Ці супадаюць нашы погляды? Чаму мы не баімся таго, чаго баяцца еўрапейцы? Чые інвестыцыі для Беларусі лепшыя: расійскія, еўрапейскія ці кітайскія?

Прапануем чытачам “Народнай Волі” развагі пра сучасную еўрапейскую палітыку Кітая найстарэйшага нямецкага публіцыста, колішняга выдаўца і галоўнага рэдактара штотыднёвіка “Die Zeit“ Тэа Зомера.

“Адзін пояс, адзін шлях”

Кітайскі кіраўнік Сі Цзіньпін задумаў нешта вялікае. Ён хоча змясціць  сваю народную рэспубліку ў “цэнтр свету”, зрабіць найбуйнейшай эканамічнай дзяржавай, краінай з наймацнейшай арміяй, з самымі мадэрновымі інавацыямі, дзяржавай вялікага футболу – адным словам, лідарам усяго свету. “Кітайская нацыя ўзнімаецца з новым самаўсведамленнем на Усходзе зямнога шара”, – заявіў ён некалькі тыдняў таму на 19-м партыйным з’ездзе кітайскіх камуністаў.

Сярод кіраўнікоў дзяржаў нашага часу толькі кітайскі прэзідэнт мае свой знешнепалітычны «великий замысел» ды імкнецца няўмольна здзейсніць яго праз сваю глабальную стратэгію. Ягоны геапалітычны праект падаецца праз лагодны слоган “One Belt, One Road” – “Адзін пояс, адзін шлях”. Ён прывязваецца да старых гандлёвых шляхоў, якія некалі даўно злучалі Сярэдзінную Імперыю з Захадам, – “Шаўковы шлях” Марка Пола на поўначы і марскія экспедыцыйныя маршруты адмірала Жэн Хе на поўдні. Паводле пачатковай задумы, яны павінны былі звязаць толькі пульсацыю эканамічнага цэнтра Усходняй Азіі з эканамічным цэнтрам Заходняй Еўропы і прыбярэжнымі рэгіёнамі Усходняй Афрыкі. Сёння Сі Цзіньпін практычна абняў сваім вакаёмам увесь свет. Цяпер фармулёўка такая: “Усе краіны – і азіяцкія, і еўрапейскія, і афрыканскія, і амерыканскія – могуць стаць партнёрамі па супрацоўніцтве ў межах ініцыятывы “Адзін пояс, адзін шлях”.

Грошы ўзамен на палітычны ўплыў

Кітайцы паслалі 100 краінам і арганізацыям прапанову далучацца да пабудовы новых шаўковых шляхоў праз росквіт эканамічных калідораў. Стварэнне “злучальнага сеціва” – вось ключавыя словы новай стратэгіі. Мэта – пабудова інфраструктуры: чыгункі і аўтабаны, нафта- і газаправоды, электрастанцыі, дамбы павінны стаць асновай для нябачнага дагэтуль эканамічнага ўздыму. У гэты праект Кітай ужо інвеставаў больш за 50 мільярдаў долараў, а на выкананне ўсёй праграмы “шаўковых шляхоў” ужо назапашана сума, роўная трыльёну долараў. Для параўнання: на план Маршала ЗША выдаткавалі на 1948–1952 гады ўсяго 13 мільярдаў. Паводле сённяшняга курса гэта быў бы 121 мільярд.

Канешне, ініцыятыва “шаўковы шлях” – не проста эканамічны праект. Сваім долевым удзелам, разавымі падтрымкамі, крэдытамі і цэлымі фінансавымі планавымі пакетамі Кітай разлічвае выгандляваць таксама палітычныя дывідэнды. Напачатку гэта будзе замацаванае дамовамі права гаспадарчага дыялогу, які потым павінен ператварыць сучасны Кітай у паноўную дзяржаву, што будзе вызначаць палітычную архітэктуру свету. Кітай – жаданы партнёр у тых краінах, дзе не хапае грошай і дзе магчымыя крэдыторы ды інвестары адразу выстаўляюць пэўныя палітычныя ўмовы. Там, дзе заходнія праграмы эканамічнай дапамогі арыентуюцца на палітычныя і фінансавыя структурныя рэформы, Кітай інвестуе ў інфраструктуру. Са сваімі велізарнымі рэзервамі капіталу, сваім інжынерным ноу-хау, сваім вытворчым і будаўнічым патэнцыялам ён надае сучаснай глабалізацыі кітайскае аблічча.

