“У канцы мінулага года, а дакладней за жнівень—снежань, кошт нафты вырас на 25,8%. У 2018 годзе на 10% павялічваюцца стаўкі акцызаў на маторнае паліва. У такіх умовах для кампенсацыі страт НПЗ цэны на нафтапрадукты неабходна павялічваць”, — заявіў намеснік старшыні канцэрна Андрэй Рыбакоў у інтэрв`ю газеце “Советская Белоруссия”, апублікаваным 11 студзеня.

Ён лічыць, што “назапашваецца псіхалагічна значны скачок”. Толькі для таго, каб кампенсаваць рост кошту нафты, трэба падняць цэны на аўтазапраўках на 23%. Канцэрн лічыць неабходным як мінімум прывесці беларускія цэны на аўтамабільнае паліва да парытэту з коштамі расійскага рынку, якія цяпер вышэйшыя на 7—11%. “Усе магчымыя меры ўнутранага характару для скарачэння выдаткаў нашымі НПЗ ужо распачатыя”, — запэўніў намеснік кіраўніка ведамства.

На пытанне БелаПАН, ці гатовае чарговае рашэнне аб павышэнні цэн на паліва на беларускіх АЗС, у прэс-службе канцэрна заявілі: “Калі такое рашэнне будзе прынятае, мы размесцім яго на сайце “Белнафтахіма”.

Апошнім разам рознічныя кошты на бензін былі павышаныя на 1,7%, або 2 капейкі, 26 кастрычніка 2017 года. Гэта было сёмае падаражанне ў 2017 годзе. Раней цэны павышаліся 11 і 18 сакавіка, 1, 8 і 15 красавіка, 6 мая (кожны раз — на 1 капейку за літр, або на 100 рублёў без уліку дэнамінацыі 2016 года).

На сёння кошт бензіну АІ-92-К5 складае 1,19 рубля за літр, АІ-95-К5 — 1,27. Апошняе падаражанне не кранула дызельнага паліва ДТ-К5, яго кошт у 2017 годзе вырас да 1,29 рубля за літр.

Павышэнне цэн “Белнафтахім” растлумачыў “ростам кошту нафты і неабходнасцю выраўноўвання рознічных цэн на нафтапрадукты ў Беларусі з коштам аўтамабільнага паліва ў сумежных краінах, перш за ўсё ў суседніх рэгіёнах Расійскай Федэрацыі”. “Цана аўтамабільнага паліва на АЗС Беларусі па-ранейшаму застаецца самай нізкай у Еўропе”, — падкрэсліў канцэрн. Больш за два гады (пасля 13 студзеня 2015 года да 11 сакавіка 2017 году) цана аўтамабільнага паліва не мянялася.

Поделиться: