— Як мне дэпутацтвалася ўсе гэтыя гады? З вялікімі цяжкасцямі і вялікім цярпеннем. У нашым сельсавеце я – адзіны дэпутат, які не з’яўляўся выхадцам з улады. Як кантактаваў з калегамі-дэпутатамі? Моўчкі. Разумееце, я такі чалавек, які мае перад сабой канкрэтную мэту, якую стараюся дасягнуць.

Праблем у нашай мясцовасці і сапраўды хапала. Я не буду сябе асабліва хваліць, проста распавяду, што ўдалося зрабіць канкрэтна.

Пачаў я з паляпшэння якасці вясковых дарог – жыхары вёсак Кабакі і Жычын — мае выбарцы папрасілі дапамагчы ў гэтым пытанні. Як і належыць, спачатку я звярнуўся да мясцовых чыноўнікаў. А ў іх, ведаеце, на ўсё дзве фразы: “Пытанне на кантролі” альбо “Мы вас пачулі”. Пачулі то пачулі, але не дачулі. А чыноўнікаў трэба прымушаць працаваць. Калі я зразумеў, што зруху па “дарожным пытанні” не будзе, то звярнуўся напрамую да тагачаснага старшыні Брэсцкага аблвыканкама Канстанціна Сумара. Пасля звароту знайшліся і сродкі, і тэхніка – некаторыя дарогі і сапраўды адрамантавалі. Праўда, за тое, што я “скокнуў праз галаву” і адразу звярнуўся да галоўнага чыноўніка вобласці, на мяне пакрыўдзіўся старшыня раённага Савета дэпутатаў. Але тое справы дзён мінулых.

Акрамя праблем з дарогай, я звяртаў увагу на праблему якасці вады ў вёсцы Кабакі. Людзі скардзіліся, што яна мае непрыемны пах. У выніку мы дабіліся таго, каб былі пабудаваны ачышчальныя збудаванні – па плане гэта павінна адбыцца праз два гады. Людзі нават пагражалі “байкотам” парламенцкіх выбараў, калі іх не пачуюць.

Вось неяк так і працавалася.

— З-за вашай актыўнай дзейнасці не было праблем на працы? Бо працуеце вы на дзяржпрадпрыемстве…

— Адкрыта ніхто палкі ў колы не ўстаўляў, і тое добра.

— Валерый, вы не хаваеце, што з’яўляецеся сябрам аргкамітэта па стварэнні партыі БХД. Ці не перашкаджае вам гэта?

— Так, я тут адкрыта прызнаюся ўсім, што з’яўляюся апазіцыянерам. Дадатковых клапот мне гэта не надае. Людзі бачаць, што я працую. Пра гэта можа сведчыць і той факт, што да мяне звяртаюцца жыхары іншых вёсак нашага раёна, якія не ўваходзяць у акругу, па якой я выбіраўся.

— Зараз вы ізноў ідзеце ў дэпутаты?

— Так. І пра гэта мяне папрасілі самі выбарцы. Але тут здарылася неспадзяванка – камусьці спатрэбілася “перакроіць” межы выбарчай акругі. Раней у маю выбарчую акругу ўваходзіла вёска Жычын і дзве вуліцы ў вёсцы Кабакі – Саўгасная Паўночная і Маладзёжная. Зараз быццам бы збіраюцца змяніць межы акругі, забраўшы тры названыя мной вуліцы. А там жывуць людзі, якім я найболей дапамагаў за час свайго дэпутацтва. Самі людзі сабралі подпісы і звярнуліся ў выбарчую камісію з просьбай, каб вуліцы, на якіх яны жывуць, уключылі ў тую акругу, дзе я збіраюся балатавацца. Пакуль, наколькі я ведаю, пытанне разглядаецца.

— Ці ёсць у вас упэўненасць, што вас паўторна “прапусцяць” у дэпутаты?

— Гэтым разам я падаў дакументы і ў сельскую выбарчую камісію, і ў раённую. Мая ініцыятыўная група зарэгістравана. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца. Але ў мяне ёсць спадзеў на тое, што галасы выбаршчыкаў будуць падлічаны сумленна: у склад камісій уключаны два чалавекі з БНФ. Зараз вось чакаю, калі пададзеныя дакументы разгледзяць у выбарчых камісіях.

Адно скажу вам дакладна: я гатовы і далей працаваць у інтарэсах людзей.