Анлайн-дадатак да газеты
"Народная Воля"

Гісторыя кожнай беларускай сям’і – гэта вялікая драма, на падставе якой можна здымаць сапраўдныя галівудскія фільмы. І адзін з іх абавязкова прысвяціць Стаброўскім, пра гісторыю якіх распавядае стары альбом з фотаздымкамі. Найслыннейшы прадстаўнік роду – Іосіф Іосіфавіч, памёр 50 гадоў таму, 15 студзеня 1968 года, загадзя зрабіўшы па сабе помнік. Таму што разумеў: ад савецкай улады ён гэтага не дачакаецца.
12:38 6 студзеня 2018
578
Памер шрыфта
Іосіф Стаброўскі на вяселлі сваякоў Палубінскіх. 1930-я гады

Археолаг, вынаходнік, стваральнік музея Іосіф Стаброўскі (1870-1968) пражыў 98 гадоў насычанага падзеямі жыцця. Як і многія яго продкі з роду Стаброўскіх гербу “Любіч”, вядомага на працягу 400 гадоў, ён быў прафесійным вайскоцам — больш як паўстагоддзя аддаў службе.

Стаброўскія ў Орлавічах. 1891 год

Яго дзед Вінцэнт Стаброўскі (1775-1868) ў 1807 годзе праявіў свае здольнасці ў бітве пад Генсльбергам, за што імператар Аляксандр І уручыў яму Ордэн Свягой Ганны ІІІ ступені. Тройчы жанаты, ён пакінуў вялікую сям’ю. Але ні імператарскі ордэн, ні сям’я не здолелі яго абараніць, калі падчас паўстання 1863-1864 гадоў ён паслаў «к ібені матары» рускага станавага прыстава. За гэта, маючы ўжо 78 гадоў, адсядзеў некалькі месяцаў у Гродзенскай турме. А пасля яшчэ выплаціў штраф у 100 рублёў срэбрам. Падарванае здароўе ужо не аднавілася. Ён быў пахаваны побач з Мілавідскай уніяцкай царквою, будаўніцтва якой фундаваў. Гэта недалёка ад месца, дзе 2 чэрвеня 1863 года абдылася самая вядомая бітва часоў паўстання.

Вінцэнт Стаброўскі (1775-1868)

Другі дзед Іосіфа Стаброўскага па маці – Адольф Масальскі быў сасланы ў нерчынскія руднікі за ўдзел у паўстанні 1863-1864 гадоў. А родны дзядзька, Карл Масальскі, быў растраляны ў Слоніме 5 жніўня 1863 года побач з малым каналам Агінскага.

Сям’я Стаброўскіх з княгіняй Канстанцыяй Масальскай. 1880-я гады

Бацька Іосіфа Стаброўскага – Іосіф Вікенцьевіч атрымаў ордэн Святой Ганны ІІІ-й ступені з мячамі за абарону Севастопаля ў Крымскай вайне 1853-1856 гадоў. А пасля да самай смерці ў 1891 годзе амаль паўстагоддзя мучыўся з кавалкам разарванай бомбы ў грудзях.

Дзядзька Антон Вікенцьевіч Стаброўскі – уладальнік маёнткаў Крупляны, Марыямпаль і Орлавічы. Удзельнік венгерскага пахода 1849 года, Крымскай вайны 1853-1856 гг. З пачаткам руска-турэцкай вайны 1877-1878 года ён, ужо ў даволі сталым узросце, дамагаўся дазволу вярнуцца ў войска. Не дазволілі. Памёр у 1915 годзе і пахаваны ў Моўчадзі.

Браты Іосіф і Антон Стаброўскія, удзельнікі Крымскай вайны

З войскам звязаў свой лёс і родны брат Іосіфа – Казімір, таксама выпускнік Полацкага кадэцкага корпусу і Канстанцінаўскай артылерыйскай школы. Быў падпаручнікам палявой артылерыі і служыў на фабрыцы амуніцыі ў Екацярынаслаўлі. Забіты бальшавікамі.

Казімір Стаброўскі, родны брат Іосіфа Стаброўскага

Падаліся ў войска і пляменнікі Іосіфа Стаброўскага Альгерд і Антон, сыны яго дваюраднага брата Браніслава. Праўда, Антон, які камандаваў артылерыйскай батарэяй, загінуў у першай сусветнай. Пахаваны ў Моўчадзі побач з дзедам, у гонар якога быў названы. А вось дзе пахаваны Альгерд – невядома. Ён загінуў падчас Грамадзянскай вайны ў Расіі.

Браніслаў Стаброўскі з сям’ёй

Яшчэ адзін дваюрадны брат Іосіфа Стаброўскага – Казімір, быў вядомым для свайго часу мастаком і артыстам. У 1904 годзе ён нават заснаваў Школу прыгожых мастацтваў у Варшаве. У 1900 годзе за карціну “Цішня вёскі” на міжнароднай выставе ў Парыжы ён атрымаў сярэбраны медаль. Яго карціны знаходзяцца ў музеях Мюнхена, Дрэздэна, Венецыі і Варшавы. Напярэдадні першай сусветнай вайны ён намаляваў серыю карцін, у якіх прадбачліва адчуваў будучую катастрофу.

