Акрабатка Таццяна Пятрэня, якую беларускія журналісты ў мінулым годзе ўзнялі на вышэйшы п’едэстал, у пэўным сэнсе ўнікальная спартсменка. Ісці да “золата” чэмпіянату свету 19 гадоў і ў рэшце рэшт заваяваць яго ў 36 год – гэта маленькі подзвіг. Як кажуць, здымаем капялюш…

– На ўсе сто справядлівая ацэнка заслуг Таццяны, – кажа галоўны трэнер зборнай Беларусі па скачках на батуце Вольга Уласава. – Яна проста фанат свайго віду спорту, бо скакаць у такім узросце і пры гэтым толькі павышаць вынікі – гэта прыкметы сілы духу і сілы характару.

Здымем капялюш перад Таццянай Пятрэня
Таццяна Пятрэня. Фота: Рэйтар

– Таццяна самая старэйшая ў камандзе?

– Ёй ужо 37-ы год ідзе, у зборнай яна доўгажыхарка. Астатнім дзяўчатам па 21–24 гады, а Ангеліне Хацян і наогул толькі сямнаццаць. Таму самі бачыце, якая розніца. Больш за тое! У нас дзяўчаты ніколі не “даходзілі” да такога ўзросту, як у Таццяны. Усе звычайна заканчваюць спартыўную кар’еру да 30 гадоў. А тут выпадак, безумоўна, унікальны.

Можа быць, сілы спартсменцы дадае жаданне яшчэ нечага дасягнуць, вера ў трэнера, бо некаторыя спецыялісты, калі бачаць, што вучаніца “ў гадах”, могуць махнуць на яе рукой і сказаць: “Што з цябе ўжо возьмеш?” Ад такога стаўленне да вучняў і адпаведнае стаўленне спартсменаў да працы. Яны таксама могуць махнуць рукой. А калі ты верыш у чалавека, то, як бачым, нічога немагчымага не бывае – і ў 36 гадоў можна стаць чэмпіёнкай свету. Трэба толькі верыць. Мы, жанчыны, дарэчы, больш мудрыя, і інтуіцыя ў нас працуе лепш, чым у мужчын.

– Да Гульняў-2020 Таццяна Пятрэня рыхтуецца?

– Безумоўна, хаця гэта будзе яе апошняя Алімпіяда. Пасля Гульняў, як кажуць, дзіцёнка трэба будзе адпускаць. Няхай займаецца сям’ёй і ўсімі астатнімі неспартыўнымі клопатамі. Бо калі жонка ўвесь час на зборах, то для сямейных адносін гэта не так ужо і добра. Ды і дзяцей у Таццяны пакуль няма, таму што на першым месцы заўсёды былі трэніроўкі. Адным словам, усяму свой час…