У самы апошні час прыйшлі бандэролі ад неаднаразовых фіналістаў нацыянальных адбораў Napoli, Гюнеш, удзельніцы дзіцячага «Еўрабачання» Вольгі Сацюк, і нават Uzari, які прадстаўляў Беларусь на конкурсе ў 2015-м годзе.

Самае цікавае, што на пачатку прыёму заявак Uzari «муціў ваду» наконт сваёй сёлетняй спробы «узяць» «Еўрабачанне», маўляў, калі яго запросяць, то будзе ўдзельнічаць:

«Калі мне прапануюць, то я падамся! Самому падавацца няма сэнсу. Таму што ўжо шмат разоў быў на «Еўрабачанні» — тры разы ў розных амплуа, ведаю, што, як і навошта. Але, калі прапануюць, то, натуральна, гэта было б цікава. Ну, і калі я буду падавацца, то песня будзе беларускамоўная. І гэта будзе ў межах майго графіку, а не так, як ў 2015 годзе, калі я ўсё кінуў дзеля конкурсу».

Так што, можна спадзявацца, што беларускамоўныя песні на сёлетнім адборы таксама будуць, улічваючы хаця б заяўкі ад «Шумы» і Pauline. Але большасць ужо апублікаваных трэкаў гучаць па-англійску.

Апроч вышэй пазначаных артыстаў, удзельнічаць у нацыянальным адборы збіраюцца Жанэт, Аляксей Грос, Анжаліка Пушнова, Іюль, пратэжэ Пятра Ялфімава расіянка Соф’я Лапіна, украінская поп-зорка Alexeev.

Праслухоўванне прэтэндэнтаў на «Еўрабачанне-2018» пройдзе 11 студзеня ў Белтэлерадыёкампаніі.