Хтосьці з інтэрнэт-аптымістаў нявесела пажартаваў: маўляў, абленаваўся той “Вожык”, цяпер давядзецца пакруціцца. На жаль, я тут далёка не аптыміст і лічу, што ілюстраваны сатырычны часопіс выжыць у нашай сітуацыі папросту не зможа. Як гавораць у народзе, круці не круці – мусіш памярці.

І гэта, вядома, засмучае. Па-першае, “Вожык” адзіны сатырычны часопіс у Беларусі, часопіс-доўгажыхар – выходзіў з 1945 года. Па-другое, ён быў паслядоўна беларускамоўны – і ў змрочныя сталінскія часы, і ў пацешныя хрушчоўскія, калі адмова ад нацыянальных моў мусіла паскорыць хаду савецкага народа да камунізму, і ў часы цяперашняга малаўцямнага (асабліва для СМІ) двухмоўя.

За семдзесят два гады “Вожык”, вядома ж, перажываў і росквіты, і заняпады. Я памятаю часы, калі часопіса было не дакупіцца ў шапіках “Саюздруку”, калі свежы нумар ішоў нарасхват у электрычках, калі ўдалыя і смелыя карыкатуры Кастуся Куксо (цяпер прызнаны класік шаржу жыве і працуе ў Маскве), Аляксандра Каршакевіча і Анатоля Гармазы разляталіся па абшары ад Белавежы да сібірскай тайгі. Па “Вожыку” нашы суседзі вывучалі беларускую мову – як па песнях “Песняроў”!

З “Вожыкам” доўгія гады супрацоўнічалі Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч – непераўзыдзеныя майстры вершаванага выспятка, ад якога не аднойчы вохкалі і чухаліся розныя “хрыстапрадаўцы, адшчапенцы, юды, пярэваратні, выпаўзні, прыблуды, фальшыўцы, прайдзісветы, ашуканцы, рабаўнікі, зладзюгі, ліхвяры, манкурты, прыхвасні, прыстасаванцы, урвіцелі, хапугі, махляры” (класіфікацыя Ніла Сымонавіча).

Хіба ўсе яны вывеліся дарэшты ці пайшлі на звод? Мабыць жа, не. Па-ранейшаму, пладзяцца і размнажаюцца. І цяпер мецьмуць яшчэ больш камфортныя ўмовы для гэтага – без калючак “Вожыка”, прыгаворанага Міністэрствам інфармацыі да галоднай смерці. Хоць чыноўнікі перакананыя – часопіс, які апошнім часам дэманстраваў нядрэнныя паказчыкі ў гаспадарчай дзейнасці, выжыве і без іх дапамогі.

Гадоў сорак “Вожык” выдаваў сваю сатырычна-гумарыстычную бібліятэчку. З сотняў выдадзеных у ёй кніжак згадаю толькі адну – “Сказ пра Лысую Гару” Францішка Ведзьмака-Лысагорскага. Дайце веры, выдадзеная стотысячным накладам паэма пра дачныя прыгоды беларускіх пісьменнікаў стала сапраўдным бестселерам, яе чыталі ў застоллях і вясковых клубах, абмяркоўвалі ў лазнях і ва ўладных кабінетах. Рэдакцыі давялося ў спешным парадку дадрукоўваць дадатковы наклад, які таксама не заляжаўся ў шапіках.

Здавалася б, часопіс з такімі традыцыямі і ў незалежнай краіне знойдзе сваё месца пад сонцам. Бо, як вядома, і на ім ёсць плямы. Але, як аказалася, сёння ў нас няма патрэбы крытыкаваць заганы ў дзяржаве. Спачатку “Вожык”, які вёў свой радавод ад часопіса-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, бясстрашна памкнуўся кальнуць сяго-таго з высокапастаўленых чыноўнікаў, але хутка быў пасаджаны на жорсткі ашыйнік. “Вожык” у ашыйніку – вартае жалю відовішча, і пачаў ён на вачах мізарнець. Здаецца, з 2009 года часопіс стаў квартальнікам, потым выходзіў раз на паўгода. Пасля былі не дужа настойлівыя спробы рэанімаваць выданне, але беспаспяхова. Нездарма ў народзе гавораць: толькі ляж пад абразы, адпявалы знойдуцца.

