрасіў замяніць яму пажыццёвае зняволенне расстрэлам.