Інцыдэнт адбыўся каля 10 гадзін раніцы на адной з аўтазаправачных станцый па вул. Ціміразева – ля рынку “Ждановічы”. Міліцыя паведаміла, што “мужчына, пагражаючы падобным на абрэз прадметам, запатрабаваў у аператараў АЗС грошы. Аднак тыя не разгубіліся і змаглі перадаць сігнал трывогі праваахоўнікам.

Фота аўтара

Ужо праз 2 хвіліны нарады Дэпартамента аховы МУС затрымалі рабаўніка, які, да слова, паспрабаваў збегчы. Пасля здарэння патрапіць на заправачную станцыю было праблематычна – на некалькі гадзін яе зачынілі, бо ў гэты час там працавалі следчыя і эксперты-крыміналісты. Але ў абед станцыя зноў пачала дзейнічаць.

Пад’язджаю на АЗС каля 14.00. На вуліцы – некалькі аўтааматараў, якія прыехалі заправіцца і ўжо, відаць, ведаюць са СМІ, што тут адбылося.

“Я разумею, што жыць зараз многім няпроста, добрую працу складана знайсці, але ж на такі крайні крок пайшоў не пенсіянер, якому на лекі не хапае, а здаровы 40-гадовы мужчына, – выказваецца адна жанчына. – Во мужыкі пайшлі: замест таго каб капейку для сям’і зарабляць, яны запраўкі рабуюць!”

У магазіне АЗС, які хацеў абрабаваць мінчанін, па-ранейшаму знаходзяцца два прадстаўнікі праваахоўных органаў. Аператары працуюць у звычайным рэжыме і неахвотна распавядаюць, што “ўся гэтая сітуацыя нагадвала нейкі баявік, які да гэтага бачылі па тэлевізары”.

“Думалі, што такое толькі ў амерыканскім кіно бывае, а тут і самі сталі галоўнымі героямі”, – дадаюць яны.

Галоўным аб’ектам увагі рабаўніка стала аператар Марына, якая просіць мяне не называць яе прозвішча і не фатаграфаваць.

“Каля 10.00 на касу прыйшоў разлічвацца мужчына гадоў сарака, – кажа яна. – Нешта выбраў, паставіў на стол прадукты… Я яго адразу пазнала, гэта быў наш пастаянны наведвальнік. Не памятаю, ці прыязджаў ён раней на машыне запраўляцца, але заўсёды нешта купляў. І раптам накіроўвае на мяне зброю, якая потым аказалася муляжом, і кажа: “Касу на стол!”

Жанчына распавядае, што на той момант у яе не было страху, хаця падчас размовы са мной яна выглядала стомленай. Рабаўніку аддалі каля 200 рублёў, прадукты і некалькі бутэлек алкаголю.

“Я не сказала б, што гэты чалавек нагадваў псіхічна хворага, – працягвае Марына. – Паводзіў сябе адэкватна, на бамжа не падобны. Звычайны мужчына. Калі атрымаў грошы і прадукты, пайшоў на вуліцу. А там яго ўжо чакалі”.

Праваахоўнікі адмовіліся называць прозвішча рабаўніка, і зараз следства высвятляе ўсе абставіны здарэння і таго, што падштурхнула мужчыну на такі неардынарны крок.

“Па гэтым факце Цэнтральным (г.Мінска) аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.1 арт.207 (рабаўніцтва) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, – паведамілі следчыя. – З падазроным зараз ідзе праца”.