Паводле яе слоў, артэрыяльная гіпертэнзія — гэта хранічнае захворванне, якое найбольш часта сустракаецца ў краіне, з ім звязана мноства іншых захворванняў, якія прыводзяць да смерці.

Левенцава звярнула ўвагу, што адным з асноўных фактараў рызыкі ўзнікнення артэрыяльнай гіпертэнзіі з’яўляецца курэнне. У Беларусі курыць каля траціны насельніцтва, большасць з іх маладыя мужчыны. Курэнне — гэта таксама магутны фактар рызыкі ўзнікнення інсульту.

Яшчэ адным фактарам, які правакуе артэрыяльную гіпертэнзію, з’яўляецца празмернае ўжыванне ў ежу солі. Так, нават здаровы чалавек павінен ужываць не больш як шэсць грамаў солі ў дзень, а які пакутуе на гіпертэнзію — не больш за чатыры. Сярэдні ж беларус штодня з’ядае 12 грамаў солі.

“З досведу Японіі магу сказаць, што, калі яны знізілі спажыванне паваранай солі ў два разы, у іх рэзка знізілася колькасць інсультаў”, — падкрэсліла Левенцава.

Анестэзіёлаг-рэўматолаг Вольга Святліцкая паведаміла, што артэрыяльная гіпертэнзія маладзее. “На жаль, сёння артэрыяльная гіпертэнзія выяўляецца ў многіх падлеткаў, — сказала яна. — Тры чвэрці дзяцей маюць эпізоды яе з’яўлення. І асноўны яе сімптом у дзяцей — галаўны боль. Таму, калі ў падлетка баліць галава, перад тым, як даць таблетку, памерайце яму ціск”.

Святліцкая патлумачыла, што раней у дзяцей былі адрозныя ад дарослых нормы артэрыяльнага ціску, якія вызначаюцца ў залежнасці ад узросту, росту і вагі. Паводле новых стандартаў, устаноўленых у 2017 годзе для падлеткаў ад 16 да 18 гадоў, нармальным у іх лічыцца такі ж ціск, як і ў дарослага, — не вышэй за 140/90 міліметраў ртутнага слупа.

Паводле слоў начальніка аддзела першаснай медыка-санітарнай дапамогі камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама Людмілы Лугавец, згодна з гарадской статыстыкай, 65—70% чалавек, якія памерлі ва ўзросце ад 40 да 60 гадоў, пакутавалі на артэрыяльную гіпертэнзію. У сталіцы да 80% выездаў брыгад хуткай медыцынскай дапамогі адбываецца да пацыентаў з артэрыяльнай гіпертэнзіяй.