Адпявалам “Вожыка” бачыцца мне Міністэрства інфармацыі. Прызнацца, не чужое мне – амаль тры гады я там адпрацаваў якраз у аддзеле перыядычных выданняў. Дык вось падчас маёй службы (1995–1998) спіс падтрыманых з дзяржбюджэту беларускамоўных газет і часопісаў налічваў 43 пазіцыі. Цяпер іх амаль удвая менш – 23. Паступова і неяк незаўважна зніклі з інфармацыйнай прасторы дзіцячая газета “Раніца”, маладзёвая “Чырвоная змена”, часопіс “Спадчына”. Дайшла чарга і да “Вожыка”.

Калісьці ў ім, папулярным і ганарарным, друкаваўся і Алесь Карлюкевіч – сённяшні міністр інфармацыі, чыё імя цяпер нават на вокладках кніг пішацца цалкам – Аляксандр Мікалаевіч Карлюкевіч. Як жа так сталася, што мы, колішнія аўтары “Вожыка”, апынуліся сёння па розныя бакі барыкад? “Вожык”, ацалелы нават пры міністры Замяталіне, які лічыў з’яўленне беларускай нацыі гістарычнай памылкай бальшавікоў, можа памерці пры міністры-пісьменніку, які напісаў столькі прыгожых слоў пра любоў да радзімы ў сваіх краязнаўчых кнігах…

А яшчэ пісьменнік-краязнавец Алесь Карлюкевіч раней, да прызначэння на начальніцкія пасады, ахвотна публікаваўся ў рэгіянальных перыёдыках. З цікавымі, трэба прызнаць, даследаваннямі. Сёння краязнаўца-міністра там мусілі б перакладаць, бо абласны і раённы друк амаль цалкам перайшоў на рускую мову. Бываючы на малой радзіме, я з жалем гартаю зэльвенскую раёнку “Праца”, ваўкавыскі “Наш час”, “Гродзенскую праўду” – беларуская мова там толькі ў назвах. Такой непрыхаванай русіфікацыі мясцовага друку нават у савецкія часы не было.

Ці магчыма спыніць гэты пагібельны працэс? Мяркую, што магчыма. Выказаўся жа нядаўна кіраўнік краіны ў падтрымку беларусізацыі (“не германізацыю ж у Беларусі праводзіць”). Дык хай бы шаноўны Аляксандр Карлюкевіч разаслаў па падведамасных яму рэдакцыях акуратненькае такое міністэрскае папярэджанне пра няправільнае разуменне двухмоўя, перагібы на месцах і г.д. Рэдактары – людзі кемлівыя, зразумелі б з паўслова. Толькі ці прычакаюць яны такога паслання?

Думаецца, для міністра Аляксандра Карлюкевіча настаў своеасаблівы момант ісціны – ці яго рукамі па-ранейшаму будуць душыцца беларускамоўныя выданні, ці ён, скарыстаўшы спрыяльныя павевы ў дзяржпалітыцы, зможа змяніць сітуацыю да лепшага. Ці ўжо і раённы друк міністру не падначальваецца?

Што да няшчаснага “Вожыка”, то прыгадваецца пачутая аднойчы ў Балгарыі гісторыя. Ёсць на балгарскім узбярэжжы гарадок Залатыя Пяскі з цёплым морам і мяккім, як праз дробнае сіта прасеяным, пяском. Але там доўга не маглі зрабіць курорт, бо ў прыбярэжных вінаградніках вяліся змеі, якія выпаўзалі на пляжы і адпалохвалі адпачыннікаў. На іх палявалі, іх труцілі – нічога не дапамагала. І тады нехта прывёз у Залатыя Пяскі вожыкаў. Праз год там не засталося ніводнага гада…

“Вожык” у Беларусі патрэбны. Не станьце ж яго далакопам, шаноўны міністр Аляксандр Карлюкевіч!