Лідарам рэйтынгу пашпартоў нязменна з’яўляецца Нямеччына. Уладальнікі нямецкага пашпарту могуць наведаць без неабходнасці атрымліваць візу 177 краінаў. На другім месцы рэйтынгу-2018 знаходзіцца Сінгапур – 176 краінаў. Трэцяе месца падзялілі паміж сабой 8 краінаў, сярод іх Нарвегія, Вялікая Брытанія, Францыя, Швецыя, Японія, Фінляндыя, Італія і Данія – 175 межаў для іх адчыненыя.

Беларусь у параўнанні з 2017 годам паднялася ў сусветным рэйтынгу на пяць пазіцыяў – з 70-га месца на 65-е. Плюс чатыры безвізавых краіны для нас дадалося ў гэтым годзе, усяго – 71. Цяпер мы на адной пазіцыі з Казахстанам і Аманам.

Нашыя суседзі, Украіна і Расея, займаюць 44-е і 48-е месца адпаведна. Для ўкраінцаў адкрытыя 114 краінаў, для расейцаў – 110. Літва і Латвія дзеляць 12-е месца рэйтынгу, Польшча размясцілася на 14-м.

У глабальным рэйтынгу беларускі пашпарт цяпер вышэй на 5 пазіцыяў. Куды можна ехаць без візы?

Ніжэйшае, 104-е месца ў рэйтынгу пашпартоў займае Афганістан – усяго 24 краіны, куды без візы можна прыехаць з афганскім пашпартам.

Спіс краінаў, куды беларусы могуць паехаць без візы можна паглядзець на сайце Міністэрства замежных справаў Беларусі.