“Мы разумеем, што наша задача на бліжэйшыя гады — гэта сям’я з двума і больш дзецьмі”, — сказала яна.

Паводле яе слоў, наяўны сёння ў Беларусі сумарны каэфіцыент нараджальнасці недастатковы. У 2016 годзе гэты паказчык складаў 1,73 (колькасць дзяцей, якія прыпадаюць на адну жанчыну фертыльнага ўзросту). “Аднак для нулявога ўзнаўлення насельніцтва, на думку экспертаў, каэфіцыент павінен быць не ніжэйшым за 2,15”, — сказала міністр.

Яна адзначыла, што сярэдні ўзрост узяцця першага шлюбу ў беларусаў павялічваецца. Сёння ў мужчын гэта 28 гадоў, у жанчын — 25 гадоў. Для параўнання: у 2010 годзе ў сярэднім жанчыны ўпершыню выходзілі замуж у 24,4 года, мужчыны жаніліся ў 26,5 года.

Адпаведна, сказала Касцевіч, адсоўваецца і ўзрост нараджэння першага дзіцяці. У 2010 годзе першае дзіця жанчыны нараджалі ў 24 гады, цяпер — у 26 гадоў. Міністр нарадзіла першае дзіця ў 21 год. “Цяпер яму 28 гадоў. І пра дзяцей ён плануе падумаць пазней”, — адзначыла яна.

Чыноўніца звярнула ўвагу, што маладое пакаленне сёння “робіць стаўку на прафесійны рост, на матэрыяльны дабрабыт, і гэта трэба браць пад увагу пры выбудоўванні дзяржаўнай палітыкі”.

Міністр адзначыла, што за тры гады рэалізацыі праграмы доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем’яў (сямейнага капіталу) ужо адкрыта 46 тыс. рахункаў на 460 млн долараў. “Мы бачым, што гэтая праграма працуе, — сказала Касцевіч. — Рост шматдзетных сем’яў з 2014 года склаў больш за 20%”.

Яна нагадала, што ў Беларусі выплачваюць 11 відаў дапамог сем’ям з дзецьмі, на якія ідзе каля 2% ад ВУП. Сацыяльнай паслугай няні ў 2017 годзе скарысталіся больш за дзве тысячы сем’яў, паслугай сацыяльнай перадышкі на 28 дзён — каля 40 сем’яў.

Адказваючы на пытанне аб мэтазгоднасці захавання трохгадовага адпачынку для догляду дзяцей, калі ўлічваць, што жанчына губляе прафесійныя навыкі, Касцевіч адзначыла: “Мы жывем у XXI стагоддзі, дзе павышэнне свайго патэнцыялу і прафесійнага росту залежыць толькі ад жанчыны. І інтэрнэт, і віртуальная адукацыя сёння гэта дазваляюць зрабіць па вельмі многіх прафесіях. Акрамя таго, на працу можна выходзіць і раней на паўстаўкі. Гэта дае магчымасць круціцца ў прафесійным асяроддзі і пры гэтым захаваць дапамогу”.

Міністр, паводле яе слоў, з адпачынку для догляду другога дзіця выйшла праз год і чатыры месяцы. “Было вельмі цяжка, але я зрабіла гэты крок”, — дадала яна.

Поделиться: