Лаўрэат Дзяржпрэміі спрабуе абскардзіць тыя дзесяць сутак арышту, якія яму прысудзілі за акцыю, удзелу ў якой ён не браў.

Як паведамляла “Народная Воля”, 1 лістапада суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Святлана Мятлёнак пакарала Уладзіміра Някляева 10-сутачным арыштам за нібыта заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным “Маршы абураных беларусаў 2.0”, які прайшоў у Мінску 21 кастрычніка і ў якім паэт не ўдзельнічаў. Як заклік ісці на марш суд расцаніў фрагмент інтэрв’ю паэта тэлеканалу “Белсат”, тэкст якога быў размешчаны на сайце “Хартыя-97”. На пытанне, чаму беларусы павінны пайсці на гэтую акцыю, Някляеў адказаў: “Дэкрэт № 3, супраць якога актыўна пратэставалі на працягу больш як год не толькі прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, але і ўсе беларусы, па сутнасці, не адменены. Лукашэнка спачатку пагадзіўся з тым, што ён няправільны, што трэба нават вярнуць грошы тым людзям, якія ў іх былі адабраны, і некаторым людзям вярнулі. Я быў на адной сустрэчы, і там казалі: Чаго мы пойдзем на гэтую пратэстную акцыю, калі нам вярнулі грошы? Але па сутнасці ён, я маю на ўвазе дэкрэт, не адменены, і там нават зроблены не лепшыя для простага чалавека, а больш жорсткія ўдакладненні. Практычна па гэтым дэкрэце ўсіх, хто з-за нейкай прычыны часова або пастаянна не мае працы, можна заявіць дармаедам і займацца паборамі з іх. Так што калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба ісці і іх абараняць.

Мінскі гарадскі суд пакінуў рашэнне раённага суда без змен. Але кайданкі на Някляева пакуль не начапілі.

– Я ўсе неабходныя рэчы даўно сабраў, – распавёў Уладзімір Пракопавіч “Народнай Волі”. – І маральна даўно гатовы да адбыцця гэтых сутак. Але выглядае на тое, што ўлада вырашыла перанесці мой арышт на сакавік. І калі не ўзялі мяне пад Новы год, то перад 25 сакавіка ўжо дакладна прыйдуць.

Тэрміну даўніны ў гэтых сутак няма. Таму артыштаваць могуць калі заўгодна і дзе заўгодна. Таму я не расслабляюся. Дый нельга гэтага рабіць, бо адзежа адзежай, а лекі павінны быць заўсёды са мной. Без іх цяпер з дому не выходжу.

– Вы сапраўды чакалі, што Новы год прыйдзецца сустрэць за кратамі?

– Шчыра кажучы, была думка, што арганізуюць такую падлянку. І добра, што не спраўдзіліся мае апасенні, бо Новы год у турме – не самае вялікае задавальненне.

– А можа, даруюць вам гэтыя суткі? Рэзананс жа быў вялікі…

– Мне пакуль не тое што ніводнага дзеяння – ніводнага слова не даравалі! Таму наконт такой міласці ад дзяржавы я ніякага аптымізму не маю.

– Ведаю, што напрыканцы мінулага года вы падалі скаргу ў Вярхоўны суд…

– Так, але, па шчырасці, нічога ад Вярхоўнага суда я таксама не чакаю. Бо ў нас, я лічу, няма судоў, якія не залежалі б ад выканаўчай улады. І калі быў загад зверху, а я гэтага не выключаю, прысудзіць мне гэтыя суткі, то ніхто іншы яго адмяняць не рызыкне.

Дарэчы, калі Вярхоўны суд будзе разглядаць маю скаргу, я не ведаю –дата пакуль не вызначана.