
Як паведамляецца на сайце федэрацыі, найлепшай спартсменкай мінулага года названая Аліна Талай — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы ў памяшканні ў бегу на 60 м з бар’ерамі, 2-е месца на камандным чэмпіянаце Еўропы ў Ліле, 6-е месца на чэмпіянаце свету.
Паводле слоў Талай, для яе 2017 год “выдаўся змазаным і не зусім удалым”. “З іншага боку, нават у гэты складаны год я стала шостай на чэмпіянаце свету. Так што не ўсё так дрэнна. А вось 2018 год шмат у чым стане вызначальным. Я ўжо другі год працую з новым трэнерам, на гэтым этапе ўжо можна будзе рабіць нейкія высновы і чакаць вынікаў. Наступным летам на чэмпіянаце Еўропы можна будзе даць ацэнку нашым поспехам”, — сказала яна.
Найлепшым сярод мужчын стаў кідальнік молата Павел Барэйша — 2-е месца каманднага чэмпіянату Еўропы ў Ліле, серабро Сусветнай летняй універсіяды, серабро Кубка Еўропы па кіданнях, 9-е месца чэмпіянату свету.
Павел лічыць, што яго выбралі “з-за стабільнасці”. “Усё ж такі вялікіх правалаў падчас сезона не было”, — адзначыў ён.
Найлепшы мужчынскі трэнер — Сяргей Афанасьеў, жаночы — Валерый Аксянчук.
У моладзі тытулы дасталіся Дзмітрыю Набокаву (скачкі ў вышыню) і Эльвіры Герман (бег). Найлепшы трэнер — Уладзімір Фамічоў.
Найлепшымі лёгкаатлетамі сярод юніёраў названыя Максім Недасекаў (скачкі ў вышыню) і Віялета Скварцова — чэмпіёнка Еўропы сярод юніёраў па скачках у Грасета. Яна таксама ўдастоеная намінацыі “Учынак года” за патрыятызм і павагу да дзяржаўнай сімволікі. Нагадаем, спартсменка пайшла з п’едэстала, калі памылкова прагучаў гімн не Беларусі.
У трэнераў у гэтай катэгорыі статуэтка дасталася Таццяне Нарэйцы.
У катэгорыі “юнакі і дзяўчаты” ўладальнікамі ўзнагарод сталі Міхаіл Самусёў (штурханне ядра) і Кацярына Валадкевіч (кіданне молата). Найлепшым трэнерам названы Ігар Варанцоў.
Спецыяльную прэмію “Прарыў года” атрымаў скакун Павел Селіверстаў — бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы ў закрытых памяшканнях (Бялград, Сербія).
Прэмія “Характар года” — у Крысціны Ціманоўскай, сярэбранага прызёра па бегу на 100 м чэмпіянату Еўропы сярод моладзі ў польскім Быдгашчы.
“Камандай года” названая жаночая зборная, якая заваявала Кубак Еўропы ў бегу на 10.000 м: Вольга Мазуронак, Святлана Кудзеліч, Анастасія Іванова, Ніна Савіна, Людміла Ляховіч, Таццяна Стафаненка.