Выклік Захаду

Тое, што такая палітыка Кітая з’яўляецца небывалым выклікам Захаду, гаварылася на шостай гадавой сустрэчы Саюза супрацоўніцтва “16 плюс 1”, заснаванага ў 2012 годзе. Да яго належаць 11 дзяржаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы (тры краіны Балтыі, Польшча, Чэшская Рэспубліка, Славакія, Славенія, Венгрыя, Харватыя, Балгарыя і Румынія), а таксама пяць заходнебалканскіх дзяржаў (Албанія, Боснія-Герцагавіна, Чарнагорыя і Сербія).

Амаль ва ўсіх значных частках свету кітайцы ўжо заклалі свае пункты апоры: пабудавалі масты, завалодалі электрастанцыямі і сталеліцейнымі заводамі. Ёсць грандыёзныя планы будаўніцтва чыгунак, сучасных хуткасных аўтабанаў і канала, які павінен злучыць Дунай, Одэр і Эльбу. Большасць праектаў, праўда, пакуль застаюцца на паперы. 15 мільярдаў долараў, якія ўжо заяўлены разам з дадатковымі трыма мільярдамі, пра якія гаварыў як пра рэальнасць кітайскі прэм’ер-міністр Лі Кецьянг на адкрыцці Будапешцкай канферэнцыі, пры больш уважлівым аналізе могуць быць ацэнены як адносна сціплыя. Тое ж можна сказаць і пра 56 мільярдаў долараў гандлёвага аб’ёму.

Для параўнання: гандлёвы аб’ём толькі чатырох краін Вышаградскай групы (Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі) з партнёрамі Еўрапейскага Саюза ў 2016 годзе склаў 256 мільярдаў, а з Кітаем – толькі 170 мільярдаў. Адна Польшча за бюджэтны перыяд 2014–2020 гг. атрымае з розных фондаў 86 мільярдаў еўра, краіны Балтыі – 18,5 мільярда, Чэхія – 24 мільярды, Славакія – 15,9 мільярда, Славенія – 3,9 мільярда, Венгрыя – 25 мільярдаў, Балгарыя – 9,9 мільярда, Румынія – 30,8 мільярда еўра. А кандыдаты ў члены ЕС – Албанія, Боснія-Герцагавіна, Чарнагорыя і Сербія – ужо пачалі атрымліваць “падрыхтоўчыя” мільярдныя сумы падтрымкі.

Тым не менш кітайцы не губляюць час і ловяіць свой шанец. Так, яны купілі порт Пірэй (самы буйны грэчаскі порт, кіламетраў за 20 ад цэнтра Афін. П.С.) і цяпер плануюць кіраваць гандлёвай плынню ў Еўропу праз Балканы. Гэтай мэце павінна служыць запланаваная чыгунка на Будапешт. Пры гэтым яны не шкадуюць сродкаў, каб абысці правілы ЕС. Не толькі Брусель панічна ўстрывожаны: кітайцы свядома рыхтуюць раскол Еўропы, зрабіўшы паслухмянымі Афіны, Будапешт і Варшаву, каб потым сесці за стол разам з ЕС як раўнапраўны член у межах эканамічнага і палітычнага дыялогу. Кітайскія інвестыцыі народзяць залежнасць партнёраў. За свае грошы Кітай будзе патрабаваць палітычных саступак.

Падчас шматлікіх галасаванняў у Бруселі Еўропа ўжо гэта адчула. Канцлер Германіі Ангела Меркель у інтэрв’ю з “Wirtschaftswoche” (“Эканамічны штотыднёвік”) скардзілася на тое, што Кітай не паважае канцэпцыю адзінай Еўропы, якую фармулюе Брусель. У адказ на падобную афіцыйную заўвагу цяперашняга міністра замежных спраў ФРГ сп. Зігмара Габрыэля прадстаўнік Пекінскага інстытута міжнародных зносін у грубай форме запярэчыў: такія ўяўленні пра адзіную Еўропу “ставяць усё з ног на галаву”. Паводле кітайскага разумення, гаварыць пра “адзіную Еўропу” можна толькі ў геаграфічным сэнсе, а не ў палітычным і не ў эканамічным.

Гэта занадта моцна сказана, каб усё гэта проста так праглынуць! Еўрапейцы, у тым ліку і тыя, якія жывуць паміж Балканамі і Балтыкай і якіх Брусель забяспечвае немалымі мільярдамі, не павінны бяздумна пагаджацца на кітайскія праекты. Яны павінны патрабаваць узаемнасці: мы прызнаём пекінскую канцэпцыю адзінага Кітая, таму будзьце ласкавы паважаць нашу канцэпцыю адзінай Еўропы.

Падрыхтаваў Пётр Садоўскі, першы пасол РБ у ФРГ (1992–1994 гг.).

Поделиться ссылкой:

Падтрымаць «Народную Волю»