Раство ў праваслаўі ўваходзіць у лік 12 найважнейшых святаў пасля Вялікадня. Разам з Рускай праваслаўнай царквой, часткай якой з’яўляецца Беларускі экзархат, 7 студзеня гэтае свята адзначаюць у Грузінскай, Іерусалімскай, Польскай і Сербскай праваслаўных цэрквах, якія трымаюцца юліянскага календара (стары стыль). Астатнія дзесяць памесных цэркваў — Албанская, Александрыйская, Антыяхійская, Болгарская, Кіпрская, Канстанцінопальская, Румынская, Эладская, праваслаўная царква ў Амерыцы і царква Чэшскіх зямель і Славакіі — адзначаюць Раство 25 снежня, згодна з новаюліянскім календаром, які супадае з грыгарыянскім.

Кіраўнік Беларускага экзархата РПЦ мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел у святочным пасланні адзначыў, што «Гасподзь запаведваў нам любіць адзін аднаго, захоўваць царкоўнае адзінства, несці людзям мір Хрыстоў і дабро, быць незласлівымі і цярплівымі, быць руплівымі ў малітве і ў служэнні слабым і абяздоленым».

Паводле слоў мітрапаліта, 2017 год «быў няпростым», але «прынёс і нямала духоўнай радасці». Ва ўсіх епархіях святары і міране займаліся «ўпарадкаваннем епархіяльнай і прыходскай дзейнасці, стварэннем якасна новых прыходаў, якія закліканыя стаць сапраўднымі праваслаўнымі абшчынамі, здольнымі да актыўнага ўдзелу ў царкоўнай місіі». Апрача таго, «шмат увагі надавалася развіццю сацыяльных і асветніцкіх праектаў праваслаўнай царквы».

Найважнейшымі тэмамі, да якіх звярталася БПЦ у 2017 годзе, былі 100-я гадавіна аднаўлення патрыяршаства ў Рускай праваслаўнай царкве, трагічныя падзеі гісторыі ХХ стагоддзя, ганенні на царкву.

Мітрапаліт Павел адзначыў, што летась пачалася падрыхтоўка да «знаходжання святых мошчаў блажэннай Валянціны Мінскай».

«Прыдбанне святых мошчаў блажэннай Валянціны і прынясенне гэтай вялікай святыні ў кафедральны сабор сталіцы Белай Русі горада Мінска стане наймацнейшым жыццесцвярджальным імпульсам, які засведчыць перад кожным з нас, жыхароў беларускай зямлі, вечнае значэнне жыцця чалавека ў веры і вернасці Богу, у імкненні да выканання асноўных прынцыпаў Богам запаведанага Евангельскага закону. Перакананы, што такое сведчанне паслужыць усенароднаму ўмацаванню ў свядомасці і жыцці людзей духоўна-маральных каштоўнасцяў і паспрыяе росквіту нашай Айчыны», — падкрэсліў праваслаўны іерарх.

Кіраўнік БПЦ павіншаваў вернікаў са святам Раства і Новым годам і пазычыў усім «добрага здароўя, міру, дабрабыту і невычэрпнай добрай дапамогі Божай у жыцці, подзвігах і працы на славу святой царквы Хрыстовай, на карысць Айчыны і на дабро ўсім бліжнім і дальнім».