«Упраўленнем Следчага камітэта па горадзе Мінску распачатая і расследуецца крымінальная справа на падставе часткі 2 артыкула 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь у дачыненні да прадстаўніка суб’екта гаспадарання. Сёння ў межах расследавання гэтай крымінальнай справы супрацоўнікамі органаў дазнання (ГУБАЗіК МУС ) былі праведзеныя вобыскі ў офісных памяшканнях кампаніі», — сказаў Кабаковіч.

Ён адзначыў, што СК прымае ўсе магчымыя меры з улікам следчай сітуацыі для забеспячэння бесперабойнай і нармальнай працы суб’екта гаспадарання.

Як высветліў БелаПАН, гаворка ідзе пра ТДА «НП-Сэрвіс». Крыніца, блізкая да кіраўніцтва кампаніі, пацвердзіла інфармацыю аб распачынанні крымінальнай справы.

«Так, былі праведзеныя пэўныя следчыя мерапрыемствы ў кампаніі «НП-Сэрвіс». Раздробны гандаль як працаваў, так і працуе. Да нас ніякіх прэтэнзій не выстаўлялася, бо мы толькі пачалі развівацца», — сказаў суразмоўца.

«НП-Сэрвіс» працуе ў Беларусі з 2000 года і займаецца дыстрыбуцыяй прадуктаў харчавання. З 2007 года кампанія выйшла на рынак камерцыйнай нерухомасці, а ў 2014 годзе адкрыла свой першы магазін. Зараз яна кіруе сеткай магазінаў «Дамашні», якая налічвае больш за 50 аб’ектаў, а таксама ўніверсамам «Цэнтральны» ў Мінску.

За 2016 год выручка «НП-Сэрвіса» склала звыш 190 млн рублёў, што на 25% вышэй за паказчык 2015 года. Чысты прыбытак знізіўся на 30% да 627 тыс. рублёў.

Паводле інфармацыі, размешчанай на сайце кампаніі, яе ўладальнікам з’яўляецца бізнесмен Іван Беразоўскі, які ўваходзіць у лік паспяховых і ўплывовых прадпрымальнікаў Беларусі. Паводле інфармацыі tut.by, ён зараз знаходзіцца ў Лондане.