Сённяшні госць “Народнай Волі” адзін з яго заснавальнікаў, знакаміты барабаншчык і стваральнік фестывалю «Барабанны біт» Аляксандр Сапега.

– Аляксандр, у вас ёсць нейкае тлумачэнне таму, што за апошнія 25 гадоў у нашай краіне так і не з’явілася джазавага калектыву вашага ўзроўню?

– Ну чаму, у Беларусі ёсць нядрэнныя бэнды. Але, магчыма, яны не такія прыкметныя, таму што іграюць не сваё. А «Apple tea» – гэта ж перш за ўсё аўтарская музыка. Мы і цяпер над новым альбомам працуем.

– Не так даўно на сваёй старонцы ў адной з сацыяльных сетак вы напісалі: «Чаму беларусы не шануюць сваіх музыкантаў і плацяць ім капейкі?». Рэакцыя карыстальнікаў была бурная, з вялікай колькасцю каментарыяў. Адказ знайшлі?

– У нашых людзей, на жаль, вельмі невысокі агульны ўзровень музычнай культуры. Ёсць, канешне, і тыя, хто ходзіць на філарманічныя канцэрты. Але гэта хутчэй выключэнне. Многія ж не адчуваюць розніцы паміж якасным і ніякім. Таму ім, вобразна кажучы, прасцей даць тры рублі дзецям, якія толькі ўчора «навучыліся» іграць, чым па-сапраўднаму ацаніць прафесійных выканаўцаў.

Барабаншчык Аляксандр Сапега: «Калісьці мы марылі, што Мінск стане сапраўднай джазавай сталіцай»

“Жанну я часта бачу ў дзецях…”

– Аляксандр, прозвішча ў вас, канешне, каралеўскае! Але да «тых самых» Сапегаў вы, наколькі я ведаю, не маеце ніякага дачынення.

– У бабулі і дзядулі з боку таты палова вёскі – Сапегі. А па шчырасці: як можна ганарыцца тым, што ты з нейкага знакамітага роду? У кожнай сям’і заўсёды ж ёсць і героі, і прайдзісветы.

– Ваш сын Ян – таксама барабаншчык, вучыцца цяпер на джазавым аддзяленні ў Амстэрдамскай кансерваторыі. Калі па-нармальнаму, то дзеці павінны быць лепшымі за бацькоў. У вас у гэтым сэнсе ўсё як у людзей?

– Янка вельмі тонкі выканаўца. Сучасная джазавая музыка – яна ж амаль уся на дотыках і нюансах, часам трэба ледзьве кранацца барабанаў. І ў сына гэта атрымліваецца ўжо лепш, чым у мяне.

– Малодшая дачушка, напэўна, таксама паказвае музычныя здольнасці? Дарэчы, ёй амаль столькі ж, колькі і вашай першай унучцы. Як гэта – стаць бацькам, калі табе за пяцьдзясят?

– Першы раз я стаў татам у 23 гады. Цяпер гэта зусім іншыя эмоцыі. Ты разумееш, што такое жыццё, што такое выхаванне. Але сваімі старэйшымі дзецьмі я магу ганарыцца. Аліса і Ян мала таго, што сумленныя людзі, асобы, дык яшчэ і вельмі класныя музыканты.

– У сацыяльных сетках вы вельмі кранальна пішаце пра іх маму, Жанну. Шмат часу мінула, як ваша першая супруга адышла ў лепшы свет. Час лечыць?

– Зараз, дарэчы, стаў менш пісаць. Раны паволі зацягваюцца і застаецца проста добры ўспамін. А Жанну я часта бачу ў дзецях – яе інтанацыі, яе рухі. Жыццё працягваецца…

 Барабаншчык Аляксандр Сапега: «Калісьці мы марылі, што Мінск стане сапраўднай джазавай сталіцай»

Дзяўчына з барабаннымі палачкамі – гэта заўсёды эфектна

– Пару гадоў таму ў сусветны пракат выйшаў фільм «Апантанасць». Карціна Дэм’ена Шазэла сабрала ўзнагароды самых прэстыжных кінафестываляў. У гэтай гісторыі пра лёс маладога барабаншчыка і жорсткасць яго выкладчыка ёсць штосьці падобнае на праўду?