Казімір Стаброўскі і рэпрадукцыя яго карціны “Пярун”

Іосіф Стаброўскі, як і многія іншыя прадстаўнікі яго роду, быў чалавекам разнастайных цікавасцяў. Ён паспеў палавіць рыбу на Каспійскім моры, абследаваў месцы баёў з Шамілем, паўдзельнічаў у складанні пяцівёрстнай карты Паўночнага Каўказа, арганізаваў і кіраваў метэрэалагічнай станцыяй, чытаў для салдат лекцыі пра найноўшыя навуковыя адкрыцці, ды і сам зрабіў шэраг вынаходніцтваў (удасканаліў шрапнель і тэлефон), назіраў за будаўніцтвам чыгуначнага маста праз раку Волга, удзельнічаў у асушцы балот у ваколіцах Масквы, ды скончыў Маскоўскі археалагічны інстытут, раскопваў курганы на Слонімшчыне і захапляўся фатаграфіяй.

Іосіф Стаброўскі з жонкай Амеліяй-Веранікай. 19.11.1916

Падчас першай сусветнай Іосіф Стаброўскі даслужыўся да палкоўніка, камандаваў артылерыйскай брыгадай, атрымаў шэраг узнагарод, сярод якіх ордэн Святой Ганны ІІ ступені з мячамі і Святога Раўнаапостальнага князя Уладзіміра ІІІ і ІV ступеняў. 18 мая 1915 года у баі з немцамі на рацэ Раўцы пад Баржынёвым быў атручаны ўдушлівымі газамі. Пасля рэвалюцый 1917 года пэўны час ваяваў на баку бальшавікоў у Заволжы. Але ў 1921 годзе вярнуўся на Слонімшчыну ў родны маёнтак Орлавічы. І нечакана страціў спачатку жонку Амелію-Вераніку, затым у 1924-м 21-гадовага сына Міраслава, а ў 1927-м 20-гадовую дачку Ірэну. Пасля гэтага ён з галавой сыходзіць у археалагічныя даследаванні, а 20 верасня 1929 года засноўвае Слонімскі музей, на адкрыццё якога прыехаў прэзідэнт Польшчы Ігнацій Масціцкі.

Дзеці Іосіфа Стаброўскага Міраслаў і Ірэна

А ў 1931 годзе Іосіф Стаброўскі ажаніўся другі раз, на Эльміры Магамедаўне Байрашэўскай, якая падаравала яму дачку Дзіляру. За наступнае дзесяцігоддзе Іосіф Стаброўскі паспеў аддаць палову сваёй маёмасці на набыццё пяці тысяч экспанатаў для музея. Другую – забралі бальшавікі ў 39-м. Музей жа быў нацыяналізаваны.

Эльміра і Дзіляра Стаброўскія

У выніку частка найбольш каштоўных прадметаў з яго адправілася ў Баранавіцкі музей і Літаратурны музей СССР, як лісты з аўтографамі А. Пушкіна, Г. Дзяржавіна, Л. Талстога, таксама частка экспанатаў, як напрыклад, шахматная дошка Льва Сапегі і абразы, знікшыя падчас нямецкай акупацыі. Дарэчы, музей у час вайны дзейнічаў. Іосіф Стаброўскі нават атрымаў грамату за ўдзел у адной з выстаў.

Дыплом Іосіфа Стаброўскага

Гэта яму не прабачылі, нягледзячы на тое, што ён захаваў асноўную музейную калекцыю і дапамагаў сланімчанам, чым мог. З музея яго звольнілі. Іосіф Стаброскі шукаў праўды. Напісаў 60 скаргаў у розныя ўстановы савецкай дзяржавы. Але праўды не знайшоў.

У 79 гадоў Іосіф Стаброўскі пайшоў касірам домапраўлення, якім працаваў да 86 гадоў. Толькі з-за стану здароўя прыйшлося пакінуць працу. Грошай не было, да таго ж вясною і восенню ўвесь час затоплівала яго хату па вуліцы Камсамольскай у Слоніме. Каб неяк выжыць, ён у 1957 годзе вырашае з’ехаць у Польшчу да сястры Канстанцыі Палубінскай. Але атрымаў адмоўны адказ, паколькі не скарыстаўся такой магчымасцю адразу пасля вайны.

Іосіф Стаброўскі

Да апошняга часу Іосіф Стаброўскі шмат пісаў. Пакуль не памёр 15 студзеня 1968 года ад “сардэчна-сасудзістай недастатковасці”. Пахаваны на могілках у Орлавічах. У памяць пра яго застаўся створаны ім музей, а таксама некалькі цікавых альбомаў з фотаздымкамі, на якіх, быццам жывыя, застаюцца твары яго родных.

Фота geron-1987.blogspot.com.by

Каб мець магчымасць прачытаць цікавыя і актуальныя артыкулы, купляйце PDF-версію газеты!
Хуткая аплата праз смс-сервіс

Чытайце таксама

Па родных мясцінах Кастуся Каліноўскага

2 лютага спаўняецца 180 гадоў з дня нараджэння Кастуся Каліноўскага – Вялікага сына беларускага народа.
23 снежня 2017

Шведскія горы Беларусі

На ўсходнім уездзе ў горад Ваўкавыск ў яго краявідзе вылучаюцца шэраг узвышшаў, сярод якіх самае адметнае – “Шведская гара”. Мясцовая легенда распавядае, што гару гэтую насыпалі шведскія салдаты над м
4 снежня 2017

Таямніца аднаго крыжа: ад самагубства паўстанца да помніка ахвярам вайны

На могілках вёскі Верцялішкі стаіць крыж, які ў мясцовых жыхароў асацыіруецца з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны.