Цяпер пасольства будзе прымаць заявы ад рэзідэнтаў Беларусі на візы катэгорый A, C1/D, G, F, H, I, J, L, M, O, P і R.

Застаецца ў сіле абмежаванне па ўзросце для асоб, якія звяртаюцца па візы класа B1/B2 (турызм/бізнес). Цяпер у Мінску па візы класа B1/B2 могуць звярнуцца толькі рэзідэнты Беларусі ва ўзросце 50 гадоў і больш.

«Мы працуем над пашырэннем магчымасцяў консульскага аддзела і спадзяемся ў найбліжэйшай будучыні яшчэ больш пашырыць нашы візавыя паслугі», — адзначалася раней у паведамленні дыппрадстаўніцтва.

Раней па візы катэгорый В1/В2 у пасольства ў Мінску маглі звяртацца рэзідэнты Беларусі, якія 70 гадоў і больш. 1 лістапада 2017 года ўзрост зніжаны да 50 гадоў.

Колькасць супрацоўнікаў пасольства ЗША ў Мінску была скарочана па патрабаванні беларускага боку ў сакавіку 2008 года пасля ўвядзення Злучанымі Штатамі санкцый у дачыненні да дзяржканцэрна «Белнафтахім» у сувязі з парушэннямі правоў чалавека ў Беларусі. Неўзабаве пасля гэтага беларускі пасол у ЗША Міхаіл Хвастоў быў адкліканы з Вашынгтона для кансультацый, а Мінск па патрабаванні беларускага боку пакінула пасол Карэн Сцюарт. З таго часу амерыканскую місію ў Мінску ўзначальваюць часовыя павераныя.

Дыпламатычны штат пасольства быў скарочаны з 35 да пяці чалавек. У сувязі з гэтым быў скарочаны пералік консульскіх паслуг грамадзянам.

Беларускія грамадзяне вымушаныя звяртацца па візы ў консульскія аддзяленні пасольстваў ЗША ў Маскве, Варшаве, Кіеве і Вільнюсе.

У 2014 годзе пасольства аднавіла выдачу віз некаторым катэгорыям грамадзян — студэнтам, удзельнікам праграм абмену, людзям, якім больш за 70 гадоў, і тым, у каго раней была амерыканская віза.