– Мне не спадабалася гэтае кіно. Адносіны паміж настаўнікам і вучнем там убудаваны ў няправільную мадэль, у прафесіяналаў яна не працуе. Таму што музыка – гэта любоў. Так што рэжысёр не да канца ўдала справіўся са сваёй задачай.

– Апошнія 12 гадоў вы ж таксама выкладчык. Чаму вырашылі “асесці” менавіта ва Універсітэце культуры?

– Я сам кансерваторскі і нават падумаць не мог, што стану працаваць у «кульку». Але з цягам часу зразумеў, што ўсюды ёсць як таленавітыя, так і абсалютна нягеглыя людзі. Бывае, чалавек у студэнцтве падае вялікія надзеі, а потым проста змешваецца з агульнай масай. Абсалютная большасць маіх аднакурснікаў зараз увогуле не ў прафесіі, а калі і займаюцца музыкай, то знаходзяцца далёка за межамі глядацкай увагі.

А ў барабанаў сёння па-ранейшаму «не жаночае аблічча»?

За апошнія гады проста неверагодна вырасла колькасць дзяўчат, якія граюць на ўстаноўцы. І гэта заўсёды выглядае вельмі эфектна і прывабна. А жаночы інструмент, мужчынскі… Усё ж залежыць ад меры таленту і адданасці. Наогул, барабаны – самы дэмакратычны інструмент! І займацца на іх вельмі танна. Я заўсёды распавядаю пра гэта бацькам.

Менталітэт народа непахісны

– Не так даўно вы вярнуліся з Марока. У адным са сваіх інтэрв’ю прызнаваліся: паехалі «на кантракт», каб давесці да розуму кватэрнае пытанне. Побыт наладжаны?

– У гонар гэтай паездкі я нават ванны пакой зрабіў у мараканскім стылі! Па тым жыцці часам нават сумую. У Марока неверагодная кухня. Скажам, бяляш у іх – гэта курыца з арахісам і цукрам, абсмажаная ў карамелі. Дзіка смачна!

– Што такое настальгія, цяпер дакладна ведаеце?

– Я вельмі хутка асіміліруюся і досыць лёгка прыстасоўваюся. Але па родных сумаваў сур’ёзна. Калі яны далёка, гэта заўсёды хвалюе.

– Вы не толькі таленавіты выканаўца, але і спраўны арганізатар. Я зараз пра ваш фестываль «Барабанны біт»… Як развіваецца гэты, па сутнасці, унікальны для Беларусі праект?

– Кожны раз я сабе кажу, што гэта мой апошні біт. І кожны раз штосцьі мяне прымушае рухацца далей. І гэтае «штосьці» (як бы трывіяльна цяпер ні гучалі мае словы) – адкрыццё новых талентаў. Фармат фестывалю прайшоў выпрабаванне часам, і зразумела, што сістэма працуе. Я ўпэўнены, што праект будзе жыць. Праўда, для таго каб ён цікава і паспяхова развіваўся, неабходна магутная спонсарская падтрымка.

– Аляксандр, ці ўсё ў вашым музычным жыцці адбываецца так, як вы гэта сабе ўяўлялі гадоў 30 таму?

– На жаль, у Беларусі вельмі мала аматараў джазу. Усё ж такі гэта музыка, якая патрабуе хаця б невялікага інтэлектуальнага напружання. А многія нашы людзі напружвацца чамусьці не імкнуцца. Мушу прызнаць, што кар’ера ў «Apple tea» тут не адбылася. Нават калі параўнацца з суседняй Украінай, а тым больш Польшчай, то беларускія прыхільнікі джазу на іх фоне будуць выглядаць няшчаснай купкай адшчапенцаў. Вядома, калі былі маладыя, мы марылі, што Мінск стане сапраўднай джазавай сталіцай. Але менталітэт народа непахісны.