Як паведамляе прэс-служба чэмпіёнаў Беларусі, спецыяліст палічыў, што настаў час змяніць абстаноўку пасля 20-гадовай кар’еры ў барысаўскай камандзе ў якасці гульца і трэнера. БАТЭ з разуменнем паставіўся да гэтага рашэння.

На працягу 11 сезонаў Ермаковіч выступаў у радах БАТЭ на пазіцыі апорнага паўабаронцы да завяршэння гульнявой кар’еры ў 2008 годзе. У якасці гульца ён станавіўся пяціразовым чэмпіёнам Беларусі (1999, 2002, 2006, 2007, 2008), уладальнікам Кубка краіны (2006), срэбным (1998, 2000, 2003, 2004) і бронзавым (2001) прызёрам чэмпіянату краіны, чатыры разы ўключаўся ў сімвалічную зборную чэмпіянату (1999, 2002, 2006, 2007).

Адразу пасля заканчэння кар’еры футбаліста Ермаковіч увайшоў у трэнерскі штаб Віктара Ганчарэнкі, быў яго асістэнтам аж да кастрычніка 2013 года. А пасля таго як Ганчарэнка прыняў прапанову расійскай «Кубані», Ермаковіч стаў галоўным трэнерам БАТЭ.

Крыху больш чым за чатыры гады самастойнай працы ён выйграў з БАТЭ 10 трафеяў (5 разоў станавіўся чэмпіёнам Беларусі, 1 раз — уладальнікам Кубка, 4 — уладальнікам Суперкубка Беларусі) — больш чым нехта іншы за 25-гадовую гісторыю суверэннага футбола. Акрамя гэтага Ермаковіч двойчы выводзіў БАТЭ ў групавыя турніры Лігі чэмпіёнаў (2014, 2015) і Лігі Еўропы (2017). У 2015 годзе ён быў прызнаны лепшым трэнерам Беларусі.

Усяго Ермаковіч правёў у БАТЭ 472 афіцыйныя матчы (279 у якасці гульца і 193 — галоўнага трэнера) — больш за ўсіх.