Фільм «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» зняты рэжысёрам Эндру Адамсанам у 2005-ым годзе паводле кнігі брытанска-ірландскага пісьменніка Клайва Льюіса. Фільм быў агучаны кампаніяй «Кінаконг», з удзелам найлепшых беларускіх акцёраў і тэлевядучых, у межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы кампаніі velcom.

Пра што кіно

Чацвёра братоў і сясцёр вымушаны бегчы падчас бамбёжкі Лондана. Дзяцей адсылаюць да цёці ў англійскай правінцыі, у дом старога прафесара. Малодшая з дзяцей, кірпаносая Люсі, гуляючы ў хованкі, знаходзіць у шафе-гардэробе выйсце ў казачную краіну — Нарнію. Там ужо 100 год зіма, якую начаравала Белая Вядзьмарка. Міжволі дзеці аказваюцца ўцягнутымі ва ўнутраныя справы казачнага каралеўства і выконваюць даўняе прароцтва, якое вызваліць жыхароў Нарніі ад злых чараў вядзьмаркі.

Прэм'ерны паказ «Хронікі Нарніі» сабраў поўную залю
Кадр з фільма

«Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» — дарэчы, як і Толкінаўскі «Уладар Пярсцёнкаў» — была напісана ў 1949 годзе. Гэта быў час пасляваеннай галечы і безнадзейнасці, калі грамадства намагалася пераадолець наступствы другой сусветнай вайны – менавіта таму жанр фэнтэзі атрымаў такі водгук у масавага чытача. Бо казачны свет «Нарніі» дае надзею, што дабро ўсё адно пераможа і што «усе войны сканчваюцца».

Ужо першыя эпізоды зачароўваюць стылёвасцю герояў і казачных убораў, прыгажосцю ландшафтаў, – фільм глядзіцца так, што не адарваць вачэй.

Прэм'ерны паказ «Хронікі Нарніі» сабраў поўную залю
velcom courtesy photo

Разам з кінапаказам беларускай версіі стужкі адбылося выданне кнігі «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» упершыню ў перакладзе на беларускую мову. 2000 экзэмпляраў будуць распаўсюджвацца па ўсёй Беларусі ў кнігарнях і праз інтэрнет-крамы. Частка накладу будзе перададзена ў дзіцячыя бібліятэкі.

Прэм'ерны паказ «Хронікі Нарніі» сабраў поўную залю
На паказе можна набыць кнігу «Хронікі Нарніі» або залезці ў сапраўдную антыкварную шафу

Для аматараў добрага кіно на беларускай мове паказы фільма «Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» пройдуць з 5 па 7 студзеня ў кінатэатры «Масква». Яшчэ адна магчымасць трапіць у Нарнію разам з героямі стужкі з’явіцца ў гледачоў напярэдадні Старога Новага года: з 12 па 14 студзеня паказы пройдуць у кінатэатры velcom cinema by Silverscreen.

«Хронікі Нарніі: Леў, Вядзьмарка і гардэроб» стаў восьмым фільмам, які выйшаў на вялікія экраны Мінска ў прафесійнай беларускай агучцы ў межах праекта «Беларускія ўікэнды» пры падтрымцы кампаніі velcom. Дагэтуль у пракаце былі: «Таямніца Келза», «Кніга Ілая», «Пакуль ногі носяць», «Маленькі прынц», «Шторм», «Форэст Гамп» і «Жонка наглядчыка заапарка».

Менш чым за год з невялікіх аматарскіх кінапаказаў «Беларускія ўікенды» ператварыліся ў поўнамаштабны рэспубліканскі праект: з сакавіка па снежань адбылося больш за 200 сеансаў у 27 гарадах Беларусі, якія сабралі каля 20 тыс. гледачоў. Аншлагі на сеансах, шматлікія водгукі ў сацыяльных сетках і публікацыі ў СМІ – усё гэта сведчыць пра запатрабаванасць фільмаў на беларускай мове.