— Пачну з таго, што запрашэнне да ўдзелу ў пасяджэнні Рады па развіцці прадпрымальніцтва “Перспектыва” атрымала адной з апошніх, — гаворыць суразмоўца. — І то, толькі пасля таго, як была размешчана інфармацыя пра яго адсутнасць. Па шчырасці, спачатку быў намер туды ісці. Яшчэ ў снежні мінулага году адбылася сустрэча паміж кіраўніцтвам “Перспектывы” і старшынём Рады па развіцці прадпрымальніцтва Аляксандрам Турчыным. На той сустрэчы былі абмеркаваны пытанні, якія сапраўды хвалююць індывідуальных прадпрымальнікаў.

Гэта і ўвядзенне патэнту, які б дазваляў ІП сплачваць адзіны падатак і спакойна працаваць, гэта і пытанне ўплаты падатку ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва з боку прадпрымальнікаў. Мы выступаем за тое, каб ён сплачваўся згодна з адпрацаванымі днямі, і не браўся з тых ІП, што не працуюць. Ёсць яшчэ некалькі важных пытанняў: сярод іх — змяншэнне памеру штрафных санкцый, увядзенне пяцігадовага мараторыя на праверкі малога бізнесу, несумленная, на нашую думку, канкурэнцыя з боку гандляроў з Азіі, якія працуюць у Беларусі.

Дамоўленасць са старшынём Рады развіцця прадпрымальніцтва Аляксандрам Турчыным у нас была такая: “Перспектыва” збірае дзясятак чалавек з рэгіёнаў, і мы пачынаем працу з прадстаўнікамі Рады. Працу на рэгулярнай двухбаковай аснове. “Перспектыва” гатова падзяліцца сваім вопытам і ведамі для вырашэння праблем.

— Анатоль, пытанне якраз-такі і палягае ў тым, што трэба весці дялог. Тым больш прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці часта наракаюць на тое, што іх не запрашаюць за “круглы стол” з чыноўнікамі, якія ў рэшце рэшт і прымаюць рашэнні. “Перспектыву” запрасілі, але вы ад удзелу адмовіліся. Ці не падаецца Вам, што гэта не вельмі лагічны крок?

— Мы не супраць дыялогу, мы за яго. Але час “балбатні” у фармаце “пайду паслухаю, што скажуць” даўно мінуў. На нашую думку, у краіне даўно наспеў час прымаць канкрэтныя рашэнні. І Рада развіцця прадпрымальніцтва пра пазіцыю “Перспектывы” па ключавых пытаннях ведае. Пытанне нават не ў фармаце гэтых сустрэч, пытанне ў тым, хто на іх прадстаўлены. У пасяджэнні Рады прымаюць удзел індывідуальныя прадпрымальнікі, якія прадстаўляюць персанальна сябе і адстойваюць інтарэсы выключна ўласнага бізнесу. За “Перспектывай” жа стаяць сотні людзей. І ў нашай арганізацыі ёсць канкрэтная пазіцыя.

Іншымі словамі, мы выступаем за тое, каб сустрэчы прадстаўнікоў улады з ІП, якія прадстаўляюць саміх сябе і свой уласны бізнес, і арганізацый, якія прадстаўляюць інтарэсы прадпрымальнікаў на прафесійнай аснове, праходзілі асобна. Прыйшоў час адыходзіць ад дылетанцтва і працаваць паводле прыкладу цывілізаваных краін, дзе бізнес прадстаўлены на перамовах прафесійнай арганізацыяй. Прасцей кажучы, патэнцыял і вопыт арганізацый на парадак вышэй разрозненай групы прадпрымальнікаў. І гэта, безумоўна, адбіваецца на эфектыўнасці вырашэння пытанняў.

У гэтым самы галоўны “падводны камень”: “Перспектыва” гатова ўдзельнічаць у перамовах з уладамі, прадстаўляючы інтарэсы соцень ІП, а не прасоўваць нечый індывідуальны інтарэс. Таму мы і палічылі, што ўдзел нашай арганізацыі ў пасяджэнні Рады па развіцці прадпрымальніцтва ў такім фармаце немэтазгодны.