– Аляксандр Паўлавіч, хоць і са спазненнем, але ад душы хачу вас павіншаваць з днём народзінаў! Самае галоўнае, каб здароўе было не па ўзросце выдатным, праца прыносіла прыемнае задавальненне, а блізкія не хварэлі і прымушалі толькі ўсміхацца!

– Дзякуй вялікі! Гэта такія вельмі простыя, але сапраўды галоўныя рэчы.

– Раскажыце, як адсвяткавалі?

– Нармальна! Сабраліся ўсёй сям’ёй: сын з жонкай, унукі, праўнукі. Пасядзелі. Унукі ўжо дарослыя, а праўнукі яшчэ не вельмі, ім тры і пяць гадоў, але такія шустрыя дзяўчынкі!

– Хапае ў вас часу з імі займацца?

– Сын і ўнукі асобна жывуць, кожны сам па сабе. Але, калі сустракаемся, люблю з імі праводзіць час.

– Падарункаў вам надарылі?

– Гэта ў маім ўзросце ўжо не так і важна. Важна, як вы сказалі, каб у сям’і ўсё нармальна было, каб ніхто не хварэў. Праца мяне таксама радуе. Ну а што тычыцца здароўя, то, канешне, пэўныя праблемы ёсць, але трымаюся!

– Галоўнае, каб ніякія новыя хваробы не павылазілі, цьфу-цьфу!

– Вось раніцай, Марыначка, устаеш і думаеш: глянь, якое добрае самаадчуванне – як учора!

– З пачуццём гумару ў вас заўсёды нармальна было! Калі не памыляюся, вы ж у Акадэміі навук яшчэ на поўную катушку працуеце? Не стамляецеся?

– Гэта для мяне зусім не цяжка. Галава працуе нармальна, вынікі атрымліваюцца.

– У вас, можа, ёсць нейкія сакрэты, як доўга трымаць сябе ў належнай форме? Можа, вы яблыкі маладзільныя ці гарбату спецыяльную ўжываеце?

– Здаецца, нічога асаблівага ніяма. Але яблыкаў сапраўды ем многа! У ежы абмежаванняў ніякіх. Ем усё, што трапляецца пад руку. Праўда, раніцай на сняданак у мяне ўжо шмат гадоў заўсёды каша аўсяная. Смачна!

І яшчэ я многа хаджу пешшу. Хвілін 30 іду на працу і столькі ж назад. Прычым у любое надвор’е! І па сабе адчуваю, што гэта дае добрыя вынікі.

– Ну нездарма ж кажуць, што рух – гэта жыццё!

– Сапраўды так! Але прызнаюся: на лецішчы быў летам, дык ужо цяжкавата паднімаць вялікія калоды, каб рассекчы. Але дровы калоць яшчэ магу! Увогуле, я на дачы ўсё сам раблю. Мне гэта таксама задавальненне прыносіць.

– А машыну водзіце?

– Ужо не. У адзін момант неяк адчуў, што мне ўжо не трэба за руль садзіцца, бо пэўныя праблемы са зрокам маю. З-за гэтага стаў дрэнна ацэньваць дарожную сітуацыю. Але мне падабаецца хадзіць пешшу.

– Мне падаецца, што яшчэ адзін са складнікаў добрага самаадчування – тое, як ты ставішся да жыцця. Калі па кожнай дробязі перажываць, псаваць сабе нервы, то ніякае сэрца не вытрымае, нават здаровае. Больш пазітыву павінна быць! Згодны?

– Безумоўна! Яшчэ калі ў Савеце Рэспублікі працаваў і на мяне быў даволі моцны накат, я перажываў вельмі. І аднойчы сабе сказаў: калі так і далей будзе працягвацца і сэрца балець, то я і памру хутка. І з таго часу не звяртаю ўвагі на тое, што можа вывесці з раўнавагі, на тое, як другія сябе паводзяць і што яны кажуць. Жыву так, як адчуваю, як лічу правільным і патрэбным. Сваё жыццё я будую сам!